Звычайная ручка. Цяпер і ў даўніну
1959 год, Барысаўскі раён, вёска Забашавічы, бальніца. У мікраскоп глядзіць лабарант Валянціна Гутоўская. Побач з ёй – медсястра, мая бабуля, Людміла Дзямідчык.
Чым пісалі нашы прабабулі, а чым пішам мы? Ад з’яўлення пяра да паходу ў сённяшнюю краму канцылярскіх тавараў.Адно з галоўных пытанняў, якое паўстае, калі мы вырашаем набыць ручку, – гэта якую выбраць: пёравую, гелевую ці шарыкавую?
Пёравая
Менавіта гэтымі ручкамі карысталіся на працягу некалькіх стагоддзяў. Галоўная прычына ў тым, што, нягледзячы на сваю архаічнасць, яны застаюцца самымі прэстыжнымі.
Якімі б зручнымі, практычнымі і дасканалымі ні былі новыя мадэлі, пёравыя ручкі застануцца даволі папулярнымі яшчэ доўга. Чаму?
– Пёравая ручка надае чалавеку стыльнасць, прыгажосць, – лічыць навучэнка маладзечанскага музкаледжа Наталля Завадская. – З ёй чалавек выглядае куды лепш, чым з якой-небудзь наварочанай, дзе на канцы боўтаецца цацка. Ды і почырк куды прыгажэйшы.
Пяро прыйшло ў наш “клавіятурны век” з далёкага мінулага, але з тых часоў цалкам змяніла свой выгляд.
Першае сталёвае пяро ў 1748 годзе вынайшаў Ёханэс Янсэн (Johannes Janssen). У 1842 годзе нямецкая фірма Heintze&Blanckertz пачала прамысловую вытворчасць пёраў для пісання.
Вось што прыгадала мая бабуля Люся:
– Калі я хадзіла ў школу, а гэта былі пасляваенныя гады, мы пісалі толькі пёравымі ручкамі, бо іншых не існавала.
У кожным класе ў спецыяльнай самаробнай драўлянай скрыначцы стаялі чарнільніцы, у якія мачалі пёры. Кожную раніцу дзяжурны раздаваў усім вучням па адной на парту.
У парце была зробленая спецыяльная круглая выемка, у якую ставілі чарнільніцу. Яшчэ дзве прадаўгаватыя – для ручак. Каб не вымазаць парту чарніламі, кожны вучань павінны быў мець чыстапёрку.
– А з чаго рабілі гэтую чыстапёрку?
– Чыстапёрку вучань майстраваў сам, з двух альбо болей кружкоў тканіны, якія пасярэдзіне змацоўваў невялікім гузікам. Тканіну стараліся падбіраць з сукна.
Перад тым, як пакласці ручку на парту, вучню трэба было выцерці пяро аб чыстапёрку. На парце пад ручку таксама падкладалі тканіну.
– Колькі відаў пёраў існавала ў той час?
– У продажы пёры былі двух відаў: “Зорачкі” і “Сухоцкія”. Першыя прызначаліся для вучняў, а другія – для работнікаў устаноў. Школьнікам карыстацца “Сухоцкімі” забаранялася. Лічылася, што імі яны псуюць свой почырк.
Сама ручка складалася з двух частак: драўлянай асновы і металічнага наканечніка, у якім замацоўвалася пяро. Звычайна ручкі былі цемна-зялёнага колеру. У дзяржаўных установах (на фотаздымку) існавалі спецыяльныя чарнільныя прыборы.
– Якія лепш: былыя пёравыя ці сучасныя шарыкавыя?
– Зразумела, шарыкавыя ручкі зручнейшыя. Аднак почырк прыгажэйшы, калі пішаш пёравай.
Цяпер пёравыя ручкі пазбаўленыя практычна ўсіх недахопаў сваіх папярэдніц. Яны ніколі не паставяць кляксы, не працякуць ў кішэні пінжака, не падвядуць у адказны момант і не падрапаюць паперу. Іх не трэба мачаць у чарнільніцу. І галоўнае – яны так мякка слізгаюць па паперы, што рука не стамляецца ад доўгай пісаніны.
Гелевая
Апытаўшы больш за паўсотню навучэнцаў музкаледжа, стала зразумела, што гелевая – не лепшы варыянт.
– У паўсядзённым карыстанні я не лічу за лепшую гелевую ручку, таму што яна размазваецца на паперы і ўвесь час вымазваеш рукі, – кажа навучэнка чацвертага курса музкаледжа Ірына Макарэвіч. – Карацей, заўсёды пісаць ёй нязручна. Часам падпісваю паштоўкі, падкрэсліваю важнае ў канспектах і выдзяляю ключавыя словы. Так прыгажэй. Перавагу ж аддаю звычайнай шарыкавай ручцы.
Шарыкавая
Вынаходніцтва шарыкавай ручкі нашмат палегчыла жыццё тым, хто па роду сваёй дзейнасці вымушаны шмат пісаць. Такія ручкі не патрабуюць запраўкі чарніламі і спецыяльнага догляду, стрыжні лёгка мяняюцца і, што самае галоўнае, шарыкавыя ручкі – самыя танныя.
У іх не вадкае чарніла, як у пёравых, а густая чарнільная паста на алейнай аснове. Яна самая эканомная і практычная.
У шарыкавай ручцы для пісання выкарыстоўваецца шарык, які круціцца ў сваім гняздзе. Ён збірае чарніла, якое сцякае праз спецыяльныя каналы розных формаў і памераў.
Крамы нам прапануюць самыя розныя ручкі: аўтамат і не аўтамат, з цацкамі і без, празрыстыя і не празрыстыя, з металам альбо толькі з пластыку.
Кошт на іх таксама вагаецца. Можна набыць за дзве тысячы, а можна – за мільён і дзве. Ёсць сусветна вядомыя фірмы, якія выпускаюць ручкі. Там на іх кошт пачынаецца дзесьці ад 150 тысяч. Можна на ручках зрабіць гравіроўку альбо аздобіць каштоўнымі металамі. Усё залежыць ад таўшчыні кашалька.
У выбары прасочваюцца тэндэнцыі
Стрыжні любой ручкі карыстальнікі мяняць не вельмі любяць.
– Накупіш стрыжняў, а ручка зломіцца ці наогул згубіцца. Так і ляжаць непатрэбнымі, – найчасцей чуў я ў адказ.
Важную ролю пакупнікоў адыгрывае колер і дыяметр лініі пісання ручкай. Чорнаму колеру аддаюць перавагу хлопцы і мужчыны, а вось дзяўчаты і жанчыны прытрымліваюцца звычайнага сіняга.
А вось тонкім стрыжнем любяць пісаць амаль усе.
Даведка “РГ”. Прынцып дзеяння шарыкавай ручкі запатэнтаваў у 1888 годзе ў ЗША Джон Лауда. Сучасную шарыкавую ручку вынайшаў венгерскі журналіст Ласло Біро ў 1938 годзе. У СССР шарыкавыя ручкі атрымалі распаўсюджанне ў канцы 1960-х гадоў, пасля таго як восенню 1965 года пачалася іх масавая вытворчасць на швейцарскім абсталяванні.
Аляксандр ДЗЯМІДЧЫК, школка журналістыкі пры рэдакцыі “РГ”.
Фота забяспечана Аляксандрам ДЗЯМІДЧЫКАМ, fotokanal.com, images.spasibovsem.ru, verbena-tour.ru.