Мастацтва ў новым фармаце

Источник материала:  
16.08.2013 — Разное

У галоўным музеі краіны можна не толькі палюбавацца карцінамі, але таксама выпіць кавы, набыць мёду і прайсціся пад ручку з рыцарам

Часта, праходзячы каля Нацыянальнага мастацкага музея, ловіш сябе на думцы: “А што, тут і праўда музей?” Нацыянальны мастацкі музей даўно перастаў быць месцам, дзе проста выстаўляюцца карціны. То музыка ў залах гучыць, то водар кавы з вокнаў даносіцца, то рыцары з дамамі сэрца танцуюць ва ўнутраным дворыку. А надоечы каля ўваходу ў музей можна было ўбачыць дзетак, якія малявалі на асфальце, музыкаў ды  прадаўцоў мёду і мядовай касметыкі — усё ў межах традыцыйнага народнага свята “Мядовы Спас”. Якімі яшчэ праектамі і ідэямі здзіўляе наведвальнікаў Нацыянальны мастацкі музей? Прадстаўляем топ-3 разыначак самага значнага і вялікага ў краіне храма мастацтваў.

Музей open-air

Набываючы новы фармат, Нацыянальны мастацкі музей паступова выходзіць за межы будынка. Сёння становяцца ўсё больш папулярнымі канцэрты, конкурсы, святочныя праграмы на адкрытым паветры. Напрыклад, нядаўна ва ўнутраным дворыку музея адбыўся ўнікальны Дзень культуры народаў ВКЛ, падчас якога госці свята змаглі паслухаць гурты з чатырох краін свету, пакаштаваць традыцыйныя стравы ў арт-кафэ музея (у спецыяльным меню гэтага дня былі “сачні панскія”, “слойкі шляхецкія, любчанскія і нясвіжскія”, “бульбянікі з тварагом” і многае іншае), паўдзельнічаць у майстар-класе па пляценні паясоў, убачыць на ўласныя вочы касцюмы, даспехі і зброю XIII—XVI стагоддзяў, купіць сувенір на памяць у невялікім мястэчку майстроў.

— Музей сёння не павінен замыкацца ў сценах, — лічыць Уладзімір Іванавіч, — але выходзіць за межы будынка са сваімі праектамі і ідэямі. Да прыкладу, на Мядовы Спас на пляцоўцы перад музеем быў арганізаваны мастацкі пленэр для дзяцей, ігралі музыкі, прадавалі мёд, раздавалі падарункі. У арт-кафэ ў гэты дзень можна было пакаштаваць бліноў з мёдам, папіць гарбаты на зёлках. Зараз рыхтуемся да Яблычнага Спасу. Вельмі актыўна працуем над захаваннем і развіццём народных традыцый.

Водар кавы

— Наш музей сёння сапраўды не проста музей — навукова-адукацыйны цэнтр, — расказвае генеральны дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў. — Раней наведвальнікам было дастаткова проста наведаць стандартную экскурсію. Сёння ўжо патрэбны розныя тэхнічныя сродкі, нестандартныя формы, інтэрактыў.
Адной з такіх “нефарматных” разыначак музея стала арт-кафэ, адкрытае  ў сакавіку гэтага года. Цяпер у музеі можна не толькі на карціны паглядзець, але і выпіць кубачак кавы і падумаць пра інвестыцыі ў сучаснае мастацтва.

— Гэта не проста кафэ, а месца сустрэчы творчай інтэлігенцыі любога ўзросту, — распавядае генеральны дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў. — У арт-кафэ праводзяцца паказы фільмаў маладых рэжысёраў, студэнтаў Акадэміі мастацтваў, сустрэчы з беларускімі музыкамі, выставы маладых мастакоў, тэматычныя вечары. Стыль кафэ адпавядае архітэктурнаму стылю музея. Гэта не нейкая вулічная “забягалаўка”, — тлумачыць Уладзімір Іванавіч. — Стылізаваная барная стойка, калоны, пафарбаваныя ў шакаладны колер, падрыхтаваныя пад выставы сцены.

Мастацтва ў пераплёце

Акрамя ўласна выставачнай дзейнасці музей таксама актыўна працуе ў галіне выдавецкіх праектаў. Мабыць, адзін з самых паспяховых — “Славутыя мастакі з Беларусі”, распачаты разам з выдавецтвам “Беларусь” у Год кнігі. Ужо свет пабачылі кнігі, прысвечаныя Івану Хруцкаму, Валенцію Ваньковічу, Вітольду Бялыніцкаму-Бірулю, Язэпу Драздовічу, Станіславу Жукоўскаму, Віталю Цвірку, Аркадзю Астаповічу.

— Зараз выходзіць кніга пра Міхаіла Савіцкага, рыхтуецца кніга пра Фердынанта Рушчыца, — расказвае Уладзімір Пракапцоў. — Серыя развіваецца, кнігі рэгулярна перавыдаюцца, бо карыстаюцца вялікім попытам сярод аматараў беларускага мастацтва.

Выданні яркія, невялікія і недарагія (коштам каля 30 тысяч беларускіх рублёў), напісаныя на трох мовах, таму актуальныя таксама і для замежных турыстаў.

— Вельмі трапны праект, які мы абавязкова будзем працягваць, — гаворыць дырэктар. — Тым больш што ён доўгатэрміновы і неабмежаваны — дваццаць, трыццаць, сто мастакоў... Можа быць і тысяча. Вось будзе мне сто гадоў, можа быць, і я патраплю ў гэтую серыю.

Убудучыні

Квартал... карцін

Вядома, Нацыянальны мастацкі музей не збіраецца спыняцца на дасягнутым. Генеральны дырэктар Уладзімір Пракапцоў, які адзначыў нядаўна 60-годдзе з дня нараджэння і 15-годдзе яго дзейнасці на пасадзе дырэктара музея, поўны ідэй, як зрабіць галоўны ў краіне храм мастацтваў яшчэ больш цікавым і прывабным для людзей рознага ўзросту.

— У бліжэйшай перспектыве — адкрыццё музейнага квартала, — гаворыць Уладзімір Іванавіч. — Стварэнне музейнага комплексу з новымі карпусамі на вуліцы Кірава, 25 і Карла Маркса, 24, там, дзе раней быў будынак інтэрната БДУ, з’яўленне студыі-мансарды для дзяцей, развіццё музейнай інфраструктуры з кафэ, рэстаранам, магазінам. Зараз па інвестпраграме пішацца праект. На праектаванне на гэты год выдаткавана 4,5 мільярда рублёў. З наступнага года, які будзе юбілейным для Нацыянальнага мастацкага музея (ён адсвяткуе 75-годдзе), прыступім да яго рэалізацыі. Спадзяюся, гадоў праз пяць з’явіцца музейны квартал з усёй інфраструктурай. Жыццё музея завіруе яшчэ мацней.

←“Под знаком Меноры”

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика