“Камедыі” − 20 год

Источник материала:  
23.09.2013 — Разное

Акцёраў “Камедыі” грымуюць каля паўтары гадзіны. Злева направа: Давід (Яўген Іўковіч), Дзёма (Аляксандр Пашкевіч), Маланка (Эмілія Ларыёнава), уверсе – Чорт (Алег Чэчанеў).

Адкрыццё 23 тэатральнага сезона Мінскага абласнога драматычнага тэатра пачнецца юбілейным вечарам “20 гадоў − разам!” Сёлета спаўняецца 20 год, як спектакль “Камедыя” іграюць на маладзечанскай сцэне.

Гэты спектакль дасягнуў неверагоднага поспеху: адбылося амаль 300 прадстаўленняў, прытым, што ў правінцыйных гарадах рэдкія дажываюць да 150. Яго глядзелі некалькі дзясяткаў тысяч гледачоў. Ён стаў творчым сімвалам і візітнай карткай тэатра.

Кіраўнік літаратурнай часткі Аляксандр Пыцько лічыць, што спектакль прыцягвае гледачоў народным гумарам і паралелямі паміж беларускім менталітэтам таго часу і сучаснасцю.

− Пры гэтым усё настолькі прадумана: і сімвалы, і дыялогі, і гумар, − дадае Аляксандр Пыцько.

Адкрыццё тэатральнага сезона адбудзецца ў сераду, 25 верасня. Пачатак а 18 гадзіне.

Гэты спектакль бяспройгрышны не толькі ў любым горадзе ці вёсцы Беларусі, але і за мяжой. У кастрычніку маладзечанскія акцёры паедуць на сёмы тэатральны фестываль Міжнароднага чарнаморскага клуба “Homо ludens” (“Чалавек гуляючы”). Украінцы запрасілі менавіта з беларускамоўнай “Камедыяй”. З захапленнем яго прыняла беларуская дыяспара ў Санкт-Пецярбургу.

З чаго ўсё пачыналася


Гаворачы пра настолькі значны для тэатра ў Маладзечне спектакль, абавязкова варта прыгадаць тых, хто спрычыніўся да яго прэм’ры, якая адбылася ў 1993 годзе.

Перад тым, як стаць зоркай, “Камедыя” была курсавой работай студэнтаў акцёрскага аддзялення тэатральна-мастацкага інстытута, зробленай на аснове п’есы Уладзіміра Рудава паводле твораў Каятана Марашэўскага і Францішка Аляхновіча.

Работу выпусцілі педагогі-рэжысёры Уладзімір Рудаў і Андрэй Андросік.

Менавіта дзякуючы тагачаснаму мастацкаму кіраўніку Мікалаю Мацкевічу ў Маладзечне на базе народнага тэатра ў 1991 годзе стварылі прафесійны, Мінскі абласны. Касцяком трупы былі артысты Барыс Донін, Эмілія Ларыёнава, Аляксандр Пашкевіч, Сяргей Карзей, Ала Стэльмах. Потым у тэатр прыйшлі Алена Рахмангулава, Алег Чэчанеў, Ірына Камышава.


Балетмайстар Анатоль Кудраўцаў удзельнічаў у падрыхтоўцы спектакля, дзякуючы яго нумарам той набыў яшчэ большую выразнасць. Аляксандр Пашкевіч прыгадвае, што для кожнага персанажа ён знаходзіў сваю пластыку, свае рухі, якія раскрывалі характар, вынікалі з дзеяння і пры гэтым неслі штосьці новае.

Эмілія Ларыёнава адзначае, што акцёры ў “Камедыі” часта імправізуюць. Некаторыя імправізацыі паўтараюцца.

Спектаклем заўсёды вельмі цікавіўся  Сяргей Вальковіч, які тады быў дырэктарам тэатра. Ён прысутнічаў амаль на кожным прадстаўленні. А пасля яго ішоў у грымёрку і абмяркоўваў выступленне.

Ужо няма ў жывых ні Рудава, ні Андросіка, ні балетмайстра Кудраўцава, ні тагачаснага дырэктара Вальковіча. А спектакль жыве.

У чым жа сэнс “Камедыі”?


Акцёрскі склад “Камедыі” істотна змяніўся за 20 гадоў.

Адзіны, хто іграў сваю ролю на прэм’еры і іграе цяпер − Аляксандр Пашкевіч, які выконвае ролю Дзёмкі.

Ён прыгадвае, што Андросік настойваў, каб ў праграмцы быў такі анонс “Камедыі”: “Пра селяніна Дзёмку, яго жонку Маланку, арандатара Давіда і Чорта, які страціў сэнс існавання”.

− Усе персанажы “Камедыі” наіўныя, іх хочацца пашкадаваць, − распа­вядае Аляксандр Паш­кевіч. − Яны хочуць дапамагчы, зрабіць як лепш, але ў іх не атрымліваецца. Яны самі сабе ствараюць сітуацыі, на якія потым  скардзяцца, і думаюць, чаму ж ім так не шанцуе. Гэта так падобна на нас.

На першы погляд “Камедыя” можа падацца лёгкім спектаклем, які ў першую чаргу забаўляе гледачоў. Сапраўды, камічныя сітуацыі не могуць не прыцягваць увагу. Але хіба можа неглыбокі твор мастацтва так моцна трымаць увагу.

Сур’ёзны бок твора − яго аналіз беларускага менталітэту. У Марашэўскага і Аляхновіча Чорт размаўляў па-польску, у апрацоўцы Андросіка і Рудава − па-руску. Прытым, што астатнія героі беларускамоўныя. Апошняй фразай Дзёмкі “Куды ісці?” аўтары перадаюць становішча беларусаў, якое не ў многім змянілася ад пачатку 20 стагоддзя.

Што новага хутка з’явіцца ў тэатры?

Пра спектаклі, над якімі працуе Мінскі абласны драматычны тэатр, распавёў мастацкі кіраўнік Мікалай Дзінаў.

­­– Боскую камедыю “Жизньубога” па п’есе беларускага драматурга Дыяны Балыкі маладзечанскія гледачы пабачаць дакладна сёлета, – гаворыць Мікалай Дзінаў. – Актрыса Эмілія Ларыёнава ў гэтым спектаклі іграе ролю спявачкі, у якой не атрымалася кар’ера. А яе дачку можна назваць нулём.

Гэта жанчына хоча помсціць, але за што помсціць? Гледачу ставяць пытанне, ці вартая чагосьці помста наогул. Але тэатр не адказвае на пытанні, а ставіць іх.

Упершыню рыхтуюць пластычны спектакль “Маўглі” па творы Рэд’яра Кіплінга.

Да 2014 года Мікалай Дзінаў рыхтуе спектакль, прысвечаны Васілю Быкаву, якому б споўнілася 90 год. Рыхтуе сцэнарый з дапамогай спадара Мікалая яго жонка Галіна Кабякова на аснове твора Быкава.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота забяспечана Аляксандрам ПАШКЕВІЧАМ.

Чытайце яшчэ: Што глядзець у тэатры гэтай восенню.


←В Минске прошла встреча с министром образования и науки Армении Арменом Ашотяном

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика