“Слёзы ліліся ракой, стаяў плач дзяцей, чуліся пагрозы…”

Источник материала:  
03.07.2013 — Разное

Ларыса Зінкевіч падзялілася з прысутнымі ўспамінамі з уласнага дзяцінства.

Памяці ваенных дзеянняў у горадзе была прысвечаная канферэнцыя “Гэты час нельга забыць”, якая прайшла ў СШ №5 на мінулым тыдні.

У ёй удзельнічалі не толькі школьнікі, былыя вязні канцлагераў, настаўнікі, але і афіцэры, салдаты звыштэрміновай службы.

Распачаў канферэнцыю вучань 10 класа Аляксандр Рухля, які распавёў пра тое, як пачыналася вайна на маладзечанскай зямлі. Свае даследчыя працы прадставілі і іншыя прадстаўнікі клуба “Пошук”, які працуе ў школе ўжо шмат гадоў: Карына  Тышкевіч “Акупацыйны рэжым на тэрыторыі Маладзечанскага раёна”, Дар’я Жылінская “Нашы землякі – удзельнікі баявых дзеянняў”.

Працу “Партызанскі рух на тэрыторыі Маладзечанскага раёна” прадставіў ваеннаслужачы Андрэй Кавяза. З цікавасцю слухачы сустрэлі паведамленне Іллі Лабірко.

Падсумавала выступленні Наталля Мандрык сваёй працай “Ёсць памяць, якой не будзе забыцця, і слава, якой не будзе канца”, дзе яна абагульніла ўсё тое, што было сказана на канферэнцыі, і расказала аб рабоце клуба “Пошук”.

Пасля канферэнцыі арганізатар мерапрыемства, кіраўнік клуба Лідзія Князева адзначыла:

– Усе гэтыя хлопцы і дзяўчаты – прадстаўнікі маладога пакалення, але яны ведаюць гісторыю, імкнуцца раскрыць усе яе таямніцы, знайсці праўду. Слухала я іх і ганарылася. Вось яна, наша змена, якая можа прыняць эстафету памяці. А значыць, будучыня ў надзейных руках!

Вайна разбіла сем’і

Своеасаблівым урокам мужнасці быў аповед пра сваё дзяцінства былога вязня канцлагера, маладзечанкі Ларысы  Зінкевіч.

Нарадзілася Ларыса Вітальеўна ў вёсцы Давыдава Віцебскай вобласці (раней Полацкая вобласць). Вёска была ў двух кіламетрах ад мяжы з Латвіяй.

– Як толькі пачалася вайна, бацька пайшоў на фронт, як і ўсе астатнія мужчыны. Жанчыны, маленькія дзеці засталіся ў вёсцы. Ёй на той час было тры гады, брат быў на два гады меншы. Можна ўявіць той жах, страх за жыццё сваіх дзяцей нашай маці.

У сакавіку 1943 года спалілі нашу вёску і ўсе навакольныя. У стайні пагранічнай заставы спалілі частку людзей, лёс якіх быў звязаны з партызанамі. Нас вывезлі ў Латвію, у мястэчка Стрэнчы. Там немцы забіралі дзяцей у маці. Зразумела, што ніводная не аддавала сваё дзіця, вакол слёзы ліліся ракой, стаяў плач дзяцей, чуліся пагрозы нямецкіх канваіраў. Немцы зганялі мацярок ў вагоны, сілай забіралі дзяцей у тых, хто не аддаваў. А жанчын накіроўвалі ў Ленінград для працы.

Кроў беларускіх дзяцей ішла нямецкім салдатам

Усе дзеці знаходзіліся ў лагеры ў Саласпілсе. Пазней размяркоўвалі па двух лагерах – Саласпілс і Дубулды. Размеркаванне вялося па нейкіх асабістых крытэрыях нямецкага камандавання. У Саласпілсе ўмовы жыцця былі горшыя, многія паміралі. Справа ў тым, што ў дзяцей бралі кроў для нямецкіх шпіталяў. Тых, хто паміраў, проста закопвалі. У Дубулдах быў больш просты рэжым: нас там рыхтавалі для працы ў Германіі.

Нашай маці пашчасціла збегчы з Ленінграда, яна марыла знайсці сваіх дзяцей, быць разам з імі. Гэта ёй удалося. Разам мы паехалі ў Фрыдзберг. Там працавалі ў сельскай гаспадарцы. Памятаю, як дарослыя даілі кароў, а мы з маленькімі кубачкамі беглі туды, каб хоць нейкім чынам напоўніць свой страўнік, бо былі галодныя.

“Вы цяпер вольныя”

У 1945 годзе часці Чырвонай Арміі ўступілі ў Германію.

Памятаю стук у дзверы – моцна спужаліся, але гэта быў чырвонаармеец. Памятаю, як ён распытваў, хто мы, адкуль, чаму апынуліся тут. Выслухаўшы, сказаў: “Вы цяпер вольныя, савецкія войскі ўжо ў Германіі!” Гэта была самая шчаслівая навіна, якую толькі можна было пачуць.

У студзені 1945 года пачалі вяртацца на Радзіму. Ішлі праз Польшчу, Брэст-Літоўскі лагер. Нарэшце вярнуліся ў свае родныя мясціны. Быў ліпень, таму спачатку жылі ў будане. Памятаю тыя жахлівыя ночы, калі былі маланкі, гром, лівень. Моклі ў сваім жыллі ноччу, а днём выносілі сушыць усе рэчы. Калі пачала надыходзіць восень, пачалі будаваць зямлянку. Увосень вярнуўся мой бацька.

У першы клас пачала хадзіць у зямлянцы. Узгадваю той пах новых кніг, якія толькі прывезлі для нашай адукацыі. Скончыла сямігодку з пахвальным лістом, паступіла ў Полацкае педагагічнае вучылішча, скончыла яго з чырвоным дыпломам. Па размеркаванні паехала ў Браслаў, пасля таго, як адпрацавала, сяброўка пераманіла ў Маладзечна. Пасля завочна паступіла ў БДУ.

У 1997 годзе памерлі бацькі. Зараз шкадую, што не распытала ў сваіх бацькоў як мага больш пра вайну, хаця амаль усе іх размовы былі пра яе.

“Дзякуючы школе маладзею душой”

Распавядачы пра сваё сённяшняе жыццё, Ларыса Зінкевіч цёплымі словамі ўзгадвае Лідзію Князеву:

– Асабліва хачу падзякаваць ёй за арганізацыю цікавых мерапрыемстваў для нас, пажылых людзей. Пасля іх прыходзіш дадому памаладзелай, акрыленай. Сустрэчы заўсёды цёплыя, утульныя. Асаблівае радуе тое, што цікавасць ёсць у маладых да гістарычнага мінулага, да вайны.

Даведка “РГ”. Клуб “Пошук” – цэнтр патрыятычнай работы СШ №№5 у Маладзечне. Яго кіраўнік – Лідзія Князева, настаўніца рускай мовы і літаратуры. У 1987 годзе яна пачала кіраваць клубам, дзе разам з удзельнікамі вывучае гісторыю Маладзечанскага краю, узнаўляе імёны вязняў “Шталага-342”. Пошукі вядуцца па лістах тых, хто звяртаецца ў клуб, архіўных матэрыялах, дакументальнай літаратуры.

У 2009 годзе праект “Безыменным героям вернем імёны” ўдзельнічаў у міжнародным конкурсе праектаў нямецкага фонду “Памяць. Адказнасць. Будучыня” ў межах праграмы “Месца сустрэчы – дыялог”. Яе мэта – наладзіць дыялог паміж пакаленнямі, паміж мінулым і будучым, асэнсаваць гісторыю свайго краю. У маі 2010 года школа атрымала грант у міжнародным конкурсе.

Перамога дала магчымасць больш разгарнуць сваю дзейнасць, актывізавала узаемасувязь паміж вучнямі і ветэранамі, дапамагла арганізаваць сустрэчы са сваякамі памерлых вязняў. У 2012 годзе клуб зноў атрымаў грант на працяг гэтага праекта.

Галіна СІНІЦА.

←Для поездки в Республику Косово белорусам теперь нужно будет получить визу

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика