Беларускамоўны гарадскі першы клас адкрыецца толькі ў Ашмянах

Источник материала:  
30.08.2013 — Разное

Першы раз пайсці ў першы беларускамоўны клас змогуць далёка не ўсе дзеці.

Як стала вядома “РГ”, сёлета гарадскія беларускамоўныя першыя класы з’явіліся ў нашым рэгіёне толькі ў Ашмянах.

Звестак па Маладзечне пакуль няма. У Астраўцы адпаведных заявак ад бацькоў не было, а ў Смаргоні клас не сабралі.

Летась сітуацыя была такая: у той частцы нашага рэгіёна, што месціцца ў Мінскай вобласці, у гарадах усе школы былі рускамоўныя, а ў вёсках − беларускамоўныя. А на  Ашмяншчыне, Астравеччыне і Смаргоншчыне беларускія класы былі і ў гарадах.

Міністэрства адукацыі паставіла патрабаванні: цяпер у першых і пятых класах павінна быць не менш за 24 чалавекі.

Калі ёсць недахоп вучняў, клас не збіраюць, а дзяцей расфарміроўваюць па іншых класах.

– Калі атрымліваецца, што ў адным класе 24 дзіцяці, а ў другім толькі 20, то трэба звярнуцца ў аддзел адукацыі мясцовага райвыканкама, –  кажа дырэктар маладзечанскай сярэдняй школы № 5 Яўген Макарэвіч. – Кожная падобная сітуацыя разглядаецца асобна, але, хутчэй за ўсё, у такім выпадку дазволяць не аб’ядноўваць два класы ў адзін.

СМАРГОНЬ. – Раней мы маглі адкрыць клас, калі вучняў было і 18, і 19, – тлумачыць начальнік аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі аддзела адукацыі Іна Бацян. – Цяпер жа такой магчымасці ў нас няма. Таму сёлета ў горадзе не сабралі беларускамоўны клас.

Тыя дзеці, якія летась пайшлі ў першы беларускамоўны клас, будуць працягваць навучанне на роднай мове.

У Смаргонскім раёне ўсе сельскія школы вядуць навучанне па-беларуску.

Сёлета зачыняць дзве школы − у Кушлянах і Шутавічах.

Рэарганізуюць два вучэбна-педагагічныя комплексы. Замест Бялкоўшчынскага комплексу яслі-сад-базавая школа  будзе яслі-сад-пачатковая школа. Так адбудзецца і з Ракавецкім комплексам.

АСТРАВЕЦ. – На Астравеччыне дзяцей на беларускай мове навучаюць усе сельскія школы, – кажа намеснік начальніка аддзела адукацыі Наталля Баніцэвіч. – Выключэнне складае толькі Рымдзюнская школа з літоўскай мовай навучання.

Чыста беларускамоўных груп у садках Астраўца няма.

З першага верасня закрываецца базавая школа ў Тракеніках.

АШМЯНЫ. У 11-ці школах Ашмянскага раёна і ў дзіцячым інтэрнаце навучанне адбываецца па-беларуску.

– Што тычыцца горада, то ў школах існуюць беларускамоўныя класы для пачатковай школы, – кажа спецыяліст аддзела адукацыі Ашмянскага райвыканкама Ганна Амбражэвіч.

ВІЛЕЙКА. Паводле словаў метадыста аддзела адукацыі, спорту і турызму Вілейскага райвыканкама Наталлі Пражэнік, сельскія школьнікі навучаюцца на беларускай мове.

Летась беларускамоўных школ было 20, але сёлета вырашылі рэарганізаваць Вязынскі вучэбна-педагагічны комплекс і пакінуць толькі садок.

Садкі на раёне таксама беларускамоўныя. А вось ў Вілейцы як у школах, так і ў садках дзеці навучаюцца на рускай мове.

МЯДЗЕЛ. − На Мядзельшчыне 11 cельскіх школ, – гаворыць намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Мядзельскага райвыканкама Святлана Кундра. – Але не ўсе яны беларускамоўныя, напрыклад, у Свірскай школе навучанне праходзіць па-руску.

Шэсць садкоў з адзінаццаці ў Мядзеле і раёне маюць беларускамоўныя групы.

Сёлета на Мядзельшчыне зачыняюць Выгалавіцкую базавую школу.

ВАЛОЖЫН. Як расказала метадыст аддзела адукацыі Валожынскага райвыканкама Святлана Квяткоўская, усе гарадскія школы вядуць навучанне на рускай мове, а вясковыя − на беларускай.

З садкамі сітуацыя такая: з 63 дзіцячых груп – 28 цалкам беларускамоўныя.

МАЛАДЗЕЧНА. У Маладзечанскім аддзеле адукацыі звесткі пра беларускамоўныя першыя класы з’явяцца цягам першага тыдня верасня.

Сёлета рэарганізуюць Раёўскі вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад-сярэдняя школа. Застанецца дзіцячы садок.

У сельскіх установах дашкольнай адукацыі ёсць групы з беларускамоўным навучаннем, а вось ў горадзе такіх груп няма.

Як патлумачыла намеснік начальніка аддзела адукацыі Маладзечанскага райвыканкама Соф’я Філістовіч, каб дзіця вучылася ў беларускамоўным класе, бацькам трэба напісаць адпаведную заяву. Калі збярэцца клас, навучанне будуць весці па-беларуску.

Вольга ЮРКЕВІЧ, Аляксандра ПАРАХНЯ.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.

←Волчье солнце

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика