Семдзесят год таму нямецкія карнікі спалілі хутар Бароўка
дзеці з Мядзела ля помніка
13 чэрвеня 1943 года на хутары Бароўка адбылася трагічная падзея — нямецкія карнікі расстралялі і спалілі дзесяць мірных жыхароў.Вось што расказала жыхарка суседняй вёскі Брусы Галіна Балаховіч (у 1943 годзе ёй ішоў шосты год):
— Хутар меў шэсць хат. Добра жылося тут людзям, гасцінныя яны былі. У гэты дзень было свята. Вяскоўцы сабраліся ў адной хаце – у Грынцэвічаў, мірна адпачывалі... Ішлі з кірмашу ў Мядзеле людзі, заходзілі сюды адпачыць, вадзічкі папіць. Ніхто і не думаў, што так жудасна ўсё скончыцца. Што прыйдуць гітлераўцы, заўважаць партызана, які таксама завітаў на хутар. І расстраляюць, спаляць ні ў чым ні павінных жыхароў…
На месцы, дзе жылі людзі, цяпер толькі помнік. Падышоўшы да яго, чытаеш: “Сівіцкі А. І. — 47 год, Грынцэвіч Л. Б. — 15 год...”. Позірк спыняецца на радку “Грынцэвіч В. В. — 7 год”...
Тут больш не нарадзілася дзяцей,
Тут сэрцам болей у шлюбе не сысціся...
Мой дружа!Чалавеча! Мой зямляк!
Прад гэтым спісам ля дарогі прыпыніся!.. – напісаў паэт Ігар Пракаповіч.
Роўна праз 70 год ля помніка сабраліся прадстаўнікі працоўных калектываў Мядзельшчыны, жыхары Сваткаўскага сельсавета, школьнікі. Тут адбыўся мітынг-рэквіем. Да прысутных звярнуліся старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег Бароўка, прадстаўнікі ветэранаў (Міхаіл Гардон) і моладзі (Кацярына Роліч). Разам са згадкамі пра трагічныя падзеі вайны звярталіся да будучыні, да дзяцей – з наказам шанаваць сваю гісторыю і памяць загінуўшых.
Людзі замерлі ў хвіліне маўчання, усклалі да помніка кветкі. Праніклівым было выступленне народнага вакальнага ансамбля “Натхненне”.
А напрыканцы гучаў верш Ігара Пракоповіча — той, радкі з якога ўжо прыводзілі:
Я ў гэту ноч, вядома, не засну...
Ізноў вайна — бяссонніцы сяброўка...
Тут землякоў маіх спалілі ў вайну
На хутары лясным Бароўка.
У той час, калі Міхаіл Гардон дэкламаваў – пранізліва, ад сэрца – гэтыя радкі, на вачах у некаторых людзей з’явіліся слёзы...
Алесь ВЫСОЦКІ.
Фота Алеся ВЫСОЦКАГА.