Водгалас спаленых мар
Камень смутку і крыж адкрыты ў час жалобнага мітынгу на месцы спаленай фашыстамі былой вёскі Ола Светлагорскага раёна.
Пад ударамі савецкіх войскаў, што наносіліся па ворагу ў 1944 годзе ў ходзе наступальных аперацый, раз’юшаныя гітлераўцы вымяшчалі свае ваенныя няўдачы на мірным насельніцтве i рэалізоўвалi на тэрыторыі нашай краіны палітыку спаленай зямлі. Ахвярамі адной з карных аперацый гітлераўцаў у студзені 1944-га сталі жыхары вёскі Ола і вяскоўцы з суседніх населеных пунктаў, што хаваліся тут, сярод лесу і ў акружэнні балот, ад фашыстаў. Але знайшліся здраднікі, якія паказалі карнікам дарогу да вёскі. З’явіўшыся ў ёй, гітлераўцы сагналі людзей у вялікія хлявы і запалілі будынкі. Тых, каму ўдавалася вырвацца з агню, расстрэльвалі з усіх відаў зброі. У агні і ад куль загінулi 1758 чалавек, у тым ліку 950 дзяцей. Адыходзячы, фашысты запалілі з агнямётаў усе 34 вясковыя хаты…
На месцы былой вёскі застаўся толькі адзін калодзеж. Пасля вайны вёска не адрадзілася.
Сярод удзельнікаў жалобнага мерапрыемства ля каменя смутку была і жыхарка Чалябінскай вобласці Людміла Мілюкова. На працягу 64 год жанчына нічога не ведала аб месцы гібелі і пахавання свайго бацькі Васіля Шэвалдзіна. Дзякуючы намаганням членаў клуба «Пошук», месца, дзе зрабіў апошнія крокі салдат Шэвалдзін, было ўстаноўлена. Адбылося гэта на светлагорскай зямлі, а пахаваны чырвонаармеец у брацкай магіле вёскі Дуброва, куды і прыехала расіянка.
Мясцовыя ўлады мяркуюць, што на месцы гаротнай сястры Хатыні неўзабаве адкрыецца турыстычны маршрут, а замест каменя з надпісам на мурмуровай дошцы аб трагедыі Олы з’явіцца памятная скульптурная кампазіцыя.