У Смаргоні растуць бананы, ананасы, грэйпфруты...
Наведнікаў уражвае экзатычнасць раслін.
Сёлета зімоваму саду, які месціцца ў смаргонскім політэхнічным ліцэі, споўнілася 15 гадоў. За гэты час тут назбіралася больш за 1000 раслін.– Першыя расліны з’явіліся ў 1998 годзе, – распавядае аграном ліцэя Вольга Калініна. – Тады іх нам дапамог высадзіць Мінскі батанічны сад. Пачыналі нашу калекцыю недзе з 18 раслін. Ну а цяпер тут назбіралася больш за 1000 раслін каля 270 відаў.
У асноўным, у нас трапічныя і субтрапічныя расліны. З пладаносных ёсць фінікі, псідыум, альбо сунічнае дрэва (памер плода са сліву, колер вішні, а смак – як у лясной суніцы), інжыр, фейхоа, кава, ананасы, бананы, грэйпфруты. Усе яны ў нас даюць плады, але ў свой час.
– Расліны ў вас зусім не зімовыя, чаму ж сад так называецца?
– Сад наш называецца “зімовым”, бо зімой у нас цвіце нават больш раслін, чым летам.
– Ці цяжка даглядаць за такой колькасцю раслін?
– Адзінае, падчас спякоты цяжка, бо ў нас штодзень шчодры паліў і шмат вільгаці. Падняўшыся нават на паўтара метра вышэй, ужо няма чым дыхаць. У нас у даху шклопакеты, таму калі стаіць моцная спёка, некаторыя расліны нават абгараюць.
Вольга Калініна.
– Вы ўсе плады свайго сада пакаштавалі? Наколькі ж яны адрозніваюцца ад тых, якія можна набыць у краме?
– Напрыклад, лімоны ў нас пладаносныя круглы год. У іх у параўнанні з купленымі ў краме больш насычаны пах. Часта ў нашым садзе фатаграфуюцца падчас вяселляў. І калі саспелі грэйпфруты, маладым парам хацелася зрабіць кадр менавіта каля іх, а яшчэ і дакрануцца. Аднойчы адзін трэснуў. Пах тады ад яго быў на ўвесь сад! Да таго ж, наш грэйпфрут больш салодкі.
Кававае дрэва.
Увогуле, мы імкнёмся дзяліцца сваімі пладамі з наведнікамі. Напрыклад, калі гранаты саспяваюць, мы даём усім ахвотным пачаставацца. Гэтак жа дзелімся і пладамі манстэры. Мы не скупыя, – смяецца спадарыня Вольга.
– А якія расліны больш за ўсё прывабліваюць наведнікаў?
– Літаральна ўсе! Але калі цвітуць і пладаносяць. Калі спеюць ананасы, многія кажуць: “А мы думалі, што яны растуць на дрэвах!” А пра тое, што ананас – гэта травяністая расліна, нават і не ведаюць. Ну, і натуральна, што нашых людзей цікавіць тое, што расце не ў нас, а замежнікаў, наадварот, здзіўляюць мясцовыя расліны.
Тут растуць грэйпфруты.
А тут – ананасы.
Настасся РОЎДА.
Фота Настассі РОЎДЫ.