А ў нас так шэра, а ў нас так нудна?!

Источник материала:  
05.09.2013 — Разное

Чаму заморскія джунглі і піраміды аказваюцца бліжэй за родныя краявіды

Шчыра кажучы, у старажытным горадзе Заслаўе бывала не раз і, здавалася, ужо вывучыла ўсе яго гістарычныя куточкі і закавулачкі, а вось адразу трапіць у Музей міфалогіі і лесу яшчэ ніколі не ўмудралася. Да каго ў такіх выпадках звяртаецца турыст, які заблукаў? Вядома, да мясцовых жыхароў. Але вось якое дзіва! Ніхто з пяці чалавек, каго сустрэла па дарозе, не змог адказаць, дзе яго шукаць. Больш за тое, некаторыя і зусім здзіўлена паціскалі плячыма. Маўляў, ці не пераблытала я чаго, няма ў Заслаўі такога музея.

Як можна, не разумела я, жывучы ў такім культурна і гістарычна багатым горадзе, не ведаць усіх тамтэйшых здабыткаў. Дзіцячы музей міфалогіі і лесу ў Заслаўі наогул адзіны ў Беларусі. Унікальны аб’ект знаходзіцца пад бокам. Ды як у яго не завітаць, як не павітацца з лесавіком ды не “згуляць у карты” з дамавіком?

Мы ездзім у Турцыю, Германію, Францыю, Італію, Іспанію, загадзя “прабіваем” маршруты і вывучаем замежныя славутыя мясціны, а пасля з захапленнем расказваем сябрам пра фантан Трэві, Эйфелеву вежу, Брандэнбургскія вароты і гэтак далей. Прычым можам дакладна ўспомніць і назвы плошчаў і вуліц, дзе яны знаходзяцца. Часам Барселону ці Рым многія ведаюць лепш за свой гарадок ці вёску. Там жа Гаўдзі, Мікеланджэла, Да Вінчы... А ў нас што?

А што ў нас? Мы сядзім у камп’ютарах, тэлевізарах, марым пра цёплае мора і высокія горы і зусім не заўважаем, што знаходзіцца побач. Не заўважаем ці, больш дакладна, не хочам заўважаць. Памятаю, як гуляла з сяброўкай па новым мікрараёне Мінска па вуліцы Напалеона Орды і стала сведкай размовы дзвюх жанчын: “Назвалі вуліцу то назвалі. Ну яшчэ Напалеон тут хоць прабегам быў. Але прычым тут Залатая Арда?!” Канешне, нельга ведаць усё. Але ж можна проста набраць у пошукавай сістэме “Напалеон Орда” і за долі секунды даведацца, што гэта быў слынны мастак і таленавіты музыкант родам з Беларусі, які доўгі час жыў і працаваў у Парыжы. А пасля схадзіць у Нацыянальны мастацкі музей Беларусі і ўвачавідкі ўбачыць карціны мастака.

Мы перасталі быць цікаўнымі. У нашых галовах сядзіць стэрэатып: у Беларусі няма чаго глядзець і чым захапляцца, а вось там, за акіянам... Вечная песня. Сёння маем тое ж, што і дзесяць, дваццаць, пяцьдзясят гадоў таму. “Ах-ах, мандаліны! Ах-ах, мусоны! А ў нас так шэра! А ў нас так нудна!” Не любяць радзімы, не любяць мовы. Хлопы! Іваны без роду, без племені! — пісаў яшчэ ў 1957 годзе Уладзімір Караткевіч у вершы “Калумбы зямлі нязнаемай”. — Вы седзіце тут ад лямпы сінія І марыце пра піраміды над Нілам, А што вы ведаеце пра краіну, У якой вас маці на свет нарадзіла?”

У нас нудна? Чаму тады нашымі краявідамі захапляюцца замежныя турысты? Чаму натхняюцца беларускай архітэктурай, нашымі лясамі і азёрамі рэжысёры, мастакі, музыканты “з-за бугра”? Ды многія беларускія мястэчкі могуць пахваліцца гісторыяй, багацейшай за гісторыю многіх сусветных турыстычных гарадоў. Успомніць хоць праект “Народнай газеты” “Сем цудаў Беларусі”. Кожны рэгіён нашай краіны — гэта скарбніца легенд, архітэктурных жамчужын, таленавітых постацей. Гэта наша зямля дала свету Францыска Скарыну, Марка Шагала, Хаіма Суціна, Тадэвуша Касцюшку, Ігната Дамейку і многіх іншых.

Канешне, праблема ў тым, што мы, сціплыя беларусы, не ўмеем сябе паказаць, не ўмеем з гонарам сказаць “глядзіце, што мы маем!” і папросту не ўмеем любіць сваё. Радуе, праўда, што сёння сярод маладых беларусаў знаходзіцца ўсё больш нераўнадушных да родных мясцін. Аўтастопам, на роварах ці проста ў кедах яны пазнаюць Беларусь, адкрываючы яе пасля сваім знаёмым і сябрам. Едуць у Смаляны пад Оршай з загадкавымі паўразбуранымі храмамі, у Залессе ў госці да Агінскіх, у Астравецкі Версаль у Гервяты, у французскую кавярню ў стылі La Rotonde у Смілавічы за кубачкам кавы і гэтак далей.

У некаторых гарадах Беларусі ладзяцца цікавыя альтэрнатыўныя экскурсіі, падчас якіх расказваюць пра незвычайныя і нефарматныя аб’екты, аб якіх не здагадваюцца нават самі гараджане. У прыватнасці, у Мінску, аказваецца, можна пазнаёміцца з “кіслотным ракако” — комплексам будынкаў розных памераў і форм на Адзінцова, Эйфелевай вежай — падстаўкай для кветак ва Уруччы, пенапластавым заапаркам у адным з двароў на вуліцы Сядых.

І як тут не пагадзіцца з Караткевічам: “ А я не пішу пра чужыя шыроты. Я джунглі і ў нас адшукаць сумею. Сцяблінка звычайнай расянкі балотнай Цікавей жыве за ўсе архідэі”.

←У красной черты

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика