Дапамагчы ўратаваць ласосяў можаце і вы

Источник материала:  
05.09.2013 — Разное

Такіх ласосяў можна вылавіць у суседняй Літве, набыўшы спецыяльную ліцэнзію. Беларусі яшчэ трэба прайсці шлях да захавання гэтых рыб. Тады такія рыбіны змогуць з’явіцца і ў нас.

У кастрычніку пачынаецца сезон нерасту ласасёвых. “РГ” раней пісала, што сітуацыя з ласасёвымі ў Беларусі няпростая: і ласось заплываць не хоча ў нашы рэкі, і бабрыныя плаціны перашкаджаюць руху рыбы, і браканьеры галаўнога болю дадаюць.

Ці гатовыя сёлета ўлады і насельніцтва  на Астравеччыне (ласось нерасціцца менавіта ў рэках, якія працякаюць па Астравецкім раёне) да гэтай падзеі?

– Вядома, з праблемай ласасёвых мы знаёмыя даўно. Улады і мясцовыя, і рэспубліканскія занепакоеныя гэтай тэмай, – распавядае начальнік Астравецкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Анатоль Цэйко.

–  А якія канкрэтна мерапрыемствы вы праводзіце дзеля таго, каб ласосі заходзілі на нераст у нашы рэкі?

– Па-першае, мы праводзім разборку бабровых плацін. Гэта яны асноўная пагроза ласосям, бо плаціны перашкаджаюць руху рыбы. Актыўна прыцягваем мясцовае насельніцтва. У гэтым нам вельмі дапамагае арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Яна ў асноўным і ладзіць сустрэчы з мясцовым насельніцтвам, тлумачыць ім важнасць аховы ласасёвых.

– І насельніцтва адгукаецца?

– А як жа. У нас народ пільны. Колькі разоў паступалі паведамленні, што нешта падазронае робіцца на рэках. Напрыклад, перыядычна з’яўляюцца людзі з палаткамі ў тых месцах, дзе лоўля рыбы забароненая.

– Браканьеры?

– Не, за мінулы год не было ніводнага выпадку. Пра гэты год гаварыць яшчэ рана, таму што нераст пачнецца толькі ў кастрычніку-лістападзе.

– Скажыце, ці павялічылася за мінулыя гады колькасць рыбін у папуляцыі?

– На мінулым тыдні да нас прыязджалі іхтыёлагі з Мінска, яны вывучалі моладзь (рыбіны, якім год ці два). Вынікі праверкі мне яшчэ невядомыя. Так што завітайце да нас у лістападзе. На свае вочы ўсё пабачыце.

У Вілейскай міжраённай інспекцыі аховы прыроды нам адказалі, што праблема ласасёвых іх не датычыцца, таму што ў Вілейскім раёне гэта рыба не нерасціцца.

“Будзем працягваць дапамагаць ласасёвым”

Праблемай нерасту ласасёвых на Беларусі заклапочаная арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Менавіта па іх ініцыятыве да патрулявання рэк запрасілі валанцёраў, у Астравецкім раёне ўсталявалі стэнды з інфармацыяй пра тое, як важна захоўваць рэдкія віды рыб.

На  пытанні карэспандэнта “РГ” адказвае каардынатар праекта “Захавальнікі жывых рэк: удзел грамадскасці ў захаванні дзікага балтыйскага ласося ў Беларусі і Літве” Вольга Лукшыц.

– Ці будзе працягвацца праект сёлета?

– Так, мы будзем працягваць працу дзеля захавання прахадных ласасёвых рыб у Беларусі. У межах новага праекта ад кааліцыі “Чыстая Балтыка” (Coalition Clean Baltic) мы плануем падрыхтаваць праект адукацыйнага цэнтра, прысвечаны ласасёвым рыбам.

Цяпер эксперты толькі прыступілі да распрацоўкі праекта, які мы плануем рэалізаваць на базе адной са школ Астравецкага раёна пры падтрымцы мясцовага аддзела адукацыі.

–  Якія вынікі далі леташнія мерапрыемствы?

–  Галоўнае, што мы змаглі правесці патруляванне на галоўных нераставых рэках цягам усяго сезона нерасту. Мы рабілі гэта сумесна з рыбалоўным клубам “Перакат”.  

Таксама падрыхтавалі вучэбную праграму: знялі відэафільм, распрацавалі метадычныя рэкамендацыі для настаўнікаў. Усе матэрыялы распаўсюдзілі сярод школ Астравецкага і Ашмянскага раёнаў.

– Скажыце, ці былі зафіксаваныя выпадкі  парушэнняў?

– Нашы патруляванні не заканчваюцца толькі перыядам нерасту. З дапамогай нашых валанцёраў мы круглы год адсочваем рэкі.

Так, у ліпені прайшла міні-экспедыцыя “Аховы птушак Бацькаўшчыны” з турыстычнай кампаніяй “Зялёная каманда”. Мы разам даследавалі раку Ашмянку.

У выніку выявілі парушэнне водаахоўнай зоны ў Смаргонскім раёне – там поле з кукурузай было ўзарана да зрэзу вады. Факт перадалі ў Смаргонскую інспекцыю аховы прыроды, і парушэнне там пацвердзілі.

– Ці плануеце прыцягваць валанцёраў сёлета?

– А як жа! Мы будзем працягваць патруляванне ласасёвых рэк, каб прадухіліць спробы браканьерства. Патруляванне  пачнецца з сярэдзіны кастрычніка і будзе працягвацца да сярэдзіны  снежня.

У нас ёсць каманда валанцёраў мінулых гадоў, дапамагаюць мясцовыя жыхары. Мы вельмі зацікаўленыя ў новых людзях, бо чалавечы рэсурс заўсёды абмежаваны, а хочацца надаваць увагу як мага большай колькасці малых рэк.

Калі вашы чытачы хочуць і могуць дапамагчы, запрашаем да супрацоўніцтва. Для гэтага толькі трэба звязацца з намі: info@ptushki.org, 8017260613.

Ці ведаеце вы, што:

* Большасць ласосяў адкладваюць ікру адзін раз у жыцці

* Ласось ведае сваю радзіму, ён знаходзіць месца свайго нараджэння і прыплывае туды на нераст.

* Даўжыня рыбіны можа дасягаць 1,5 метра, а вага – 32 кілаграмы.

* Герб Астраўца упрыгожвае стронга, якая з'яўляецца сімвалам, звязаным з урадлівасцю, выкананнем жаданняў і справядлівасцю.

* Атлантычны ласось здольны ўчуць драпежніка па яго паху.

* Такіх відаў рыб, як ласось і стронга, няма ў навуковым асяродку  – гэта зборныя назвы некалькіх відаў рыб. Навукоўцы выдзяляюць наступныя: сёмга, гарбуша, кета, чавыча, омуль і іншыя віды рыб.

Наталля ТУР.

Фота blog-ru.chavanga.com

←Их подвиг не забудем никогда

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика