Яго вялікасці Слову прысвячаецца

Источник материала:  
28.08.2013 — Разное

Пагартаць Баркулабаўскі летапіс, убачыць унікальную геральдычную кафлю і пачуць гімн беларускаму пісьменству можна будзе ў Быхаве ў гэтыя выхадныя

Горад з багатай культурай і цікавай гісторыяй першага верасня прыме свята з нацыянальным статусам —
Дзень беларускага пісьменства. На ўрачыстасцях, прысвечаных яго вялікасці Слову, чакаюць каля дзвюх тысяч удзельнікаў і дзясяткі тысяч гасцей з Беларусі і замежжа. 

Ужо сёння рушыла ў дарогу з Мінска рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў” з Жыватворным Агнём ад Труны Гасподняй. Сёлета яна пройдзе па асобных гарадах і вёсках Брэсцкай, Мінскай, Магілёўскай абласцей і завершыцца ў Быхаве першага верасня.

Непасрэдна ў Дзень беларускага пісьменства гасцей свята чакаюць фестываль кнігі і прэсы, святочная лінейка, прысвечаная Дню ведаў, сустрэчы з літаратарамі, выступленні мастацкіх калектываў і беларускіх выканаўцаў, прэзентацыя гімна беларускаму пісьменству, канцэрт званароў і акадэмічных хораў, тэатральныя экспазіцыі, яшчэ нямала цікавых мерапрыемстваў.

— Праграма свята сёлета настолькі змястоўная, што кожны зможа знайсці сябе — ці то на конкурсе “Жывая класіка”, ці на прадстаўленні кніг, ці на сустрэчах з пісьменнікамі, ці на творчых пляцоўках, — расказвае першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч.

Падчас свята адбудзецца таксама ўрачыстае адкрыццё скульптуры, прысвечанай Баркулабаўскаму летапісу. У горадзе з’явяцца барэльеф у памяць вядомага беларускага журналіста Барыса Стральцова, ураджэнца Быхаўскага раёна, кампазіцыя “Сустрэча” і Алея гарадоў — сталіц беларускага пісьменства папярэдніх гадоў. Пасадзіць дрэва і ўстанавіць лаўку ў гонар кожнага рэгіёна прыедуць прадстаўнікі ўсіх сямнаццаці былых сталіц беларускага пісьменства.

— Да любога свята ў любым доме рыхтуюцца загадзя, — разважае намеснік старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Валерый Малашка. — Мы робім усё, каб горад Быхаў, які мае багатае гістарычнае мінулае, звязанае з культурай, літаратурай, славянскай мовай, годна прыняў дваццаты юбілейны Дзень беларускага пісьменства.

Да свята ў горадзе аднаўляюцца аб’екты культуры. На тэрыторыі замка ўпершыню праведзены вялікія археалагічныя даследаванні. Студэнты Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, якія працавалі на тэрыторыі замка каля двух месяцаў, знайшлі каля васьмі з паловай тысяч розных артэфактаў. Найбольш цікавыя рэчы, да прыкладу, геральдычная кафля Яна Сапегі, будуць выстаўлены падчас свята ў адной з адноўленых замкавых вежаў. Сярод адноўленых аб’ектаў Быхава таксама аўтобусны і чыгуначны вакзалы, басейн, у адкрыцці якога прыме ўдзел вядомая беларуская спартсменка Аляксандра Герасіменя.

Быхаў паўстане перад гасцямі свята ва ўсёй прыгажосці. З нецярплівасцю чакаюць урачыстасцяў і самі быхаўчане. Прычым не проста чакаюць, а непасрэдна ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы да Дня беларускага пісьменства.

— Правялі ўжо тры суботнікі, на якіх зарабілі больш за мільярд беларускіх рублёў, — расказвае старшыня Быхаўскага райвыканкама Дзмітрый Калееў. — Сродкі пайшлі на стварэнне ў горадзе дзіцячага парка, якога ніколі ў Быхаве не было. Штодня каля двухсот—трохсот быхаўчанаў прымаюць удзел у добраўпарадкаванні вуліц і аб’ектаў горада. За ўвесь час свае намаганні ў падрыхтоўку горада да свята прыклалі каля адзінаццаці тысяч жыхароў Быхава. З такімі энтузіястамі, упэўнены, свята ўдасца!

 Дарэчы

На Дзень беларускага пісьменства ў Быхаве ўстановяць рэкорд СНД і краін Балтыі па скачках з парашутам і сцягам. Спартсмен-парашутыст Магілёўскага аэраклуба Павел Навіцкі разгорне над Быхавам гіганцкі сцяг Беларусі агульнай плошчай 684,5 квадратнага метра. Дагэтуль рэкордам лічыцца скачок са сцягам Расійскай Федэрацыі плошчай 600 квадратных метраў.

←С Ямала — домой

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика