Іван Драўніцкі: “Родная мова як паветра, як зямля, як маці”

Источник материала:  
19.08.2013 — Разное

Іван Драўніцкі на экскурсіі па Камарове

Сёння наш госць – вядомы краязнаўца і педагог з вёскі Камарова на Мядзельшчыне Іван Драўніцкі.

 Ён распавядае пра цікавыя вандроўкі і адметныя адкрыцці. Дзеліцца, як дзякуючы імкненню хутчэй даведацца пра прыгоды чарнакніжніка навучыўся чытаць. Прыгадвае, як уцякаў са школы. Раскрывае сакрэты таго, як збіраць паданні і зацікавіць дзяцей краязнаўствам.

 – Іван Пятровіч, што прыгадваецца з дзяцінства?

– Як навучыўся чытаць: у пяць год чытаў бегла. Бацька займеў кнігу на польскай мове “Містар Твардоўскі, слаўны чарнакніжнік польскі. Займальная і вясёлая гісторыя, сабраная са старых хронік”. Такую моду завёў: пачытае старонку на ноч і адбой: “Ідзі спаць. Заўтра другую буду чытаць”.

Здымак з дзяцінства – сям'я Драўніцкіх з маленькім Яськам, 1938 год


А мне ж цікава, што ж там далей, дзе ж да заўтра чакаць. Адкрыю кніжку, а там значкі нейкія. Я да бабулі: “Як чытаць?”. Бабуля ўзялася: “Навучу, унучак”. Навучыла. Пакуль бацька закончыў, я сам гэту кнігу прачытаў.

У хаце было шматмоўе. Паколькі мусіў у школу польскую пайсці, бацька стараўся, каб ведаў польскую мову. Маці з вясковых, гаварыла толькі па-беларуску. Бабуля сама літоўка, хацела, каб ведаў літоўскую мову, казкі мне расказвала і песні спявала літоўскія. Перавага на вёсцы была ў беларускай мовы, потым і ў школе сталі на ёй выкладаць.

Забавы, гульні ўсялякія ўспамінаюцца. У нас была купка з 12  хлопцаў. Шмат працавалі з глінай, ляпілі самалёты, танкі, караблі, замкі, скульптуры розныя. Была ідэя зрабіць непатапляльны карабель. Высушвалі гліну, каб лягчэйшая была. Потым зрабілі карабель, дымаход, наклалі трэсачак. Пусцілі па рэчцы, ён некалькі хвілін плыў, але ўсё ж патануў.

Адзін хлопчык зрабіў з гліны вялікі глобус — як падняць. Гарады і людзей, дрэвы выляпіў – уся вёска глядзела.

Прыгадваецца сустрэча з першай настаўніцай Янінай Аніцэтаўнай. У першы дзень у школе з мяне пасмяяліся старэйшыя вучні: торбачку са сшыткамі, алоўкам і лустай хлеба са скваркай заперлі ў печы. Я ўцёк са школы, хацеў зусім яе кінуць. Настаўніца стала мяне шкадаваць, абняла. Была наогул вельмі добрая, стала як другая мама.

Запомнілася і іншае. Як у 1940 годзе яе звезлі ў Сібір. Прыйшлі супрацоўнікі НКУС, проста з урока забралі – усе дзеці плакалі. Сынок настаўніцы Багдан вучыўся ў маім класе – яго таксама забралі, і усю сям’ю вывезлі. У Сібіры яна працавала на шахтах. Пасля некалькіх гадоў катаргі паехала ў Польшчу.

– Чаму абралі прафесію настаўніка?

– Пэўна, адыграла ролю тое, што марыў быць падобным на першую настаўніцу Яніну Аніцэтаўну.

Таксама без бацькавага ўплыву не абышлося: ён сам быў пісьменны, нават вершы і паэму напісаў. Казаў, што трэба вучыцца, шукаць разумовую працу, хаця сам кавалём быў. Ды і самому ў калгасе не хацелася заставацца, хацелася ў свет выйсці.

– Пасля завяршэння Камайскай школы вы вучыліся ў Пастаўскім педвучылішчы, у якім пасля вайны дзейнічала арганізацыя моладзі “Саюз беларускіх патрыётаў”…

– Якраз калі мы прыйшлі, то гэта арганізацыя была ўжо разгромленая. Нам толькі расказвалі студэнты, што была такая арганізацыя, якая займалася вывучэннем беларускай мовы і культуры, працавала на павышэнне нацыянальнай свядомасці.

Сябрам арганізацыі закідвалі*, што яны думалі зброю трымаць у руках. Наколькі мне вядома, ніякай зброі ў іх не было. Многія закончылі вучылішча, працавалі настаўнікамі. Потым іх высачылі, арыштавалі.

Фота з шасцікласнікамі школы ў Малой Сырмежы


– Адкуль у вас такая цікавасць да гісторыі роднага краю?

– Пэўна, пачалася яна тады, калі арганізаваў у Куцькаўскай школе гурток “Валошкі” – каб у летні час дзеці не блыталіся, распусту якую не рабілі. Малады быў, збіраў ахвотных, на роварах ездзілі па наваколлі, знаходзілі цікавыя мясціны.

Можа, падштурхнула і тое, што быў знаёмы з такімі людзьмі, як настаўнік і дырэктар Камайскай школы Іосіф Быхавец, які размаўляў па-беларуску і зацікаўліваў ведаць свой край, настаўнікам, пісьменнікам Алесем Рылько.

Потым былі сустрэчы з энцыклапедыстам Якавам Якубоўскім, Адамам Мальдзісам, Міколам Улашчыкам. Спатыкаліся не раз з Міколам Ермаловічам, у яго неаднойчы быў, з Генадзем Каханоўскім цэлымі паўднёўкамі сядзелі, гутарылі. Вось кантакты з такімі людзьмі і праца з вучнямі далучылі да краязнаўства.

– А ў якія гады пачалі цікавіцца краязнаўствам?

– Гэта з 1958 года, калі стаў дырэктарам Куцькаўскай школы. З’явіліся і магчымасць, і ўлада пэўная. Аўтобусаў тады не было, але лёгка была дастаць грузавую машыну. Накладвалі саломы, накрывалі тэнтам – маглі ехаць у Ленінград, Вільню, Кіеў, Рыгу. Потым забаранілі на машынах ездзіць, трэба было толькі на аўтобусах. Таму пачалі на роварах вандраваць.

За ўсё сваё жыццё ў радыусе  20-25 кіламетраў ад Камарова ўсе населеныя пункты і цікавыя мясціны ўдалося наведаць, і па некалькі разоў. Адразу як у разведку ехалі. Потым знаходзілі цікавых асоб. Выбіраліся ўжо мэтанакіравана, бралі фотаапарат, магнітафон, запісы рабілі. Пазней з’яўляліся публікацыі ў раённых газетах.

– Якая з гэтых вандровак з дзецьмі найбольш запомнілася?

– Цікавая была на хутар Глушыца. Адметны ён тым, што там усяго было пяць хат, і з кожнай выйшаў знакаміты чалавек: пісьменнік, навукоўца, атамшчык,  мастак, разьбяр. І гэта мяне дзівіла: што такі маленькі засценачак, а такія адукаваныя людзі з яго выйшлі.

– У гэтых вандроўках запісвалі паданні...

– Паданні мы збіралі во як. Прыходзілі да старой бабулькі. Пытаем: “Як жывяце, як даўней жылося, як што”. Яна расказвае пра працу, маладосць. Далей: “Як палі называеце, як лясы. А вось пра гэта балота, ці пра крынічку раскажыце – як там што былося?” Яна і расказвае.

Называлі па рознаму: паданні ці расказы або зданні (бо здавалася). Дзеці вельмі любяць паданні збіраць – яны такія казачныя.

Іван Драўніцкі запісвае песні і паданні


– Якія асноўныя тэмы паданняў?

– Адносіны між людзьмі. Найбольш пра каханне, узаемаадносіны, сяброўства. Ёсць звязаныя з багамі дахрысціянскімі.

– Шмат паданняў запісалі ад людзей. Якое найцікавейшае?

– Вылучыць цяжка: кожнае па-свойму арыгінальнае. Але ўсе яны дыдактычныя, носяць выхаваўчы падтэкст. Заснаваныя на падзеях са звычайнага жыцця. Потым, вядома, нешта прыфантазіравалі.

Адно паданне пра мошчы ў Засвірскім касцёле мае нават тры варыянты. Людзей інтрыгавала: ляжыць, не гніе труп, кожны дзе што ўчуў, тое і расказвае.

– Якія расказчыкі запомніліся асабліва?

– Броня такая на Балдуку жыла. Гусей гадавала, коз.

Прыйдзеш – яна ў звычайным адзенні, цёмным. “Дзеткі, пачакайце”, – кажа. Пойдзе да куфра, апране белы фартух, садзіцца, ручкамі разгладзіць і пайшла расказваць. І раскажа, дзе трэба, і спяе.

– Якія самыя каштоўныя для вас адкрыцці ?

– Тое, што ўдалося вызначыць, што вядомы кампазітар Дзмітры Шастаковіч – выхадзец з нашага краю. Лічу, удалая і патрэбная праца.

Яшчэ адкрыццё асобы паўстанца Фларыяна Даноўскага. Наштурхнула мяне суседка, расказала пра помнік на могілках у Каралінове на Пастаўшчыне. Пайшоў перш адзін і потым стаў дзяцей вадзіць. Неўзабаве публікацыі пачалі пра яго з’яўляцца.

Мастак Альфрэд Ромэр. Прачытаў пра яго артыкул кароткі, называлі яго літоўскім, польскім мастаком. Аказваецца, самы што ні на ёсць беларускі. Амаль увесь час ён жыў у Каралінове, і яго творчы патэнцыял тут раскрыўся. У Камайскім касцёле засталася яго карціна “Збаўца з хлопчыкам”. Нешта такое, не горшае як “З’яўленне Хрыста народу” Іванова.

Я гэту карціну бачыў з шасцігадовага ўзросту, але ж доўга не ведаў, хто аўтар. Высветлілася ўсё дзякуючы мастаку Алесю Цыркунову і ксяндзу Яцаку Хутману. Яны залезлі, знялі карціну і на падрамніку ўбачылі подпіс Ромэра. Пасля гэтага сталі асобу мастака вывучаць, ў яго гонар і вуліцу, і вучылішча ў Паставах назвалі, і сёлета пленэр адбыўся. Мастак сусветнага значэння.

Цікавая асоба – арганіст Бронэк Руткоўскі. Ён нарадзіўся ў Камаях на Пастаўшчыне. Працаваў тут, потым з’ехаў у Кракаў.

Неяк з вучнямі з гуртка “Валошкі” адпачывалі ў Камайскай школе. Прыйшла жанчына, аказалася, што гэта яе пляменнік. Перадала з трыццаць фотаздымкаў, лісты, якія ён прысылаў. Стаў успамінаць: я ж яго бачыў! На Каляды ў 1939 годзе ён быў у строі апостала, раздаваў нам цукеркі. Пра Руткоўскага я кніжку выдаў.

– Дарэчы, колькі ўсяго кніг выдалі?

– Пяць, і адну ў сааўтарстве.

– Вы ж амаль усё жыццё школамі кіравалі? 

– Так. Год адпрацаваў настаўнікам у Клюшчанскай сямігодцы. А потым быў дырэктарам школы ў Малой Сырмежы. Далей тры гады ў войску адслужыў, пару год папрацаваў у Вялікастаўпяняцкай школе дырэктарам, а з 1958 года кіраваў Куцькаўскай школай – і аж да пенсіі.

– Як лічыце, якія якасці характару неабходныя для дырэктара школы?

– Справядлівасць, спакойны каб быў. У кожным настаўніку трэба знайсці добрую рысу. Калі той у нечым памыліўся, будзеш яго кляваць — перакананы, што сапсуеш чалавека.

Добрае неабходна падкрэсліваць, ацэньваць. Лепш за ўсё пахваліць, знаходзіць станоўчае, ну а потым сказаць: “А там нешта трэба падправіць”. Бо калі адразу благога нагаворыш, то сапсуеш настрой, і ён рукі апусціць.

Старацца трэба не загадваць нешта рабіць. Настроіць так, каб ён быццам бы сам падышоў да выкання нейкай працы. А потым курыраваць, дапамагаць. Але калі заявіў, што зробіш, сказаў “гоп” – то трэба і скачок рабіць.

– Як на краязнаўства часу хапала: дырэктарская праца ж не з лёгкіх?

– Час заўсёды знойдзецца. Робіш нейкую работу і пра нешта думаеш, успамінаеш. Прыйшоў – запісаў. Гэта не толькі нейкая адміністрацыйная праца была. Грошай на рамонт школы не хапала, то самому даводзілася і печку рамантаваць, і фарбаваць.

– Зараз з дзецьмі ў роварныя вандроўкі ці выпраўляецеся?

– Не. Гадоў пяць, як кінуў. Толькі ў пешаходныя, па суседніх вёсках.

– У сучасных дзяцей ёсць цікавасць да краязнаўства ?

– Ёсць. Яны любяць, каб з імі хадзіў: новая абстаноўка, новыя людзі. Самі яны па хатах хадзіць не будуць, а за мной зойдуць. Людзі спаткаюць, чаем пачастуюць, нешта раскажуць. Дзецям цікава, пытаюцца: “Куды яшчэ пойдзем?”

Ужо вынікі падводзіць ім цяжэй, загружаныя ўрокамі. Але стараюцца: калі бачылі, трэба расказаць і іншым. Сёлета ў гуртку 14 чалавек было. Нікога не прымушаў наведваць: хочаш – хадзі, не хочаш – не хадзі. Адразу і болей вучняў запісваецца, потым гляджу – камусьці не выходзіць. Значыць, яму і не трэба.

– Вы – багаты бацька, аж пяцёра дзяцей маеце. А яшчэ восем унукаў, праўнучка. Цікавяцца яны краязнаўствам?

– Я б не сказаў: па розных сцяжынках пайшлі. А вось жонка больш за мяне чытае гістарычнай літаратуры. Яна прачытае – і мне раскажа.

З жонкай Каралінай


– Дзецям, унукам ці расказваеце паданні?

– А як жа. Калі з унукамі хаджу на Блакітныя азёры, распавядаю, якія існуюць паданні пра крынічку, ці пра возера якое. Зусім іншымі вочкамі глядзяць.

— А замест казкі перад сном?

– Таксама расказваю, а лепей песні праспяваю – беларускія, вядома. Маміны песні, тутэйшыя.

Мама, бабуля спявалі, а бацька на скрыпачцы граў – цэлы канцэрт ладзілі, так у хаце іншы раз весела было. 

– Краязнаўства і родная мова — яны непадзельныя адно ад аднаго?

– Родная мова – як паветра, як зямля, як маці. Сказаць, што любіў яе ці што – я нарадзіўся з ёй, вучыўся і проста жыву. Гэта не цікавасць — гэта маё, як хлеб, так і мова. Рускую мову вучыў, польскую, нямецкую, а гэта натуральная з’ява.

– Колькі моў ведаеце?

– Беларускую, рускую, польскую. Нямецкую са слоўнікам, літоўскую на прымітыўным узроўні. Недахоп, што не ведаю англійскую мову. Каб ведаў, меў бы шырэйшы кругагляд, у тым жа інтэрнэце мог бы больш чаго знайсці.

– У архівах дзе працавалі?

– У Маладзечне, Мінску, Наваградку, Гродне, Вільні, Рызе, Беластоку, Ольштыне.

– Якія звесткі там шукалі?

– Розныя. У замежжы больш шукаў пра князёў Свірскіх. Настолькі гэта ўсё страчана, што мала што ўдалося знайсці. Планую, калі пажыву, напісаць гісторыю Свіры. Свір — гэта не Мядзел. У Мядзеле яшчэ лес быў, а тут у 12 стагоддзі замак будавалі. Княства было, сталіцу Нальшчанскага княства ў Свір пераносілі. Багатая гісторыя, трэба больш актыўна з ёй знаёміць.

– Якія яшчэ кнігі хочаце выдаць, даследаванні зрабіць?

– Пра Свір яшчэ на другім, а то і на трэцім плане. Зараз ўжо зроблены  даведнік з Вільні ў Полацк. Аддаў у друк  кнігу пра мастака Ромэра.

Пачаў пісаць “Не мядзведжы кут” – кніга пра першы год маёй працы ў Клюшчанах.  Мяне пасылалі працаваць настаўнікам у самы глухі куток былога Свірскага раёна – 24 кіламетры ад райцэнтра, туды можна было даехаць толькі на кані і дарогі разбітыя былі. Год папрацаваў – разабраўся, што гэта не мядзведжы куток. Такое бойкае месца было: дзесяць асоб, якія маюць усебеларускае значэнне, адтуль выйшлі.

– Свой радавод ці глыбока раскапалі?

– Недалёка — пакаленне пятае. Далей цяжка знайсці. 

– Кім з продкаў ганарыцеся?

– Прадзед быў герой турэцкай вайны, меў высокую ўзнагароду на стужцы.

 – Іван Пятровіч, які ж ваш след на зямлі?

– Два сляды: сваіх дзяцей гадаваў і чужых вучыў. Лічу, удалося. Дзеці і тады, і цяпер паступаюць у ВНУ, знаходзяць добрую дарогу ў жыцці.

За вучняў школы сорамна яшчэ не было. Атрымалася зрабіць у жыцці такую работу. Не надта аплатная яна грашыма, не такая папулярная, але патрэбная: без выхаваных людзей няма краіны, нацыі. Трэба, каб дзеці былі патрыётамі, разумнымі і пісьменнымі.

Алесь ВЫСОЦКІ.

Фота забяспечана Іванам Драўніцкім.

З біяграфіі

Іван Драўніцкі нарадзіўся 6 мая 1932 года ў вёсцы Гвоздавічы Камайскай гміны Свянцянскага павета (цяпер Пастаўскі раён).  Закончыў Камайскую сямігодку (у 1948-м годзе), Пастаўскае педвучылішча (у 1952-м), завочна факультэт беларускай і рускай мовы і літаратуры Мінскага педінстытута (у 1960-м).

Працаваў настаўнікам беларускай і нямецкай мовы Клюшчанскай школы (1952–1953), дырэктарам Маласырмежскай(1953–1954),  Вялікастаўпяняцкай 1957–1958) і Куцькаўскай школ (1958–1993).

Іван Драўніцкі нарадзіўся 6 мая 1932 года ў вёсцы Гвоздавічы Камайскай гміны Свянцянскага павета (цяпер Пастаўскі раён).  Закончыў Камайскую сямігодку (у 1948-м годзе), Пастаўскае педвучылішча (у 1952-м), завочна факультэт беларускай і рускай мовы і літаратуры Мінскага педінстытута (у 1960-м).

Працаваў настаўнікам беларускай і нямецкай мовы Клюшчанскай школы (1952–1953), дырэктарам Маласырмежскай(1953–1954),  Вялікастаўпяняцкай 1957–1958) і Куцькаўскай школ (1958–1993).

Даведка “РГ”. *Закідваць (сябрам арганізацыі закідвалі, што яны думалі зброю трымаць у руках) – ставілі ў віну, абвінавачвалі.

←Эскаливада

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика