Калі будзе цёпла?

Источник материала:  
26.09.2013 — Разное

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.

У жылыя дамы цяпло прыйдзе, калі сярэднясутачная тэмпература паветра на працягу пяці сутак будзе не больш за 8 градусаў цяпла.

У дзіцячых і медыцынскіх ўстановах цяпло з’явіцца раней: калі сярэднясутачная тэмпература паветра будзе складаць 8 градусаў вышэй за нуль на працягу трох сутак.

 – Але такі тэмпературны рэжым пакуль не ўсталяваўся, – патлумачыў намеснік начальніка Маладзечанскіх электрасетак па цеплаэнергіі Леанід Кузняцоў.

Ён адзначыў, што чакаць ацяплення варта ў кастрычніку.

Летась ў Маладзечанскіх дзіцячых садках і школах далі цяпло 8-9 кастрычніка, а ў жылыя дамы – 12-14 кастрычніка.

На адным з падворкаў у Вілейцы. Сёння раніцай.



АСТРАВЕЦ. У Астравецкім раёне ацяпленне ўключаюць у адпаведнасці з абласным рашэннем.

– Мы заўсёды чакаем загаду з Гродна. Як толькі даюць дазвол на ўключэнне цяпла, адразу яго падключаем, – распавядае цеплатэхнік Астравецкай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэгіна Юркойць. – Напрыклад, летась цяпло ў дашкольныя дзіцячыя ўстановы пачалі даваць ад 20 кастрычніка. Потым паступова да 25 кастрычніка цяпло з’явілася ў астатніх арганізацыях і дамах.


МЯДЗЕЛ. Калі можна чакаць уключэння ацяплення ў садках, школах і кватэрах, расказаў першы намеснік генеральнага дырэктара Мядзельскай ЖКГ Уладзімір Шабовіч.

– Напачатку рашэнні аб падачы цяпла прымаюць абл- і райвыканкам. Ацяпленне ў дзіцячых садках, школах, бальніцах, установах сацыяльнай абароны ўключаць, калі сярэднясутачная тэмпература паветра пяць дзён запар будзе ніжэйшая за 10 градусаў.

Потым цяпло падключаецца спажыўцам другой катэгорыі – гэта жыллёвы фонд, інтэрнаты. Сюды цяпло падаецца, калі сярэднясутачная тэмпература паветра пяць дзён запар не перавысіць 8 градусаў.
У Мядзеле працэс падключэння усіх дамоў звычайна займае два-тры дні.

Далей падключаюцца адміністрацыйныя будынкі.


Можа быць самая халодная зіма

ВІЛЕЙКА. Паводле некаторых выданняў, сёлета ў Еўропе будзе самая халодная зіма за апошнія 100 год.

Гэты прагноз пракаментаваў начальнік вілейскай гідраметэастанцыі Вя­часлаў Лапко:

− Я чуў такое, але яго верагоднасць невысокая. Няма такой тэхнікі, каб дакладна спрагназаваць надвор’е на ўсю зіму. Мы робім прыкладны прагноз на месяц, а прагнозы на тыдзень самыя дакладныя, іх верагоднасць 90%.


На выхадных могуць быць замаразкі

На выхадных варта чакаць халоднага надвор’я, паведаміла для БелТА галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Людміла Парашчук.

У Беларусі будзе паніжаны атмасферны ціск, пабольшае аблокаў. 27 і 28 верасня па рэспубліцы месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы. Максімальная тэмпература днём 11 градусаў цяпла, ноччу ад 1 да 7  градусаў цяпла.

У асобных раёнах пры праясненнях на глебе будуць слабыя замаразкі да нуля – мінус трох градусаў. Не пакідайце адкрытымі бульбу і караняплоды.

− Тэмпературны фон на гэтым тыдні на 2-4 градусы ніжэйшы за кліматычную норму, − адзначыла галоўны сіноптык.

Вольга ЮРКЕВІЧ, Алесь ВЫСОЦКІ, Зоя ХРУЦКАЯ.
Фота Ніны МАНЦЭВІЧ.

←Болеем за армянскую команду на Чемпионате мира по брэйн-рингу

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика