Прагноз “РГ” спраўдзіўся. Сямён Шапіра - старшыня Мінаблвыканкама
Аляксандр Лукашэнка прызначыў Сямёна Шапіру старшынёй Мінскага аблвыканкама.
Пра гэта паведаміла БелТА.
Прагноз “РГ”, дзе сярод іншых пяці магчымых прэтэндэнтаў згадваўся і Сямён Шапіра, спраўдзіўся.
Магчымы выбар Шапіры мы аргументавалі наступным чынам: "Сямён Шапіра – добрая кандыдатура на старшыню Мінаблвыканкама. Са справамі сталічнай вобласці знаёмы. Ды і ход “кіраўнік несталічнай вобласці – старшыня Мінскага аблвыканкама”, праўда, праз пасаду спікера Савета Рэспублікі, у свой час зрабіла шахматная фігура Барыса Батуры. Нагадаем, Барыс Батура кіраваў Магілёўскай вобласцю ад 2000 года да 2008".
Сямён Шапіра нарадзіўся ў 1961 годзе ў вёсцы Рэчань Любанскага раёна Мінскай вобласці. Доктар эканамічных навук , прафесар . Працаваў галоўным эканамістам саўгаса " Камсамолец" (Дзяржынскі раён) старшынёй СКП "Маяк" (Дзяржынскі раён) . У 1998-1999 гадах – дырэктар Беларускага навукова-даследчага інстытута эканомікі і інфармацыі аграпрамысловага комплексу. У 1999-2004 гадах працаваў у сістэме Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі. З 2004 года – генеральны дырэктар ААТ "Агракамбінат " Дзяржынскі " . Ад красавіка 2008 года – Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі. Ад мая 2010 года – старшыня Гродзенскага аблвыканкама.
Старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Лукашэнка прызначыў Уладзіміра Краўцова, які да гэтага працаваў старшынёй Пастаяннай камісіі Нацыянальнага сходу Беларусі па эканамічнай палітыцы.
Аддзел інфармацыі.