Малая ночка Купалночка
Дзіва дзіўнае гэтая ноч на Купалле. Нш развіццё цывілізацыі, ні найноўшыя тэхналогіі не згасілі ні яе магію, ні любоў народа да свята. Як і сотні гадоў таму нашы продкі, так і сёння мы, юзеры інтэрнэт-прастораў, якія, здавалася б, спяць у абдымку з планшэтамі і смартфонамі, гатовы кінуць любыя тэхналагічныя навінкі, каб усю ноч разам з сябрамі скакаць праз купальскае вогнішча, пускаць па вадзе вянкі, варажыць і шукаць у гушчары папараць-кветку з надзеяй на вечнае шчасце. Гэтае свята нібы каштоўны куфар, что застаўся нам у спадчыну, адкрыўшы які, знойдзеш і народную мудрасць, і багацце роднай зямлі, і таямнічасць наваколля, і які ніколі ні аддасі, ні прадасі. Але надзейна захаваеш, каб гэтак жа перадаць сваім нашчадкам.
Столькі традыцый, ведаў і вераванняў, колькі нясе з сабой Купалле, бадай не сустрэнеш ні ў адным іншым беларускім свяце. Нездарма яно лічыцца адным з ключавых у календары і любімае ў народзе. Купалле святкавалі яшчэ ў дахрысціянскія часы. Падчас свята, якое прыпадае на дзень летняга сонцастаяння, нашы продкі дзякавалі Сонцу, Вадзе і Зямлі за здабыткі новага года. З прыходам хрысцiянства ў гэты дзень сталі адзначаць яшчэ адно свята — нараджэнне святога Iаана Хрысцiцеля, якога ў народзе называлі Iванам Купалам за тое, што ён пахрысцiў, ці пакупаў Хрыста. Два святы, па сутнасці, зліліся ў адно. А два святы — гэта яшчэ больш традыцый, паданняў і абрадаў.
Лічылася, што менавіта з гэтага дня расліны набіраюць асаблівую, цудадзейную моц. Таму толькі пасля Купалля людзі пачыналі збор лекавых раслін і нарыхтоўку венікаў для лазні. З вуснаў у вусны перадавалася жорсткая забарона ў гэты дзень што-небудзь аддаваць, прадаваць, пазычаць. Лічылася, што ў будучыні сям’ю магла спасцігнуць нястача. Верылі людзі таксама, што на Купалле прачынаюцца ўсялякія нячысцікі, і таму стараліся аберагчы сябе і гаспадарку, паклаўшы на парог хаты крапiву-жыгучку, паставіўшы ў дзвярах хлява маладую асiну ці прымацаваўшы ў варотах велiкодную свечку. Своеасаблiвым абярэгам ад нячыстай сiлы лiчылася i тое, што на Купалле нельга спаць. Таму на ўсю ноч аж да досвітку вяскоўцы збiралiся разам дзеля спеваў, танцаў і гульняў.
А як вам, дарагія чытачы, такі спосаб засцерагчыся ад злых сіл у купальскую ноч? Прапануем пару месцаў, дзе вы можаце сустрэць Купалле з 6 на 7 ліпеня ў вясёлай кампаніі, скачучы праз вогнішча, купаючыся ў вадзе і, вядома, шукаючы сваю кветку шчасця.
Дзе — аграгарадок Александрыя, Шклоўскі раён, Магілеўская вобласць
Гулянні на жывапісным беразе Дняпра стануць цэнтральным святкаваннем Купалля ў Беларусі. Чацвёртае традыцыйнае свята “Александрыя збірае сяброў” аб’яднае каля дзвюх тысяч артыстаў з Беларусі, Расіі і Украіны. У праграме свята, якое расцягнецца аж на два дні, акрамя тэатралізаванай абрадавай праграмы “Чараўніцтва купальскай ночы”, распальвання вогнішча і традыцыйных скокаў — кірмаш промыслаў, фестывалі квасу, ільну і піва, выстава племянной жывёлагадоўлі, паказальныя выступленні групы самалётаў з высадкай парашутыстаў, гала-канцэрт зорак эстрады і многае іншае. Тэлеверсію свята гледачы змогуць убачыць на тэлеканале “Беларусь 1” 7 ліпеня ў 18.45.
Дзе — Батанічны сад, горад Мінск
Наведвальнікаў Батанічнага саду сёння чакае выдатнае касцюміраванае шоу з купальскімі матывамі, песнямі і гульнямі для дарослых і дзяцей. На працягу ўсяго дня на тэрыторыі Батанічнага саду будуць працаваць такія тэматычныя пляцоўкі, як Горад майстроў (выстава-продаж народных промыслаў), “Эльфійскае вяселле” (абрад шлюбу для ўсіх закаханых па эльфійскіх законах), аквагрым для дзяцей, бодзі-арт для дарослых, пасвячэнні ў русалкі, пусканне вяночкаў і пошук папараць-кветкі.