Лялечная хатка
Як адзін чалавек можа сыграць і чарцяня, і анёла, а ў невялікай скрыні змясціцца да сарака персанажаў?
“Мама, мама, глядзі — лялечная хатка!” — успамінаю рэакцыю маленькай дзяўчынкі на ўбачаную батлеечную скрыню. Штосьці і сапраўды ёсць у яе агульнае з сучаснымі дзіцячымі хаткамі для Барбі. Двухпавярховая, з акенцамі, рознай атрыбутыкай... Толькі ўзрост яе ўжо каля пяцісот гадоў, а жыхары — зусім не мадэлькі. Чорцікі, анёлы, святыя, цары, ваяры, купцы, жабракі і многія іншыя. Раней батлейка для многіх была ці не адзінай забаўкай. Пасля пра яе забылі, аднак сёння лялькі зноў выходзяць да людзей. Аматары батлейкі ёсць і ў сталіцы, і ў абласных цэнтрах, і нават у невялічках гарадах. Аднак многіх цягне ў Заслаўе, дзе батлеечныя спектаклі паказваюць ужо больш за дзесяць гадоў.
Героі на “нябёсах”
“Я цар Ірад, я самы вялікі, самы знакаміты!” — раздаецца з-за скрыні грубы мужчынскі голас. “Не забівай маё дзіцятка, маё святое немаўлятка, маё малое хлапчанятка...” — чуецца плач засмучанай жанчыны. А пасля ў размову ўключаюцца пісклявае чарцяня, добры анёл і яшчэ куча персанажаў. І ўсе гледачы, і маленькія, і дарослыя, наровяць зазірнуць за шырму, праверыць, колькі ж там сядзіць людзей, якія рухаюць і ажыўляюць лялечных акцёраў. І якая ж у іх рэакцыя, калі па заканчэнні спектакля з-за скрыні выходзіць усяго адна жанчына?
— Традыцыі батлейкі моцна звязаны з Заслаўем, — гаворыць Тамара Гудына, старшы навуковы супрацоўнік гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе”, дзе паказваюць батлеечныя спектаклі. — Батлейка з’явілася ў Беларусі каля пяцісот гадоў таму дзякуючы манахам-дамініканам. Яны прывезлі яе на нашы землі, каб прыцягнуць з дапамогай лялек простых людзей да рэлігіі. Вядома, што манахі гэтыя былі і ў Заслаўі, жылі на месцы вунь таго гарадзішча, — Тамара Андрэеўна паказвае на ўзвышэнне каля праваслаўнага храма. — Таму можна з вялікай доляй упэўненасці казаць, што батлеечныя спектаклі ў Заслаўі ставілі здаўна.
Назва “батлейка” паходзіць ад горада Віфлеем, ці Betleem, дзе нарадзіўся Хрыстос. Ёсць у яе і іншыя назвы — жлоб, віфлеем, яселка, вяртэп, батляемка, остлейка. Але ўсе яны так ці інакш звязаныя з хрысціянствам. Менавіта на рэлігійную тэматыку і ставіліся першыя батлеечныя спектаклі — як правіла, законнікамі каталіцкіх ордэнаў і вучнямі калегій.
— Аднак хутка батлейку ад царкоўнікаў перанялі і простыя мяшчане, і сяляне. Батлейка стала сапраўдым народным тэатрам, — расказвае Тамара Гудына. — Яе паказвалі шкаляры і студэнты на кірмашах, зарабляючы капейку. З’явіліся бытавыя сюжэты, сатырычныя сцэнкі з тагачаснага паўсядзённага жыцця. Хто што ўкраў, хто каго падмануў і гэтак далей.
Непаслухмяныя дзеці
У Заслаўі батлейка адрадзілася ў пачатку 2000-х дзякуючы таленавітай Канстанцыі Шаховіч (на фота), аматару народнага мастацтва і таленавітаму чалавеку з неверагоднымі здольнасцямі, якая, выйшаўшы на пенсію, перайшла са школы працаваць у Заслаўскі музей. Гэта яна тая жанчына, якая выходзіць з-за шырмы да гледачоў па заканчэнні батлеечнага спектакля.
— Пакуль, праўда, у лялек і Канстанцыі Шаховіч невялікі адпачынак, — гаворыць Тамара Гудына. — Але, упэўнена, Канстанцыя Лявонаўна працягне гэтую справу ці хаця б перадасць свой вопыт нашым маладым спецыялістам.
Праўда, навучыць мастацтву батлейкі не так проста. Як кажа сама Канстанцыя Лявонаўна, “гэта альбо ёсць у чалавеку, альбо няма”. Батлеечніку прыходзіцца спалучаць абавязкі адразу некалькіх асоб — і драматурга, і рэжысёра, і акцёра, што агучвае з дзясятак персанажаў (а ў спекталі могуць быць задзейнічаны да сарака герояў!). Гэта на першы погляд здаецца — ну што там за праца! Вадзіць лялькі па прарэзах у “сцэне” на доўгіх стрыжнях. Паспрабавала. І скажу — няпростая гэта справа. Лялькі пракручваюцца на спіцах, не слухаюцца, “ідуць” не туды, куды ты іх вядзеш, спатыкаюцца, падаюць... Горш за непаслухмяных дзяцей!
Канстанцыя Лявонаўна і сапраўды важдаецца з лялькамі, як з роднымі дзецьмі: паправіць прычоску, пашыць новы касцюм, а каму і новую роль прыдумаць. Тым больш што спектаклі Шаховіч піша сама. Гэта “Цар Ірад”, “Чырвоны капялюшык”, “Развітанне з пачатковай школай”, “Рагнеда”, “Марозка” і іншыя. Прычым многія сюжэты звязвае з любімым Заслаўем. Да прыкладу, Чырвоная Шапачка са спектакля Канстанцыі Шаховіч жыве “не за гарамі, не за даламі, не далёка, не блізка, а паміж Заслаўем і Мінскам”.
У кожным спектаклі не проста сюжэт, але і павучэнне. Пасля прадстаўленняў батлеечніца заводзіць з гледачамі гутарку, абмяркоўвае з імі герояў, прыводзіць аналогіі з рэальнага жыцця.
— Мала таго, каб дзіця проста паглядзела спектакль, — тлумачыць Канстанцыя Шаховіч. — Хочацца дайсці да яго душы. Дапамагчы зрабіць выснову з убачанага. Каб ён не толькі запомніў яркія касцюмы, але зразумеў са спектакля нешта важнае.
Дарослыя, дарэчы, таксама з вялікім задавальненнем глядзяць спектаклі ў скрыні. Прычым не толькі беларусы. Шмат турыстаў прыязджае і з-за мяжы — Венгрыі, Польшчы, Балгарыі, іншых краін. І нават перакладу не просяць. Глядзяць, затаіўшы дыханне, быццам баючыся парушыць чараўніцтва. Батлейку сапраўды можна назваць чароўнай казкай у скрыні. І беларусы па праву могуць ганарыцца тым, што гэтую казку не толькі не страцілі, але і далі ёй новае жыццё.
Фота аўтара