Кожнае слова мае вагу
На публікацыю чытача “РГ” адказаў Вілейскі доследны лясгас. І ў чытача, і ў кіраўніцтва лясгаса сваё меркаванне наконт вырубкі лесу каля Новай Гуты.
У нумары 32 ад 9 жніўня 2013 года “Рэгіянальная газета” надрукавала меркаванне свайго чытача Алеся Раткевіча пад назвай “Варварская высечка лесу”. Цяпер друкуем адказ лясгаса.
Аўтар артыкула абвінавачвае каго толькі можна за бескантрольнасць, за “бязглуздае знішчэнне лесу і варварскія адносіны да прыроды “прамыслоўцаў”, у якіх толькі адна мэта − “прага нажывы людзей, у якіх толькі адна мэта − грошы, грошы і грошы”.
Лічым неабходным выказаць сваю пазіцыю ў адносінах да артыкула, які можа ўвесці чытачоў газеты і жыхароў вёскі Сакалоўка і прылеглых вёсак у зман.
Дык вось, паважаны “праўдашукальнік” Алесь Раткевіч, на вашае пытанне ў артыкуле “ці існуе ў нашай краіне хоць якая-небудзь распрацаваная техналогія па лесанарыхтоўцы”, даём зразумелы адказ.
Усе высечкі ў лясгасе і, у прыватнасці, у раёне вёсак Малявічы-сакалоўка-Новая Гута праводзяцца на аснове лесаўпарадкавальнага праекта, які выдаецца лясгасу на дзесяць гадоў. У ім пазначаецца, калі, дзе і колькі патрэбна высечы лесу.
Праект распрацоўвае лесаўпарадкавальнае рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства “Белдзяржлес”. Апошняе лесаўпарадкаванне ў лясгасе адбылося ў 2010 годзе. У кварталах каля вёсак Малявічы, Новая Гута нарыхтаваная драўніна (а гэта пераважна асіна, бяроза, алешына) не найвышэйшага гатунку, ёсць гніль.
Лесанарыхтоўшчыкі, якія набылі дзялянкі праз Беларускую ўніверсальную гандлёвую біржу, імкнуцца своечасова высечы і вывезці лес адпаведна з існуючым узростам высечкі галоўнага карыстання для кожнай пароды (узрост высечкі асіны − 41 год, бярозы − 61, хвоі і елкі − 81 год). Калі надыходзіць узрост рубкі, участак падлягае суцэльнай высечцы.
Лясны ўчастак, які ўзгадвае аўтар артыкула, у асноўным забалочаны, са зніжанымі глебава-тапалагічнымі ўмовамі, што замаруджвае нарыхтоўку і вываз. У некаторых кварталах можна праводзіць лесанарыхтоўчыя работы толькі зімой. У квартале 159 (атрыманая драўніна, размешчаная на фота у папярэднім нумары газеты) высечкі галоўнага карыстання ажыццяўляліся прадпрыемствам “Кронаспан” згодна з выпісаным лесабілетам і тэхналагічнай картай.
Дарэчы, на вашае пытанне, паважаны Алесь Раткевіч, “дзе наша ахова прыродных рэсурсаў, чаму кантралюючыя арганізацыі не заўважаюць і не бачаць у гэтым праяву злачынства”, даём адказ.
Выкананыя работы кантралююцца службамі лясгаса, інспекцыяй па ахове навакольнага асяроддзя, інспекцыяй аховы расліннага і жывёльнага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, пра што складаюцца адпаведныя акты агляду. Нагадваем, што пасля высечкі лесу на вызваленых пляцоўках будуць зноў пасаджаныя лясныя культуры або ўчасткі пакінуць пад далейшае натуральнае зарастанне.
Штогод высечка галоўнага карыстання ў лясгасе ажыццяўляецца на плошчы каля 530 гектараў з наступнымі лесааднаўленчымі мерапрыемствамі. Аўтар не ўзгадаў у артыкуле, магчыма, знарок, што ў 2010 годзе менавіта ў гэтым рэгіёне з-за моцных шквалістых вятроў былі пашкоджаныя насаджэнні на плошчы каля 60 гектараў, дзе правялі суцэльныя санітарныя высечкі, хаця ведаў пра гэта. Да распрацоўкі гэтых бураломаў былі прыцягнутыя ўсе сілы лясгаса, а таксама іншыя лесанарыхтоўшчыкі для своечасовай уборкі пашкоджаных насаджэнняў. Вельмі многа працы было ўкладзена ў аднаўленне наступстваў стыхіі.
Хочацца параўнаць работу лесавода і работнікаў сельскай гаспадаркі. Гэта вельмі цяжкая руплівая праца вясной, летам, восенню, зімой. Толькі аграрыі бачаць вынікі сваёй працы штогод праз некалькі месяцаў. А вось лесаводы − праз дзесяцігоддзі. Колькі трэба мець цярплівасці, адказнасці, ведаў і любові, каб дачакацца чаканых вынікаў!
Не ўсё так проста, як падаецца часам староннім назіральнікам, якія, не паглыбляючыся ў праблемы, у сутнасць працы іншых людзей, штучна ствараюць праблемы, якіх не існуе. Няўжо аўтар артыкула думае, што толькі ён адзін клапоціцца пра дзяржаву, прыродныя рэсурсы, пра людзей. Нібыта не існуе ніякай выканаўчай улады, кантралюючых органаў. А навокал усе толькі глумяцца над прыродай, займаюцца вандалізмам і думаюць пра ўзбагачэнне.
Свабода слова нам дадзеная не для абразы людзей, якія шчыра выконваюць свой абавязак. Свабода слова прадугледжвае найперш патрабаванні да самога сябе: хто я, да чаго імкнуся, што ў мяне за душой, што я нясу людзям і раблю, каб палепшыць іх жыццё на справе, а не на словах, захаваць супакой людзей, а не бударажыць іх. Трэба быць уважлівым да іншых, стрыманым і разумець, што кожнае слова мае вагу. Для гэтага варта ўзбагачаць сваю душу. Шмат працы неабходна кожнаму, каб пабудаваць храм душы. Для гэтага неабходна набрацца цярплівасці, каб мірыцца са сваёй недасканаласцю.
Гісторыя ведае такіх дзеячоў, якія, прыкрываючыся жаданнем дапамагчы людзям, рабілі ўсё, ды і робяць, каб апаганіць уладу, дзяржаўныя органы і дамагчыся асабістай выгады.
Не варта, паважаны Алесь Раткевіч, ціснуць на пачуцці людзей, робячы з сябе патрыёта. З абуранасцю чытаюцца вашыя радкі: “… без малога сораму і сумлення цягаюць лес прама праз мемарыял “Боркі”, на якім пахаваныя ахвяры мінулай вайны. Ездзяць яны прама праз падмуркі былых хат, спаленых фашыстамі. Як ім не даходзіць, што гэта яны не падмуркі рэжуць коламі, а душы нявінна загінулых людзей! І нават не задумваюцца, што здзяйсняюць не толькі кашчунства і вандалізм, а нешта большае, за што ім усё адно прыйдзецца разлічвацца”.
Вось так, папрактыкаваўся ў красамоўнасці, націснуў на пачуцці людзей. Між тым кожны мясцовы жыхар ведае, што гэта адзіная яшчэ даваенная дарога, што вядзе праз Боркі. Іншага пад’езду тут няма. Помнік жа спаленым жыхарам вёскі Боркі знаходзіцца ў 70-ці метрах ад гэтай дарогі. Штогод дарогу да мемарыялу падсыпаюць і рамантуюць. У 2011 годзе сіламі мясцовай выканаўчай улады быў зроблены новы гравійны пад’езд да мемарыялу, добраўпарадкаваная тэрыторыя каля помніка з удзелам розных арганізацый раёна, мясцовага насельніцтва, у тым ліку, работнікаў лясгаса.
Дарэчы, у краіне здзяйсняецца праграма па стварэнні лесанарыхтоўчай магутнай тэхнікі, якая прыйдзе на замену людзям, ручной працы.
Мяркуем, што нашае меркаванне наконт абражальнага артыкула Алеся Раткевіча пачуюць многія і даведаюцца, дзе праўда, а дзе хлусня.
Хочацца, каб усе мы зберагалі душы іншых людзей і не перашкаджалі працаваць.
Адміністрацыя Вілейскага доследнага лясгаса.
Сёння мы надрукавалі адказ кіраўніцтва лясгаса на публікацыю нашага чытача Алеся Раткевіча "Варварская высечка лесу" у № 32. Разумеючы, што ў лісце лясгаса выказваецца пазіцыя другога боку ў спрэчнай сітуацыі, па просьбе аўтараў допісу даём яго без змяненняў. Заўважым толькі, і пра гэта "РГ" пісала не аднойчы, што менавіта Алесь Раткевіч звяртаў увагу на адсутнасць дарогі да Боркаў, арганізоўваў суботнікі па добраўпарадкаванні мемарыялу ў вёсцы, якую спалілі разам з людзьмі.
"Рэгіянальная газета".