Камень “Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі” памяняў месца
Леанід Лысакабылка (на фота), старшыня маладзечанскага культурна-асветніцкага таварыства ўкраінцаў "Краяны", ускладае кветкі да абноўленага помніка “Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі” ў Дзень незалежнасці, 3 ліпеня.
Напярэдадні Дня Незалежнасці ў рэдакцыю “РГ” звярнуўся Леанід Лысакабылка, старшыня культурна-асветніцкага таварыства ўкраінцаў “Краяны”.Яго цікавіла пытанне: куды цяпер ускладаць кветкі на свята, калі камень “Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі” перанеслі?
Таварыства ўкраінцаў традыцыйна ўскладае кветкі менавіта да яго. Разам мы прыйшлі да каменя 3 ліпеня. На помніку добра відаць трэшчыну, а сам камень заўважна пасвятлеў – яго паверхню апрацавалі.
– Вельмі добрае месца для валуна абралі, – заўважыў спадар Леанід. – Спадзяюся, ён застанецца тут назаўсёды.
Цягам 3 ліпеня яшчэ некалькі чалавек прынеслі кветкі да помніка.
Канчатковае рашэнне наконт далейшага лёсу помніка было прынятае ў панядзелак, 1 ліпеня.
Валун раскалоўся на дзве часткі ў пятніцу, 28 чэрвеня, калі яго дэмантавалі. Помнік пераносілі з-за таго, што на рагу вуліц Машэрава і Вялікі Гасцінец плануюць зрабіць уезд на стадыён для пляжнага валейбола. Яго будаўніцтва ўжо пачалося ў парку.
Расколаты на дзве палавіны камень адрэстаўравалі і паставілі ў гарадскім парку Перамогі, недалёка ад помніка воінам-інтэрнацыяналістам.
– Рэстаўрацыя такога кшталту займае літаральна дзень-два, – паведаміў Аляксандр Рамановіч, кіраўнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маладзечанскага райвыканкама. – Таму да 3 ліпеня ўсе працы павінны скончыцца.
Камень “Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі” з’явіўся ў Маладзечне ў 1993 годзе дзякуючы намаганням колішняга старшыні райвыканкама Генадзя Карпенкі.
Валун з надпісам і выявай крыжа Еўфрасінні Полацкай асвечаны падчас сумеснага малебну праваслаўнага, каталіцкага і ўніяцкага святароў. Гэта быў першы малебен такога кшталту на Беларусі.
Раней помнік знаходзіўся ў цэнтры горада, паміж Цэнтральнай плошчай і паркам Перамогі. Да яго традыцыйна прыносілі кветкі маладыя. Падчас падрыхтоўкі горада да “Дажынак” два гады таму камень перанеслі бліжэй да парку.
Цягам апошніх гадоў ён стаяў на рагу вуліц Машэрава і Вялікі Гасцінец.
Пачаў іржавець з-за трэшчыны
У панядзелак у Маладзечна прыязджалі рэстаўратары з Заслаўя, якія кансультавалі мясцовых спецыялістаў. Адбітую частку каменя вярнулі на месца, прымацаваўшы спецыяльным растворам.
– На валуне была трэшчына, – заўважае спадар Аляксандр. – Ні ў каго не магло быць ніякай варварскай думкі, каб спецыяльна пашкодзіць камень. Ні ў якім разе! Калі верхняя частка адбілася, было відаць, што ўся паверхня валуна ў іржаўчыне. Таму камень дадаткова апрацавалі.
Была і думка наконт таго, каб зрабіць новы помнік замест расколатага. Але яе не падтрымалі – усё ж стары камень быў асвечаны, яго выгляд быў ужо знаёмы і родны для жыхароў горада.
Стаў на “шляху памяці”
– У гаспадара ўсё павінна быць на сваім месцы, – кажа Аляксандр Рамановіч. – Так павінна быць і ў горадзе. У парку цяпер будуюць пляцоўку для пляжнага валейбола. Калі б мы пакінулі камень на тым жа месцы, гэта было б няправільна.
Камень ўвайшоў у так званы “шлях памяці”, які праходзіць у гарадскім парку.
– У Маладзечне мы традыцыйна арганізоўваем шэсце на Дзень Незалежнасці, Дзень Перамогі, – кажа спадар Аляксандр. – Шэсце ідзе ля помніка воінам-інтэрнацыяналістам, помніка “Стэла” і завяршаецца на гарадскіх могілках ля брацкай магілы. Камень пакутнікам тут будзе дарэчы, да яго таксама будуць ускладаць кветкі падчас шэсцяў.
Камень “Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі” адновяць да 3 ліпеня
Аляксандра ПАРАХНЯ.
Фота Аляксандры Парахні.