Каляндар: 100 год Вісарыёна Габрука
23 лістапада. 120 гадоў з дня нараджэння Радзівона Шукевіча-Траццякова (1893 – 1940), беларускага журналіста. Нарадзіўся ў вёсцы Навіны Валожынскага раёна, рэдагаваў газету “Красноармейская правда”. З 1924 года быў рэдактарам газеты “Беларуская вёска”, потым навуковым супрацоўнікам АН Беларусі.
***
24 лістапада. 100 гадоў з дня нараджэння Вісарыёна Гарбука (1913 – 1986), беларускага пісьменніка, заслужанага работніка культуры Беларусі. Друкаваўся з 1957 года. Першая кніга апавяданняў – “Не шукаю спакою”. Пісаў пераважна для дзяцей. Перакладаў на беларускую мову і апрацоўваў казкі народаў Паўночнага Каўказа, якія выдаў у зборніку “Напітак волатаў”.
***
26 лістапада. 95 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Шахаўца (1918 – 1991), беларускага пісьменніка, заслужанага работніка культуры Беларусі.
***
27 лістапада. 110 гадоў з дня нараджэння Піліпа Пестрака (1903 – 1978), беларускага пісьменніка, заслужанага дзеяча культуры Беларусі. Вядомы сваім аўтабіяграфічным раманам “Сустрэнемся на барыкадах” (1949 – 1952), дзе некаторыя героі, якія складаюць перадавыя сілы заходнебеларускага грамадства, рэвалюцыянеры, пачытваюць працы Маркса, нават Канта, а галоўны герой рамана Андрэй Касцевіч, правобразам якога стаў сам аўтар, вывучае твор Леніна “Што рабіць?”. Аднак з тэксту рамана не відаць, каб знаёмства з марксізмам і іншымі філасофскімі сістэмамі адчувальна паглыбіла іх светаадчуванне. У 1963 годзе выходзіць раман “Серадзібор”, які стаўся знакавым у творчасці і жыцці пісьменніка. За гэты твор Піліп Пестрак быў узнагароджаны дзяржаўнай прэміяй імя Якуба Коласа.
***
28 лістапада. 95 гадоў з дня заснавання Беларускай ваеннай акругі – ваенна-адміністрацыйнага аб’яднання вайсковых часцей, ваенна-навучальных і іншых ваенных устаноў. Сваю гісторыю вядзе з утварэння Мінскай ваеннай акругі (1918). Ад 1926 года – Беларуская ваенная акруга. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны была пераўтвораная ў Заходні фронт. Узнагароджаная ордэнам Чырвонага сцяга (1968). Ад 6 мая 1992 года ліквідаваная ў сувязі са стварэннем Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь.
Падрыхтавала Марыя БЕРАСНЕВА.
Фота allday2.com.