Загадка замка Кміты
На старажытным гарадзiшчы знойдзены скарб гiсторыi
Знаходку, да якой гродзенскага археолага Наталлю Пачобут прывяло не інакш як прафесiйнае чуццё, смела можна назваць сенсацыйнай. У дзесяці кiламетрах ад знакамiтага Мiрскага замка побач з вёскай Беразавец знойдзены яшчэ адзiн гістарычны скарб, на якiм дагэтуль не засярождвалi пiльнай ўвагі нi гiсторыкi,
нi археолагi. Затое мясцовыя жыхары спакон вякоў называлi гэтае гарадзiшча “Замак князя Кміты”.
Што пад заслонай таямнiцы?
Мiнулым летам Наталлю Пачобут, вядучага навуковага супрацоўнiка Гродзенскага гiсторыка-археалагiчнага музея, службовыя справы прывялi ў Карэлiцкi раён. Там археолаг i звярнула ўвагу на гарадзiшча Беразавец, што ў Турэцкiм сельсавеце, якое высiлася на дзясятак метраў над балоцістым поплавам ракi Сэрвач i захавала рэшткi фартыфiкацыйных збудаванняў. На ахоўнай дошцы помнiка, якi быў унесены ў Дзяржаўны спiс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусi шэсць год таму, значылася: “Пачатак I тысячагоддзя нашай эры; X—XIII; XVI—XVIII стагоддзі”. Прыцягнула ўвагу дапытлiвага спецыялiста i яшчэ адна абставiна: археалaгiчныя раскопкi на гэтым месцы раней не праводзiлiся. Дадалi iнтрыгi мясцовыя жыхары, якiя расказaлi, што гарадзічшa пасля Вялiкай Айчыннай вайны аблюбавалi скарбашукальнiкi: знаходзiлi тут пячную кафлю, посуд, сярэбраныя лыжкі, польскія і рускія манеты. Заслону ж таямнiцы прыўзняла 90-гадовая мясцовая жыхарка Марыя Сянюта, якая паведамiла, што, згодна з паданнем, у гэтым месцы знаходзiўся замак князя Кмiты.
Хто ж такi Кмiта, iмя якога праз пакаленнi данеслi да нашага часу тутэйшыя людзi? Археолаг не магла супакоiцца, пакуль не выйшла на разгадку.
— На падставе аналізу пісьмовых крыніц склалася гіпотэза, што ў канцы XV—XVI cтагоддзяў уладальнікам двара і замка Беразавец быў Іван Кміціч Стратовіч — падскарбій земскі пры каралі Казіміры IV Ягелоне. Яго iмя ўпамiнаецца на ўкладных запiсах на старонках Лаўрышаўскага Евангелля, — расказвае Наталля Пачобут. — У адпаведнасці з дакументам 1541 года маёнтак Івана Кміціча Стратовіча межаваў з Шчарсоўскімі ўладаннямі Юрыя Фёдаравіча Храптовіча. Яшчэ адным уласнікам зямлі ў Беразаўцы ў канцы XV стагоддзя з’яўляўся Грынко Мікуліч Кміта. Замак згадваецца i ў крыніцах XVII стагоддзя. У фальварак Беразавец у 1639 годзе акрамя сёл Вялікая Слабада, Тарасевічы ўваходзілі двор і замак Беразавец. Вядома, што маёнтак Беразавец у XVII стагоддзі перайшоў ва ўласнаць Радзівілаў. Ён быў набыты сынам Мікалая Радзівіла Сіроткі падчашым літоўскім, ваяводам наваградскім Сігізмундам Каралем Радзівілам, чацвёртым Нясвіжскім ардынатам, — удакладняе спецыялiст.
“Селi акурат на печ”
Пiсьмовыя крынiцы неабходна было праверыць, i ў лiпенi на загадкавае гарадзiшча пад кiраўнiцтвам Наталлi Пачобут у складзе валанцёраў з Гродна i Мiнска, а таксама памочнiкаў з мясцовых вёсак адправiлася экспедыцыя, якая распачала тут раскопкi. Навуковую кансультацыю па археалaгiчных даследаваннях аказвалi археолaгi Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi. Знаходкi на гэтым загадкавым месцы пацвердзiлi гiпотэзу аб iснаваннi побач з Мiрскiм замкам яшчэ аднаго.
— Найперш нас здзiвiў вялiкi культурны пласт на тэрыторыi гарадзiшча — звыш двух з паловай метраў! Гэта сведчыць аб тым, што жыццё тут віравала, i замку магла быць адведзена важная роля ў рэгiёне. Раскопкi, дарэчы, паказалi сляды трох пажараў, пасля якіх ён зноў адбудоўваўся, — расказвае археолаг.
Экспедыцыя не засталася з пустымi рукамi. Загадкавае гарадзiшча ўзнагародзiла мноствам рэчаў даўнiны: знойдзены манеты XVI стагоддзя, зброя, фрагменты посуду, маёлiкавай плiткі падлогi, аконнага шкла, бронзавага звана i г. д. У ходзе археалагічных раскопак была сабрана вялікая калекцыя адметнай пячной кафлі. Даследчыкам пашчасцiла натрапiць на месца жылога памяшкання, як яны кажуць, “селi акурат на печ”.
— Найбольшае ўражанне выклiкала багата i з густам арнаментаваная кафля XVI—XVII стагоддзяў, якая аздабляла парадныя памяшканні. Нам трапілася таксама гаршковая кафля, якая падобна да матэрыялаў з раскопак віленскіх замкаў, каробкавая паліхромная і зялёнапаліўная кафля з раслінным і геаметрычным арнаментамі XVI стагоддзя, якая не мае аналагаў нават у знакамiтых замках Гродна, Міра и Нясвіжа, — расказвае археолаг.
А ўявiце сабе ўражаннi даследчыкаў, калi яны дасталi з гiстарычных пластоў зямлi кафлю з бiблейскiмi сюжэтамi! З глыбiнi стагоддзяў паўстала выява архангела Міхаіла — нябеснага заступніка Навагрудка, які адлюстраваны на гербе горада. Трапiлася яшчэ адна вельмі цікавая кафля-каронка з выявай святога, імя якога пакуль невядома. Гэта навяло археолагаў на думку аб існаванні ў гэтым месцы культавай пабудовы.
Прыцягненне даўнiны
Цi будзе прэтэндаваць замак Кмiты, якi так доўга быў схаваны пад напластаваннямi часу, на званне новага турыстычнага аб’екта? Археолаг Наталля Пачобут, з лёгкай рукi якой ён прыўзняў заслону таямнiцы, i ўсе, хто меў да гэтага дачыненне, вельмi спадзяюцца на гэта.
— Ёсць усе падставы. Замак Кміты мае спрыяльнае спалучэнне гісторыка-культурных і ландшафтных якасцяў, каб стаць цікавым турыстычным аб’ектам на карце не толькi рэгiёна, але i краiны. Найперш ён удала размешчаны — у дзясятку кiламетраў ад знакамітага Мірскага замка i ў трох кiламетрах ад трасы Навагрудак — Мір. Больш таго, замак Кміты для Гродзеншчыны з’яўляецца ўнікальным па рэпрэзентацыйнасці помнікам позняга замкавага будаўніцтва. Ён прадстаўляе матэрыялы, якія дазваляюць характарызаваць жыццёвы ўклад і сацыяльную арганізацыю ў акрузе Навагрудка — аднаго з вядучых цэнтраў сацыяльна-палітычнага развіцця рэгіёна Беларусі перыяду Сярэднявечча і Новага часу. На працягу гэтага года мы будзем весцi лабараторную і навуковую апрацоўку шматлікіх матэрыялаў раскопак. У хуткім часе яны папоўняць фонды Гродзенскага гісторыка-археалагічнага і Карэліцкага краязнаўчага музеяў, — паабяцала Наталля Пачобут.
Дарэчы, даследаваннi замка толькi пачынаюцца. I аднаму Гродзенскаму гісторыка-археалагічнаму музею, абапіраючыся толькі на ўласныя сродкі, з iмi, вядома, не справiцца. Спецыялiсты мяркуюць, што планамернаму правядзенню работ магло б паспрыяць сканаванне тэрыторыі замка метадамі магніта- і электраразведкі з дапамогай спецыяльнага абсталявання. Гэтыя даследаванні дадуць магчымасць яшчэ да пачатку новых раскопак выявіць жытлы і іншыя збудаванні, вызначыць іх колькасць, памеры, архітэктоніку плошчы — з якога матэрыялу пабудаваны схаваныя пад тоўстым слоем грунту аб’екты. Гэтыя метады археалагічных даследаванняў ужо былі выкарыстаны ў Беларусі пры раскопках Шклоўскага замка. Неабходныя таксама архіўныя пошукі звестак пра фальварак, замак і яго ўладальнікаў, стварэнне комплекснай экспедыцыі, магчыма, з прыцягненнем зацікаўленых спецыялістаў з археалагічных цэнтраў Поль-шчы і Літвы.
А тыя людзi, што ўжо дакранулiся да старажытнага замка Кмiты, сцвяржаюць, што месца гэта нiбы прыцягвае. Напэўна, яшчэ не ўсе таямнiцы раскрыла.