Вясковыя карані “Белай Русі”

Источник материала:  
02.07.2013 — Разное

Свята вёскі Навасады, арганізаванае пры дапамозе раённага об’яднання “Белая Русь”, стала сапраўднай падзеяй

“Краязнаўства, гістарычная і культурная спадчына, патрыятызм — гэта словы і паняцці аднаго кірунку, якія ў поўнай меры атаясамліваюцца з прынцыпамі дзейнасці Дзяржынскай раённай арганізацыі “Белая Русь”, — заўважае яе старшыня Раіса Смяян. — Цікавіцца мінулым, ведаць свае карані — значыць, быць сапраўдным беларусам”. Калі пачалася работа па арганізацыі свята вёскі Навасады, Раіса Мікалаеўна рашуча сказала: “Абавязкова туды едзем!”

Вёска Навасады. Схаваная за гарамі (зусім не характэрным для Беларусі рэльефам), яна ў струнку выстраілася на ўзвышшы. Паводле легенды, якую запісаў калісьці Карусь Каганец, першымі жыхарамі тут былі тыя, хто выратаваўся ад ворага, які лютаваў непадалёк, у Святым месцы Сцюдзянец. Быццам сведка тых далёкіх часоў — крынічка, якая і сёння сваёй гаючай вадой наталяе смагу кожнага падарожніка. Вясной вёска ў бялюткім вэлюме садоў, летам — у зеляніне волатаў-дубоў і клёнаў, увосень — у россыпах сонечных антонавак.

Ад гістарычнага мінулага Навасадаў ажно захоплівае дух. Археолагі ў час раскопак знайшлі тут сляды чалавечага жытла і ранняга жалезнага веку, і эпохі Кіеўскай Русі. На вясковай вуліцы расце дуб-абярог, якому больш за трыста гадоў. А самай старой хаце не менш за тры стагоддзі...

Тое, што адбывалася ў свеце ў пачатку ХХ стагоддзя, рэхам адгукалася на вясковай вуліцы. Былі сярод навасадцаў тыя, хто ваяваў у час Першай сусветнай вайны. Пасля рэвалюцыі вяскоўцы перажылі ўсе складанасці новага жыцця. У 1926 годзе арганізавалі масласыраварную арцель “Маланка”. Быў тут Навасадскі сельсавет, набіраў моц калгас, утвораны на аснове вёскі. У час Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы панаваў вялікі патрыятычны настрой. Мясцовыя жыхары падтрымлівалі сувязь з партызанамі.

У пасляваенныя гады ў Навасадах па-асабліваму цанілі жыццё. Разам былі і ў горы, і ў радасці.

Новае жыццё брала верх. Але моладзь усё больш вабілі агні вялікага горада. Сталі пусцець сядзібы...

Ідэя арганізаваць свята вёскі глыбока ўзрушыла навасадцаў — і тых, хто звязаны з ёй усё жыццё, і тых, каго паклікаў родны кут здалёку. Кожны хацеў “душой да Радзімы сваёй прытуліцца”. Свята падтрымалі таксама дэлегацыі на чале са старастамі ўсіх навакольных вёсак.

...А дванаццатай гадзіне святочны экіпаж рушыў у “дзелавое” падарожжа. Перад журы конкурсу, у склад якога ўвайшла і Раіса Смяян, стаяла важная задача: вызначыць лепшыя падвор’і, каб прынародна ўручыць прэміі іх гаспадарам. “Было відавочна, як людзі рыхтаваліся да святочных урачыстасцяў, — расказвае Раіса Мікалаеўна. — Радавала, з якім узнёслым настроем яны ішлі на жаданую сустрэчу”. Урачыстасць святу надавалі размешчаныя сімвалы грамадскай арганізацыі “Белая Русь”.

Гаспадары і госці свята ў Навасадах сталі сведкамі асвячэння крыжа, прынялі ўдзел у малебне на могілках у памяць аб земляках. У тры гадзіны дня грымнулі музыкі, якія абвясцілі аб пачатку святочнага гуляння. Арганізатары падрыхтавалі шмат сюрпрызаў, сярод якіх — спецыяльны выпуск вясковай газеты пад назвай “Навасадская крынічка”.

“Усе мы сталі сведкамі яркага пацвярджэння значнасці нашай беларускай гісторыі, культуры, нацыянальных традыцый, узорам якіх з’яўляецца вёска Навасады. Малая кропка на карце Радзімы аб’яднала нас у высокім патрыятычным парыве. Усе пранікліся гонарам за тое, што мы — беларусы. Разам мы здольны на многае”, — упэўнена Раіса Смяян.

Дзяржынская РА “Белая Русь” падтрымлівае самабытнасць беларускай вёскі, услаўляе яе спадчыну, пашырае свае рады і знаходзіць усё больш сваіх прыхільнікаў.

←Яблоко престижа

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика