Дзяўчына выдала кнігу ў 16 гадоў − як атрымалася? (+фота, відэа)
Шмат літоўскіх выдавецтваў сабралася на кніжным фестывалі ў Вільні.
Цяпер Дэкле Кафтарадзі 23 гады. Яна працуе ў Вільні ў Літоўскай акадэміі музыкі і тэатра, піша сцэнары і займаецца драматургіяй.Дэкле пачала пісаць яшчэ дзяўчынкай, гадоў у 12. Яна заўсёды шмат чытала, і кнігі сталі часткай яе жыцця.
Першую ўласную кнігу яна выдала сем гадоў таму, у 2006 годзе, тыражом каля дзвюх тысяч. Другую надрукавалі тыражом 1500 асобнікаў праз два гады, у 2008 годзе.
Першая распавядае пра дзяўчыну і яе перажыванні, а другая – пра хлопца і яго захапленні, думкі.
− Цяпер я бачу, што гэтыя кнігі пра падлеткаў і напісаныя ў падлеткавым стылі, – заўважаў аўтарка.
Дэкле не давялося шукаць сабе выдавецтва. Тады яна яшчэ не была ўпэўненая, ці ёсць штосьці значнае ў напісаным.
Аднак дзяўчыну падтрымала маці, якая мела знаёмых у выдавецтве. Адна з яго работніц узяла пачытаць рукапіс, потым дала і свайму бацьку, вядомаму перакладчыку. Напісанае ім спадабалася, таму яны дапамаглі выдаць кнігу.
Калі рыхтавалася да друку другая кніга, Дэкле ўжо напрамую супрацоўнічала з выдавецтвам, якое і прапанавала выдаць кнігу.
− Выдавецтва зацікавіла тое, што кнігі напісаў вельмі малады аўтар.
Гэтая ж тэма:
“Беларускія выдавецтвы падтрымліваюць родную мову”
Напісаў добрую кнігу – атрымай грант на выданне
Вітаўтас Алішаўскас прысвяціў выдавецкай справе 20 гадоў свайго жыцця. Увесь гэты час ён кіраваў літоўскім выдавецтвам, якое займалася выданнем філасофскай, гістарычнай і мастацкай літаратуры. Апошняй менш за ўсё. Часцей сустракаецца паэзія, чым проза.
− Вельмі рэдка прыносіць кнігу хтосьці з вуліцы, – распавядае спадар Вітаўтас. – Тэарэтычна гэта магчыма, але я не ведаю выпадкаў, каб нехта прыйшоў, прынёс рукапіс і сказаў: “Вось!” Да таго ж, трэба бачыць розніцу паміж мастацкай літаратурай і інтэлектуальнай. Вядома, мастацкую многія спрабуюць пісаць і мараць выдаць кнігу.
– Калі з вуліцы не прыходзяць, то адкуль?
− Калі пісьменнік вядомы, ён можа прыйсці ў выдавецтва, сказаць, што плануе напісаць пэўную кнігу ды прапанаваць яе выдаць. Здараецца і адваротнае, калі выдавец звяртаецца да аўтара з прапановай надрукаваць тое, што ён плануе напісаць.
− Людзі якога ўзросту прыходзілі да вас выдаваць кнігу?
− Некаторыя мае аўтары былі вельмі маладыя і выдавалі кнігу праз тры гады пасля заканчэння ўніверсітэта. А некаторыя – наадварот, ледзь не пенсійнага ўзросту. Увогуле, маладыя больш актыўныя, яны напоўненыя творчым парывам.
− Ці кожны можа выдаць кнігу?
− Трэба бачыць розніцу паміж сур’ёзнымі выдавецтвамі, якія маюць сваё крэда, ідэалогію, і іншымі. Калі ў чалавека шмат грошай, ён можа пайсці ў якое-небудзь не вельмі саліднае выдавецтва і сказаць: “Вось, я даю вам грошы, давайце, патурбуйцеся, каб надрукаваць кнігу”. Такая самадзейнасць у Літве не вельмі папулярная, можа, некаторыя паэты-аматары гэтым і займаюцца. А што? Пайшоў, выдаў дзвесце экзэмпляраў паэтычнай кніжыцы і раздаў сябрам. А што сябры не ўзялі, сваякі забяруць.
− Ці магчыма выдаць кнігу без укладання грошай?
− У Літве існуе шмат розных спосабаў фінансавання. Прычым фінансуюць не толькі папулярныя раманы, але і інтэлектуальную літаратуру, паэзію. Дапамагаюць Міністэрства культуры, фонд культуры, літоўскі фонд навукі. На самой справе, існуе шмат магчымасцяў. Ёсць пісьменнікі, якія хочуць абысці выдавецтва і выдаць свае кнігі самастойна, таму што спадзяюцца такім чынам больш зарабіць, але гэта таксама выключэнні.
− Гэта значыць, калі чалавек напісаў добрую кнігу, у яго ёсць магчымасць атрымаць на яе грант?
− Хутчэй выдавецтву, якое яе выпускае. Грант на напісанне кнігі таксама можна атрымаць, але гэта ўжо іншая справа. Звычайна гэта тычыцца навуковых даследаванняў. Для напісання мастацкай літаратуры існуюць стыпендыі.
− Ці ёсць пэўныя тэндэнцыі ў выбары тэмы для кніг?
− Увогуле, літоўскія пісьменнікі папулярныя ў Літве. Ды і што б ні напісаў аўтар, калі ён піша добра, на яго заўсёды знойдзецца чытач. Цяпер попытам карыстаюцца літоўскія раманісты. Іх кнігі не толькі купляюць, але і шырока абмяркоўваюць. Зразумела, што філасофскія, класічныя, культуралагічныя сачыненні заўсёды цікавяць людзей. Калі яны ўваходзяць у школьную ці ўніверсітэцкую праграму, рынак гарантаваны.
Гэтая ж тэма:
Якія кнігі набываюць літоўцы, а якія – беларусы
У кожнага выдавецтва ёсць свае пажаданні, нават ідэалагічныя. У Літве існуе “левае” выдавецтва “Іншыя кнігі”, класіку яны выдаваць не будуць. Там любяць розныя радыкальныя рэчы, у тым ліку левага накірунку.
– Якія крокі трэба прайсці, каб выдаць кнігу?
− Трэба знайсці выдавецтва, якому кніга будзе падыходзіць па накірунку, і прапанаваць выдаць. Усё астатняе – яго справа. Калі выдавецтва палічыць кнігу цікавай, прыбытковай, то надрукуе. Існуюць выдавецкія планы, распрацаваныя прыкладна на год. Аўтар заўсёды спазняецца, бо ўвесь час жадае зрабіць кнігу яшчэ лепшай. Адняць рукапіс, які пісьменнік лічыць недасканалым, цэлая праблема.
− Якімі тыражамі выдаюць кнігі?
− Ад 200 да пяці тысяч асобнікаў. Тыраж залежыць ад таго, ці можа кніга стаць бестселерам. Для таго, каб надрукаванае лічылася афіцыйным выданнем, трэба, каб было больш за 100 асобнікаў. Тыраж кнігі сярэдняй купляльнасці ў Літве – ад 800 да 1200 асобнікаў. Лічыцца, што паспяховую кнігу раскупляюць за чатыры гады.
− Ці шмат у кніжных крамах кніг літоўскіх пісьменнікаў?
− Калі мы гаворым пра мастацкую альбо філасофскую літаратуру, то такая літаратура пераважна перакладная. У вобласці літоўскай гісторыі, мабыць, 90 працэнтаў. Увогуле, літоўскіх аўтараў на кніжных паліцах менш, чым замежных, але гэта нармальна. Літва адкрытая для ўсяго свету, таму кнігі перакладаюцца з самых розных моў.
Падчас фестываля праходзілі дыскусіі на самыя розныя кніжныя тэмы.
− Ці можаце прыгадаць самую незвычайную кнігу, якую трымалі ў руках?
− Гэта быў пераклад французскай паэзіі, вершы са шматлікімі граматычнымі метафарамі. Зборнік выглядаў як школьны нататнік.
− Літоўцы выдаюць свае кнігі на роднай мове?
− Калі хочаш быць папулярным, то трэба выдаваць кнігі на мове краіны, у якой жывеш.
Настасся РОЎДА.
Фота і відэа Настассі РОЎДЫ.