Змест — беларускі, форма — еўрапейская
Маладыя брэстаўчане ствараюць уласны брэнд сувеніраў і адзення з нацыянальным каларытам
«Важная гусь» — менавіта так называецца марка, пад якой Ганна Радзько і Сяргей Хамічук ужо выпускаюць паштоўкі і палатняныя сумкі. У хуткім часе лінейка вырабаў папоўніцца майкамі і талстоўкамі. Карэспандэнт «Р» пагутарыў з маладымі творцамі пра тое, як зрабіць беларускае папулярным, чаму сваё не горш за чужое і чым брэстаўчане здзівяць замежных гасцей напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі 2014 года.
Сярод брэстаўчан ілюстратара Ганну ведаюць па паездцы ў экспедыцыю з Арцёмам Лебедзевым, нядаўніх малюнках на плоце ўздоўж аўтадарогі, а таксама ў адным з залаў абласной бібліятэкі. Сяргей у творчым тандэме адказвае не толькі за мастацкія, але i за маркетынгавыя і грашовыя справы. Старт брэнда інакш як паспяховым назваць нельга: у шмат якіх гарадскіх крамах паштоўкі аўтарства Ганны ведаюць і любяць. І што больш важна, амаль усе яны зроблены па-беларуску.
— Звярніце ўвагу, як многа прадукцыі на англійскай мове. Яна лаканічная, ёмістая, а калі надпіс зроблены цікавым шрыфтам, становіцца нязначным, што на рэчы напісана, бо ўсё адно яе будзе прыемна насіць, — гаворыць Ганна. — У дзяцінстве ў мяне была майка з надпісам «RAPIS». Зразумела, што гэта была няправільна напісаная назва французскай сталіцы, але мне падабалася, бо лацінскія літары выдавалі замежнае паходжанне адзення.
— Сёння гэтая тэндэнцыя жыве: нават тыя швейнікі, якія працуюць у Брэсце, свядома робяць адзенне «больш заходнім» за кошт лацінкі, — працягвае Сяргей. — Пры набыцці рэчаў шмат хто арыентуецца менавіта такім чынам: калі яна «заходняя», значыць, добрая і якасная, і зусім не важна, што і як на ёй напісана, з якога матэрыялу яна зроблена.
— Але ж беларускі змест, літары нашага алфавіта кладуцца ў сучасную, модную, трэндавую форму не горш за астатнія. Таму, каб прыцягнуць увагу да беларускага, мы перш за ўсё арыентуемся на якасць і прыемны знешні выгляд. Так ці інакш, спажывец аддае перавагу таму, пад што ўжо «заточана» вока. І калі рэч будзе моднай, чаму б не перайсці на сваё, роднае? — гаворыць Ганна. — Да беларускасці ў сваім прадукце я прыйшла не адразу, але галоўнае ўсвядоміла: калі я нарадзілася тут, то тут і патрэбная і буду рабіць сапраўды «крутыя» рэчы на роднай мове.
Пакуль што нават у тых гандлёвых пунктах, дзе можна знайсці паштоўкі Ганны, да новых палатняных сумак ставяцца насцярожана. У адной з крамаў дзяўчыне сказалі наўпрост: «А чаму па-беларуску? Давайце па-англійску — лепш разыдзецца!» Праўда, адыходзіць ад задумы ілюстратар не збіраецца. Наадварот, хутка ў Брэсце і іншых гарадах з’явяцца майкі і талстоўкі з цікавымі прынтамі.
— Паглядзіце, якіх мужчын сёння ў свеце лічаць моднымі — тых, хто мае вялікую густую бараду, — тлумачыць Сяргей. — Барада цяпер — галоўны «хіпстарскі» трэнд. Таму мы вырашылі падаць яго ў сучаснай стылістыцы. На нашых майках і талстоўках будуць выявы славутых барадатых беларусаў мінуўшчыны — Мікалая Радзівіла Чорнага, напрыклад. Большая частка людзей — візуалы, і калі Беларусь і ўсё беларускае ў іх будзе асацыіравацца з прыгожым малюнкам, гэта стане нашым поспехам.
Хто будзе займацца пашывам маек і талстовак, Ганна і Сяргей пакуль не вырашылі. Але дакладна ведаюць: трэба зрабіць так, каб «Важная гусь» была не толькі прыгожай, прыдатнай для сувеніра ці падарунка, але і практычнай.
— «Пылазборнікаў» у нас не будзе. Калі чалавек купляе ці атрымлівае нашу палатняную сумку ў падарунак, няхай ён карыстаецца ёй штодзень у краме. Калі носіць майку, то няхай яна паслужыць яму доўга, а не адправіцца на дачу пасля першага мыцця, — тлумачыць Сяргей.
Напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску ў маі 2014 года таленавітыя брэстаўчане плануюць здзівіць гасцей спаборніцтва чымсьці цікавым. Паводле слоў Ганны, лінейка тэматычных сувеніраў абавязкова будзе, але пакуль яе фармат трымаецца ў сакрэце.
— Гэта абавязкова будзе нешта карыснае, можа, штосьці са «сцёбам». Ва ўсякім разе, зробім тое, што застанецца ў памяці турыстаў і дапаможа зразумець: Беларусь — гэта крута, — дзеляцца яны планамі.
Хутчэй за ўсё, праца на карысць іміджу Беларусі гэтым не скончыцца. У Ганны ёсць вялікая мара — стварыць такую айдэнтыку (ад англійскага слова «identic» — тое, па чым можна спазнаць тую ці іншую краіну), якая б гаварыла сама за сябе.
— Чаму наша краіна не можа стаць такім жа жаданым месцам, як Ніца ці Венецыя? Трэба толькі расказаць людзям пра нас, прычым на даступнай для іх і сучаснай мове, — тлумачыць яна.
Першы крок у гэтым напрамку зроблены. Па якасці паштовак і палатняных сумак можна сказаць: час, калі мары Ганны і Сяргея змогуць спраў-дзіцца, ужо не за гарамі.
На здымку: палатняныя сумкі брэнда «Важная гусь» на Ганне і яе сястры Марыі.