Слова і справа

Источник материала:  
03.09.2013 — Разное

Дзень беларускага пісьменства ў Быхаве яшчэ раз засведчыў: беларусы ведаюць свае духоўныя карані, зберагаюць дасягненні мінулых пакаленняў і ўпэўнена будуюць сваю сучаснасць і будучыню.

Як бы мы зараз ні ставіліся да былых ідэалаў, але аспрэчыць вызначэнне нацыі пяццю прыкметамі, дзе сярод асноўных — агульнасць мовы і культуры, пакуль не наважыцца ніхто. Менавіта гэтыя дзве канстанты прыўносяць у нацыянальную супольнасць, згуртаванась і даюць штуршок як для эканамічнага, так і для духоўнага развіцця. Чарговае, дваццатае па ліку, свята Дня беларускага пісьменства, якое прайшло ў Быхаве, яшчэ раз пацвердзіла гэтую акалічнасць.

Стала ўжо добрай традыцыяй, што гэтае свята для горада, у якім яно праводзіцца, атаясамліваецца і з абнаўленнем, і са з’яўленнем новых культурных і сацыяльных аб’ектаў, якія пасля ўрачыстасцей застаюцца ў падарунак мясцовым жыхарам. Вядома, калі рыхтуешся да сустрэчы “гасцей з усіх валасцей”, то імкнешся прыбраць у хаце, паказаць свой побыт з самага выгаднага боку. Быхаўцы разам з усёй Магілёўшчынай у гэтым сэнсе пастараліся на славу. Горад, можна сказаць, кардынальна змяніў аблічча, стаў больш утульным і прывабным. Па словах губернатара вобласці Пятра Рудніка, за час падрыхтоўкі да свята ў горадзе адбудавана ці рэканструявана амаль 130 аб’ектаў. І сярод іх не толькі тыя, што маюць сацыяльна-культурнае прызначэнне, як, напрыклад, капітальна адрамантаваны кінатэатр “Радзіма”, што літаральна атрымаў новае жыццё ў дні свята, або плавальны басейн, водныя дарожкі якога плыўцы апрабавалі таксама ў гэтыя ж дні, а майстар-клас у ім правяла славутая спартсменка, чэмпіёнка свету, прызёр Алімпіяды Аляксандра Герасіменя.

У горадзе ўзведзена некалькі жылых дамоў, адкрыліся пасля капітальнага рамонту чыгуначны і аўтамабільны вакзалы. Хутка пачне працаваць комплекс па вырошчванні каштоўных парод рыб, у прыватнасці, фарэлі. Ён будзе першым падобным на Магілёўшчыне. Аб маштабах падрыхтоўкі да свята сведчаць і матэрыяльныя выдаткі: з усіх крыніц фінансавання выдаткавана прыкладна 270 мільярдаў рублёў.

Вітаючы ўдзельнікаў і шматлікіх гасцей свята, віцэ-прэм’ер урада Анатоль Тозік назваў намаганні гаспадароў у яго падрыхтоўцы выніковымі, а выбар Быхава ў якасці месца правядзення Дня беларускага пісьменства заслужаным. І гэта сапраўды так. Быхаўская зямля дала свету шмат вядомых вучоных, асветнікаў, царкоўных і грамадскіх дзеячаў розных эпох — ад Сярэднявечча да нашых дзён. І зараз у адным шэрагу ўспамінаюцца імёны стваральнікаў “Граматыкі” і “Азбукі” Мяленція Сматрыцкага і Лаўрэнція Зізанія, што жылі ў ХVІІ стагоддзі, і вядомых у Беларусі сучасных мастакоў, пісьменнікаў і публіцыстаў. Дарэчы, на адноўленым будынку раённага Цэнтра культуры ў святочныя дні адкрыта мемарыяльная дошка аднаму з заснавальнікаў тэорыі сучаснай айчыннай журналістыкі, заслужанаму дзеячу мастацтваў Беларусі прафесару Барысу Васільевічу Стральцову, ураджэнцу Быхаўшчыны. Яго імем таксама названа бібліятэка.

Думка аб непарыўнай повязі часоў прагучала ў прывітанні ўдзельнікам свята Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі, якое агучыў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Радзькоў. “Дзень пісьменства, — гаворыцца ў ім, — добрая нагода ўспомніць шматвякавыя нацыянальныя традыцыі, асэнсаваць іх месца ў сучаснасці. Беларусь ведае свае духоўныя карані, зберагае дасягненні мінулых пакаленняў і ўпэўнена крочыць у будучыню”. Гэтыя словы самым арганічным чынам суаднесліся з тым, што адбывалася на свяце. Аддаючы належнае гістарычным унёскам, скажам, сусветна вядомаму Баркулабаўскаму летапісу, створанаму на Быхаўскай зямлі больш за чатыры сотні гадоў таму, на плошчы перад Цэнтрам культуры ўдзельнікі свята адкрылі манументальна-скульптурную кампазіцыю “Баркулабаўскі летапіс”, якая сімвалізуе не толькі гістарычны дакумент таго часу, але і цудадзейную ікону Божай Маці Баркалабаўскай. Падчас Дня пісьменства было прэзентавана і факсімільнае выданне самога летапісу з каментарыямі для сучаснага чытача. Цяпер унікальны помнік беларускага пісьменства стаў даступным для шырокай аўдыторыі.

У рамках падрыхтоўкі да Дня пісьменства шмат чаго было зроблена па кансервацыі Быхаўскага замка і сінагогі — помнікаў ХVІІ стагоддзя. А археалагічныя раскопкі прынеслі сотні артэфактаў, якія зоймуць месца ў краязнаўчых музеях.

Адбітак непарыўнасці і працягу традыцый наклала багатая і разнастайная культурная праграма свята. Нацыянальная бібліятэка да свята падрыхтавала кніжную выставу “Слаўная зямля праслаўленых продкаў”, прысвечаную старажытным помнікам беларускага пісьменства, гісторыі часоў летапісання, самой Быхаўскай зямлі. Рэспубліканскія перыядычныя выданні (у тым ліку і “Народная газета”), выдавецтвы прадставілі быхаўцам экспазіцыі сваёй прадукцыі. І ім было што паказаць. Толькі за апошні год у краіне пабачылі свет 11 тысяч кніг і брашур агульным тыражом у 33 мільёны экзэмпляраў. У рэчышчы міжнароднай навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да Святыняў” паказалі свае здабыткі і мясцовыя выданні Магілёўшчыны. Лагічным працягам духоўнай акцыі стала духоўна-асветніцкая праграма “Сям’я — Яднанне — Айчына”, мерапрыемствы якой будуць праходзіць на Быхаўшчыне на працягу ўсяго тыдня. Аўтэнтычныя мастацкія калектывы прыўнеслі ў гукавую палітру свята свае гукавыя фарбы. На кожным кроку святочнай пляцоўкі — а ёю, лічы, стала ўся галоўная вуліца Быхава — можна было ўбачыць заліхвацкага шляхціца ці прывабную паненку, дудара-музыку ды заўзятага танцора. Ля сінагогі самадзейныя калектывы дэманстравалі ўзоры яўрэйскай культуры. На іншых сцэнічных пляцоўках гучалі сучасныя маладзёжныя мелодыі і рытмы. А выступленне ансамбля званароў Беларускай праваслаўнай царквы, Магілёўскай гарадской капэлы, акадэмічных хароў устаноў адукацыі вобласці нібы знітоўвала даўніну з сучаснасцю.

Адметна, што ў сёлетнім фестывалі прынялі ўдзел дэлегацыі ўсіх сямнаццаці гарадоў краіны, дзе раней праходзілі такія ж святы. Яны разам з быхаўцамі заклалі алею ў парку 50-годдзя Перамогі. Багаццем тавараў і вырабаў, іх разнастайнасцю вызначаліся і гандлёвыя рады. Ганчары, рэзчыкі па дрэве, майстры саломапляцення на ўсе лады запрашалі да сябе пакупнікоў. Гараджане і госці мелі магчымасць набыць тут шматлікія сувеніры, падсілкавацца і выпіць любыя напоі, паўдзельнічаць у цікавых гульнях і атракцыёнах, прадэманстраваць свае фізічныя і творчыя здольнасці. Святочнасць атмасферы адчувалася паўсюль. А заключным акордам свята стаў феерверк, які расквеціў вячэрняе неба Быхава.

←Турфирмы не планируют повышать цены на отдых в Турции

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика