Дакрануцца да вытокаў

Источник материала:  
11.06.2013 — Разное

А таксама адчуць усю прыгажосць і меладычнасць беларускай мовы можна штогод у Маладзечне

У Мінскай вобласці прайшоў XIII Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі. Па словах міністра культуры Рэспублікі Беларусь Барыса Святлова, у форума ёсць усе перадумовы для таго, каб стаць міжнародным.

Як адзначыў міністр, кожны фестываль, які праводзіцца ў нашай краіне, дэманструе культурную моц краіны. А наданне форуму ў Маладзечне міжнароднага статусу стане наступным крокам у яго развіцці.

— Калі ў фестывалі будуць удзельнічаць прадстаўнікі не менш як трох дзяржаў, тады ён набудзе статус міжнароднага, — сказаў Барыс Святлоў. — Калі ўсё складзецца, гэта можа быць ужо ў 2014 годзе.

Немалаважным фактарам прывабнасці фестывалю ў Маладзечне стаў і конкурс маладых выканаўцаў. За многія гады ён ператварыўся ў сапраўдную скарбніцу талентаў. Асноўныя яго мерапрыемствы праходзяць на галоўнай канцэртнай пляцоўцы Маладзечна — пабудаваным да рэспубліканскіх “Дажынак” сучасным амфітэатры. Дарэчы, гэта далёка не адзіная навінка горада, які за апошнія гады літаральна змяніўся на вачах.

У гэтым годзе ў конкурсе прыняў удзел 21 чалавек. Гран-пры рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні “Маладзечна-2013” заваявала магі-ляўчанка Валерыя Грыбусава. Па словах дзяўчыны, яна ўжо атрымала прапанову працаваць разам з Нацыянальным канцэртным аркестрам Беларусі.

— Я вельмі задаволена, — сказала сама пераможца. — Па-першае, выступленне з аркестрам ужо было для мяне падзеяй. А атрымаць такую прапанову ад самога Міхаіла Фінберга — гэта вялікі гонар і давер, які я спадзяюся апраўдаць. Акрамя таго, як мне здаецца, гэта досыць моцны пачатак музычнай кар’еры. Вядома ж, як артыстка я імкнуся дамагчыся поспеху ў сваёй прафесіі.

Валерыі Грыбусавай усяго 18 гадоў. Яна нарадзілася і вырасла ў Магілёве, у гэтым годзе скончыла Магілёўскую дзяржаўную гімназію-каледж мастацтваў па спецыяльнасці “харавое дырыжыраванне”. Прычым перамога на конкурсе ў Маладзечне ў яе не першая. У мінулым годзе Валерыя атрымала Гран-пры на конкурсах у Наваполацку, Мінску, Маскве і Парыжы. У яе планах — стаць студэнткай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (аддзялення эстраднага вакалу).

На гэтым конкурсе Валерыя выканала кампазіцыі “Чырвоная ружа” (У. Мулявін — М. Танк), а таксама песню “Спі, малы сокал”. Дыплома першай ступені на конкурсе ўдастоена таксама Наталля Кірыенка з Мінскай вобласці. Другое месца заваявалі два выканаўцы — Андрэй Чабан з Віцебскай вобласці і Ксенія Жук з Мінска. На трэцім — Андрэй Цямчык з Брэсцкай вобласці і Ягор Шаранкоў з Гомельскай.

На думку кіраўніка сталічнага рэгіёна Барыса Батуры, фестываль у Маладзечне — адно з тых мерапрыемстваў, якія вызначаюць культурную прастору сучаснай Беларусі. Традыцыйна тут гучыць толькі беларускае слова, шырока прадстаўлена нацыянальная паэзія і музыка розных пакаленняў, выконваюцца песні беларускіх аўтараў, выступаюць заслужаныя і маладыя беларускія паэты.

— Заўважу, што гэтае ўнікальнае мерапрыемства — адзіны фестываль беларускай песні і паэзіі ў краіне, — сказаў старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. — Такім чынам, ён важны не толькі для сталічнай вобласці. Дваццаць гадоў таму ён быў праведзены ўпершыню. У наступным яму быў нададзены статус агульнадзяржаўнага дзякуючы Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку, за што яму асабісты дзякуй. Я лічу, што ў беларускай песні і паэзіі — наша душа, якую мы павінны слухаць і чуць. І тады, я думаю, мы ўсе па-іншаму будзем ставіцца і да навакольнага свету, і адзін да аднаго, станем больш добрымі.

Паводле слоў Барыса Батуры, фэст ужо даўно крочыць і ў сельскую мясцовасць. Напрыклад, адзін з яго канцэртаў праходзіць у пасёлку Чысць. Але паколькі “культурная база” сталічнага рэгіёна, па ацэнцы яго кіраўніка, знаходзіцца на досыць высокім узроўні, ва ўсіх раённых цэнтрах ёсць магчымасці для прыёму артыстаў. Такім чынам, у будучым рамкі фестывалю плануецца пашырыць. На працягу двух гадоў у праграму фестывалю ўносяцца розныя навіны. Напрыклад, існуе дамоўленасць, што пачынаючы з будучага года другі дзень фестывалю са сваёй праграмай будзе прадстаўляць адна з абласцей краіны

←Новости могилевского региона

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика