Нявыдуманая гісторыя, што здарылася пад Новы год
Рознае бывае ў жыцці, і гора, і шчасце заўсёды ідуць побач.
Даўно гэты было, але якраз перад Новым годам. Сяргей, яго жонка Каця і іх дачушка паехалі ў вёску да маці.Насцячка вельмі любіла бабулю, ды і тая, як кажуць, душы не чула ад сваёй адзінай унучачкі. Канікулы пачыналіся, а дзе дзець дзіця, калі бацькам на працу трэба.
Сядзяць яны ўсе ў бабулі, вядуць няхітрую гаворку, як раптам сусед-сябрук з бутэлькай заходзіць. Ім трэба ўжо і ехаць, зімой жа рана цямнее, а той прапаноўвае выпіць – то за сяброўства тост падымае, то за Новы год. Ніяк ад яго адкараскацца не могуць.
Нарэшце развіталіся. Хуценька пакідалі манаткі ў машыну і паехалі. За рулём, вядома, была Каця. Яна чамусьці так не хацела садзіцца за руль, але хто ж будзе кіраваць, калі так выйшла.
Вынік сумны быў ад той паездкі. Сяргей ачнуўся ў рэанімацыі, а Каця загінула. Ён праклінаў сябе, сябра, не мог уявіць, як далей жыць будзе.
Сяргей панура хадзіў па вуліцы, з тупым позіркам разглядаў людзей, якія, бы тыя мурашкі, бегалі, мітусіліся, смяяліся, віншавалі адзін аднаго. І чаму яны так радуюцца, калі ў мяне на душы так горка, так прыкра. Увогуле пасля ненавідзеў кожны Новы год, бо нагадваў яму пра самае страшнае ў яго жыцці. Хацеў, каб ніколі не надыходзіў.
Праз колькі год, таксама перад Новым годам, вывеў яго з гэтага тупіка ягоны сябар, з якім разам і працавалі ў міліцыі. Прыбег ён аднойчы да яго і кажа: “Дружа, табе ўсё роўна, а ў мяне наклёўваецца вялікі сабантуй. Выручай!”
Сяргей з неахвотай, але пагадзіўся. Сеў ён у свой старэнькі міліцэйскі козлік і паехаў. Спачатку – па галоўных дарогах, а затым і на малыя ўчасткі-дарогі завярнуў.
Едзе Сяргей, машына шуміць, ажно на сон хіліць. Але што гэта? Раптам фары высвецілі пасярод дарогі нейкую постаць. Сон як рукой зняло. Суцішыў ход, спыніўся, выйшаў з машыны.
Аказалася, маладзіца вяла, правільней будзе сказаць, валакла малога хлопчыка, а той упіраўся, не хацеў ісці.
– Што здарылася, куды вы ідзяце ў такую цемень?
Жанчына сумелася, адпусціла малога і адказала:
– Ды вось прывезла дзяцей на канікулы да бабулі. Дачка з радасцю засталася, а яго ніяк не ўгаварылі, не далі рады. Як жа ён на Новы год застанецца без свайго сябрука Дзімкі. Пакуль валакіціліся з ім, на апошні рэйс спазніліся, а цяпер да бабулі ісці не хоча. А мне ж заўтра на працу.
– Ну, тады садзіцеся да мяне, я давязу вас да горада.
Ехалі моўчкі. Малы супакоіўся на руках у маці і заснуў. Жанчына заплюшчыла вочы, відаць, драмала. Так амаль і даехалі да горада. І раптам Сяргей спытаўся:
– А чаму ж вам гаспадар не дапамог, усё ж лягчэй было б?
– Ды няма яго ў нас, адны жывём. Як такі гаспадар, то лепш ніякі, адна падыму дзяцей.
Сяргей яшчэ папытаўся, дзе яна працуе, дзе жывуць. А калі тая назвала адрас, то адразу захваляваўся:
– Ой, дык вы ж недалёка ад нас жывяце. А ў які клас ходзіць ваша дачушка? У трэці! Дык і мая ж у трэці. Можа, яны і знаёмыя між сабой.
Сяргей з цікавасцю зірнуў на сваю спадарожніцу яшчэ раз і адзначыў пра сябе, што яна прыгожая. Доўгія русыя валасы рассыпаліся па каўняры футра, вейкі пушыстыя, а на шчацэ – маленькая цёмная радзімка.
Сяргею стала неяк лёгка, лёгка. На хвіліну ён забыўся пра сваю даўнюю бяду.
– Ну вось і прыехалі. Не будзіце малога, хай спіць. Я яго занясу ў кватэру.
Хлопчыку было ўсё роўна, хто яго нясе і куды. Але калі расплюшчыў вочы, то моцна закрычаў.
Жанчына тут жа пачала супакойваць яго і расказваць смешную гісторыю.
– Гэта ж я сама вінаватая, што ён баіцца міліцыянераў. Бо аднаго разу да нас завітаў сваяк, быў ён на вялікім падпітку і яшчэ прасіў гарэлкі. Я не дала, сказала, што няма. А малы пайшоў на кухню, дастаў з шафкі бутэльку, прынёс і кажа: “Мама, гарэлка ж ёсць”. Я так раззлавалася, не ведала, што і рабіць. А потым кажу яму: “Калі ты скажаш каму, што ў нас ёсць гарэлка, я аддам цябе міліцыянеру”. З таго часу, як убачыць чалавека ў форме міліцыянера, нясецца дамоў без аглядкі.
Сяргей стаў з дазволу гаспадыні часта заходзіць у госці і адзін, і з дачушкай. Дзяўчынкі пасябравалі між сабой, узялі шэфства над малым. А праз нейкі час ён папрасіў рукі ў сваёй спадарожніцы.
Галіна БУРКЕВІЧ, вёска Ілья.
Фота status4ka.am.