Нямецкім гімназістам спадабаліся маладзечанскія лазня і піца
Кіраўнік нямецкай групы Эльке Моэкен уручае дырэктару СШ №5 Андрэю Макарэвічу спартыўны інвентар.
Нямецкая група з Хайнбергскай гімназіі горада Гётынгена прыехала ў маладзечанскую школу №№5 у пятніцу, 13 верасня.Першыя тры дні дзецям далі вольны час, каб яны бліжэй пазнаёміліся паміж сабой. Беларускія школьнікі правялі сваім замежным сябрам экскурсію па горадзе, схадзілі разам з імі ў Лядовы палац і пакармілі маладзечанскай піцай.
– Адзін дзень у нас быў агульны начлег, які ладзілі ў маёй хаце, – кажа вучаніца 10 класа Ганна Сасноўская. – Да мяне прыйшлі аж 18 чалавек. Хто спаў на ложку, а хто і на падлозе. Нямецкім гімназістам вельмі спадабалася мыцца ў лазні, якую напалілі мае бацькі.
– Я ў захапленні ад вашага парку і Цэнтральнай плошчы, – распавядае гімназістка Леа Кляйн. – У вас вельмі прыгожы цэнтр горада.
– А мне спадабалася ў Лядовым палацы, асабліва сама лядовая арэна. А таксама музей у Дудутках, – дзеліцца сваімі ўражаннямі Ханна Туліус.
Многія нямецкія вучні павязуць у падарунак сваім сваякам абразы з храма, які знаходзіцца ў Дудутках.
– У Маладзечне смачная ежа, асабліва глазураваныя сыркі, бо ў нас такіх няма. Цяпер калі я дзе-небудзь іх убачу, адразу буду асацыяваць з Беларуссю, – уключаецца ў размову гімназістка Маргарыта Бугіхаус. – Мне спадабаліся вырабы з саломы, але я не змагла купіць іх, бо не паспела памяняць грошы. Вядома, я была ўсхваляваная, калі збіралася сюды ехаць, але па прыездзе мае перажыванні адразу ж рассеяліся.
Нямецкія школьнікі былі здзіўленыя, што ў нас шмат грошай
– Калі я зайшла ў банк памяняць грошы, то на адзін еўра мне далі цэлую кіпу грошай, – распавядае Маргарыта Бугіхаус. – А цэны практычна аднолькавыя, што ў Германіі, што ў Беларусі.
А на пытанне: “Ці засталіся б вы жыць ў Беларусі?” дзеці адказвалі па-рознаму. Напрыклад, Ханна Туліус з вялікім задавальненнем пераехала б сюды жыць, калі б бацькі пераехалі разам з ёй.
– Сёлета праграма называецца “У гульні гуляем – гульні распрацоўваем”, – кажа дырэктар СШ №5 Яўген Макарэвіч. – А некалькі гадоў таму нямецкі бок вырашыў праводзіць пастаянную акцыю – самастойна збіраць грошы і прывозіць прыборы для вымярэння цукру і тэст-палоскі. А сёлета прывезлі яшчэ і шпрыцы.
У аўторак іх перададуць ў дзіцячую паліклініку. Там адбудзецца сустрэча з доктарам-эндакрынолагам Аленай Запрудскай.
Яшчэ адзін пункт беларуска-нямецкага супрацоўніцтва – гэта праграма абмену. Восенню адзін вучань 5-й школы паедзе на вучобу ў Хайнбергскую гімназію.
А вось настаўнік фізікі і матэматыкі Маціяс Шпангенбер прыехаў ў Беларусь упершыню.
– Я заўважыў, што ў Маладзечне шмат месцаў, дзе можна займацца спортам. Гэта вельмі вялікі плюс, бо, напрыклад, немцы робяць гэта з вялікай ахвотай, – кажа спадар Маціяс. – Цяпер я не хвалююся, калі б прыехаў сюды адзін. Калі мы толькі селі ў цягнік Мінск-Маладзечна, насупраць нас сядзелі муж і жонка, прычым ужо ва ўзросце. Яны пачулі, што мы размаўляем на нямецкай мове, дык мужчына адразу ўключыўся ў нашу размову. А ў беларускай сям’і, дзе я цяпер жыву, мы размаўляем на французскай, нямецкай, крыху на англійскай і рускай мовах. Я думаю, што калі б была зусім крытычная сітуацыя, размаўлялі б рукамі.
Пра сістэму адукацыі і заробкі настаўнікаў
Давялося пагаварыць і пра сістэму адукацыі з кіраўніком нямецкай групы Эльке Моэкен, якая ўжо шосты год прыязджае ў Беларусь:
– Сістэма адукацыі ў Беларусі і Германіі вельмі розная, але я чула, што настаўнікі тут працуюць вельмі шмат, а заробкі ў іх невялікія. Таму праца настаўнікаў у Беларусі стала вельмі не папулярнай і не прэстыжнай. Я чула, што тут аб’ядноўваюцца класы, праходзяць школьныя рэформы. Але ў вашай краіне гэта вельмі дрэнна адбіваецца і на адукацыі дзяцей, і на настаўніках. На маю думку, у школе павінны працаваць добрыя спецыялісты, з вышэйшай адукацыяй. Таксама ведаю, што ў Беларусі настаўнікі сыходзяць са школ.
У Германіі прафесія настаўніка лічыцца прэстыжнай і ўваходзіць ў спіс высокааплатных прафесій. Настаўнікі зарабляюць ў сярэднім дзве ці тры тысячы еўра. Заробак залежыць ад таго, у якой школе працуе чалавек, які ў яго стаж работы і якія ён плаціць падаткі.
– У нас таксама адбылося шмат рэформаў, якія накіраваныя на тое, каб настаўнік працаваў яшчэ больш, – падкрэслівае спадарыня Эльке. – А што тычыцца нямецкіх школьнікаў, то ў іх практычна няма вольнага часу. У дзяцей выходзіць па 36 гадзін урокаў на тыдзень, гэта не ўлічваючы дамашнія заданні і дадатковыя секцыі.
Вольга ЮРКЕВІЧ.