У Маладзечанскім раддоме мужчыны млеюць, але трымаюцца на нагах
Насупраць маладзечанскай радзільні шмат надпісаў з падзякай.
Радзільны дом – гэта першае месца ў жыцці амаль кожнага чалавека. Напярэдадні Дня Маці, мы завіталі сюды, каб пагаварыць з людзьмі, якія кожны дзень дапамагаюць здзейсніцца дзіву, якое называецца нараджэнне чалавека.Нашы пытанні загадчыцы радзільнага дома Таццяне Гісіч.
− Што значыць быць мамай?
− Стан мамы можна апісаць як пяшчота, хваляванне, клопат, слёзы радасці, пачуццё любові. Быць маці − гэта асаблівы дар. Жанчына да родаў і пасля − два розныя чалавекі. Мацярынства робіць дабрэй.
− Колькі адразу мам можа прыняць маладзечанскі раддом?
− У пасляродавым аддзяленні могуць знаходзіцца 40 мам. Калі колькасць іх большая, то мы, канешне, рыхтуемся да гэтага, прапануем месцы ў раддоме ў Вілейцы.
Ганна Раманоўская стала мамай упершыню.
− А ў якія месяцы нараджаецца большая колькасць дзяцей?
− Самыя багатыя месяцы на дзетак былі ў нас у студзені, красавіку, чэрвені. У гэтыя месяцы нараджалася прыкладна на 40 дзетак больш, чым у такія ж месяцы летась. Ужо сёння ў нас нарадзілася на 140 дзяцей больш, чым у мінулым годзе. Прычым з іх − 11 пар двайнятак.
− Што вы параіце жанчынам, якія вырашылі стаць маці?
− У нашай жаночай кансультацыі кваліфікаваныя спецыялісты адкажуць на ўсе пытанні, параяць, якія аналізы трэба здаць.
Для цяжарных жанчын у нас працуе школа будучых бацькоў. З першых месяцаў цяжарнасці нашы спецыялісты будуць побач, раскажуць, як падрыхтавацца да родаў, як паводзіць сябе на родах, што павінен ведаць будучы бацька.
− Ці многа пар, якія жадаюць нараджаць сумесна?
− Ведаеце, не. За гэты год у нас было толькі 10 пар, якія нараджалі дзіця ў сямейнай радзале. Але мы раім маладым мамам нараджаць дзяцей не з мужамі, а з мамамі, бабулямі, сёстрамі, адным словам з людзьмі, якія ведаюць, што такое працэс родаў.
Зоя Канановіч нарадзіла шостае дзіця.
− Здараліся выпадкі, каб муж губляў прытомнасць?
− Не, каб так, што даводзілася б прыводзіць маладога бацьку ў пачуццё, то не. Гэта добра, калі родны чалавек прысутнічае на родах, гладзіць па галоўцы ці па жывоціку. У асноўным, шчасце татаў мы бачым тады, калі жанчына выпісваецца з раддома.
Тут і шарыкі выпускаюць у паветра, і надпісы пад вокнамі на асфальце пішуць, і лімузіны заказваюць, усё часцей на ўласных машынах пішуць: “Дзякуй за сына ці за дачку”, тут і фатографы, і відэакамеры. Такі цуд − дзіця нарадзілася!
Гэтымі днямі Ганна Раманоўская стала мамай упершыню, а для Зоі КанановічЭмануіл ужо шостае дзіця. І на маё пытанне аб тым, што для іх значыць быць мамамі, Ганна адказала, што быць маці − гэта самае вялікае шчасце, радасць, цуд. Зоя ж сказала, што, нарадзіўшы шэсць дзяцей, яна так і не ведае адказу на гэта пытанне.
Але ў адным жанчыны сышліся: сям’я, дзе адно дзіця, не зусім сям’я. І толькі тупат некалькіх пар маленькіх ножак робяць дом утульным, бацькоў – багатымі, а жыццё – шчаслівым.
Наталля ТУР.
Фота Наталлі ТУР.