Чвэрць рэгіёна мае 60

Источник материала:  
04.10.2013 — Разное

У двары дома па вуліцы Хмяльніцкага ў Маладзечне мноства кветак. Кожны, хто праходзіць тут, захапляецца іх разнастайнасцю. А гаспадыня гэтага кутка 73-гадовая Ганна Блізнюк, якая адна іх даглядае, здзіўляецца, як можна не любіць прыгажосць, створаную прыродай. Размову з Ганнай Блізнюк чытайце ў наступных нумарах “РГ”. Фота Зоі ХРУЦКАЙ.

Першы тыдзень кастрычніка ў Беларусі прысвячаецца сталым людзям. Паводле прыблізнага падліку, у нашым рэгіёне чвэрць насельніцтва − гэта людзі, якія адзначылі 60 год.

Як паведамляе Белта, у Беларусі жыве 1 мільён 859 тысяч людзей сталага ўзросту, сярод якіх 541 чалавеку споўнілася больш за 100 гадоў.

МАЛАДЗЕЧНА. На Маладзечаншчыне жыве 26 840 чалавек, якім за 60 год. Гэта каля 20% насельніцтва.

Ва ўзросце 80-89 год жыве 4 040 чалавек, а 90-99 год − 440.

Шэсць чалавек перасягнулі 100-гадовую мяжу. Самая сталая з іх маладзечанка Ганна Сівец, якая сёлета спраўляе 104 гады. Маладзечанкі Дамініка Сакалоўская, Ганна Ахрамовіч, Любоў Русак, а таксама жыхарка мястэчка Краснае Надзея Яцыновіч сёлета спраўляюць 101 год.

Якраз у дзень здачы газеты ў друк, 3 кастрычніка, 100-гадовы юбілей святкуе Марына Квяткоўская з Маладзечна.

ВІЛЕЙКА. На Вілейшчыне жыве 12 580 пажылых людзей (гэта каля чвэрці ад ўсіх жыхароў). Больш за 90 год пражылі 266 чалавек.

Узросту сто і больш год дасягнулі трое жыхароў раёна – з іх дзве жанчыны і адзін мужчына. Самым старэйшым жыхаром раёна з’яўляецца Мікалай Акуньковіч з вёскі Слабада Іжанскага сельсавета – ён 1904 года нараджэння.

СМАРГОНЬ. Агульная колькасць людзей, што атрымоўваюць пенсію па ўзросце, − каля 11 000.

Доўгажыхарка, якой у 2013 годзе споўнілася 102 гады, жыве ў вёсцы Старыя Баруны Крэўскага сельсавета. Завуць яе Сабіна Сталькоўская.

ВАЛОЖЫН. Агульная колькасць людзей, што атрымоўваюць пенсію па ўзросце, − 9 682 чалавекі.

Людзей, якім больш за 100 гадоў − 12. Доўгажыхары: Марыя Канановіч, 1904 года нараджэння. Ёй 25 красавіка споўнілася 107 гадоў, жыве ў вёсцы Лістапады Гародзькаўскага сельсавета. Станіславе Малажавай у гэтым годзе споўнілася 105 гадоў. Яна з вёскі Пералясанка Івянецкага сельсавета. Пра гэта паведамілі ў аддзеле сацабароны.


АШМЯНЫ. Агульная колькасць людзей, што атрымоўваюць пенсію па ўзросце, − 8 999.

Доўгажыхары: 100-гадовая Ганна Сітнік з вёскі Кліманцы Ашмянскага раёна і 102-гадовая Юзэфа Янус з Ашмянаў.

АСТРАВЕЦ. У астравецкім аддзеле статыстыкі паведамілі, што на 1 студзеня людзей ад 60 год у раёне 5 340.

Мужчын і жанчын, якім за 80 год, – 1 127.

Усяго сталыя людзі на Астравеччыне складаюць 22% насельніцтва.

МЯДЗЕЛ. У Мядзельскім раёне жыве 7 751 пажылы чалавек (гэта людзі, якім за 60 год), каля 27% насельніцтва.

У тым ліку – 616 адзінокіх і 3 416 чалавек жывуць адны, 10 інвалідаў і 37 удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

Ёсць у раёне 143 доўгажыхары (маюць узрост больш за 90 год). Адной жанчыне нядаўна споўнілася сто год, дваім жыхарам раёна – больш за 100 год. Гэта Ніна Роліч з вёскі Наносы (нарадзілася ў 1912 годзе) і самы старэйшы жыхар раёна Іван Куцкевіч з вёскі Унукі – мае 104 гады.

Трынаццаць год у Мядзеле працуе клуб “Задушэўная размова” для грамадзян пажылога ўзросту. Яны разам адзначаюць святы, на пасяджэнні клуба запрашаюць цікавых людзей. Гурткі для пажылых працуюць на базе бібліятэк раёна.

Сёлета ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у вёсцы Вузла пачала працаваць “Псіхалагічная гасцёўня”.

Наталля ТУР, Алесь ВЫСОЦКІ, Зоя ХРУЦКАЯ.

←Стымул для тонкiх натур

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика