Бой пад Уладыкамі

Источник материала:  
01.06.2013 — Разное

Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 года. Пётра Сергіевіч, 1955.

З успамінаў удзельніка паўстання 1863 года Эўгеніюша Кавальскага, апублікаваных у Вільні ў 1907 годзе.

Быў дзень 16 мая.

Калі апынуўся на другім беразе рэчкі, агледзеўся наўкола. Таварышы рассыпаліся па ўсім сасновым ляску. Голасна тут было і весела. Адны, зняўшы зброю, выцягваліся на мураве, іншыя ў групках свабодна гаманілі. Праз некалькі крокаў ад мяне стаяў Казела (адзін з варыянтаў прозвішча Козела-Паклеўскага – перакладчык), распытваючы пра нешта пару сялян, што прыбеглі з вёскі. Твар камандзіра быў спакойны. Не прадказваў ніякай небяспекі.

Перада мною шумела рэчка, за якой на краі цёмнай пушчы стаяў Чыжык, які чакаў з больш чым дзесяццю чалавекамі плыта.

Я прысеў на пні, дрыжучы ў прамоклым адзенні.

Затым нашы пікеты стрэлілі адзін раз, другі… Амаль у той самы час выбухнуў залп, і град куль пасыпаўся навокал. Пачуў крык:

– У ланцуг, панове!

Але ланцуг ужо не сфарміраваўся. Мы кінуліся ў сасняк да вёскі, адны ўлева, іншыя – направа або проста наперад.

Апошні раз перад маімі вачамі прамільгнуў Казела, без шапкі, з буркай на плячах, з шабляй, узнесенай угору. Адразу перамяшаліся капралы і ўзводы. Кожны ляцеў слепа наперад, прагнучы інстынктыўна не пусціць непрыяцеля ў лясок, які застаўся нашым адзіным паратункам.


Калі першыя кулі прасвісталі над галавой, валасы на імгненне ўсталі дуба.

Імгненна зразумеў, што гэтая сітуацыя для нас пагібельная!.. Пасля ўжо не адчуваў ніякага страху, прагнучы, як і ўсе, каб прадаць сваё жыццё як найдаражэй.

Бегучы ўлева, наткнуўся на ланцуг маскоўскай роты, які шырока расцягнуўся. Колькі разоў рыхтаваўся да стрэлу, як нехта весела, са смехам з-за маёй спіны укладаў салдата трупам.

Быў гэта Алойзы Віткоўскі, адзін з самых адважных і вясёлых нашых таварышаў.

Раптам зноў збоку грукат і дым. Куля праляцела ля майго твару, але і я упярыў цэлы зарад карцечы ў плечы жаўнера, што ўцякаў. Схапіўшы яго карабін, падняў, крычучы:

– Бярыце, каму патрэбны!

– Такога паскудства ніхто не хоча, – крыкнуў Віткоўскі, бегучы далей і зараджаючы зброю.

Тым часам сонца, выглянуўшы з-за хмар, разліло свае паўдзённыя промні. Тады і ўбачылі мы на пагорку пад вёскай сканцэнтраваную расійскую пяхоту, якая малымі падраздзяленнямі ў фуражках атакоўвала нас. Некалькі разоў яе ланцугі, калі стрэлы паўстанцаў паклалі некалькіх жаўнераў, раптоўна адступалі, але па камандзе вярталіся зноў. Найбольш атакоўвалі і абсыпалі кулямі месца нашай пераправы праз рэчку, дзе жменька паўстанцаў абаранялася ў роспачы. Кулі не ашчаджалі і флангаў. У нашай грамадзе, якая складалася з больш чым дваццаці чалавек, падалі адзін за адным. Раптам убачыў ля сябе Леапольда Асвянцімскага, які голасна крыкнуў:

– Пастраляюць нас тут, па нагах цаляюць. – На зямлю, панове, у ланцуг!

Умомант мы пападалі пасярод кустоў, страляючы ў бок ворага. Аднак наша зброя не дабівала так далёка. Праз нейкі час заўважылі, што мы ўжо за межамі дасягальнасці агню. Кола маскоўскага ланцуга, якое сціскалася, нас абмінула. І хаця цяпер небяспека нам не пагражала, пару братоў-шляхцюкоў, якія паддаліся паніцы, прыходзіла да прытомнасці.

Адзін з-пад Даўгінава, якога, калі б я быў партрэтыстам, і сёння б намаляваў, ляжачым на спіне з дубальтоўкай пад галавой, з аслупянелымі вачамі, упёртымі ў неба, шаптаў як у экстазе малітву боскага праабражэння, нічога не ведаючы і не разумеючы, што наўкола яго дзеецца.

Не маглі мы яго вывесці са стану здранцвення. Памятаю, што нехта, падскочыўшы да яго, даў яму пстрычку ў нос. Шляхціц нават не здрыгануўся. Мы мусілі пакінуць яго ў тым стане. Несумненна, што быў пасля забіты або ўзяты ў палон.

Кананада не сціхала. Час ад часу крык трывогі ці болю працінаў паветра.  Воклічы нашых глушыла расійская кананада, якая насоўвалася ад вёскі ўсё бліжэй і бліжэй. Наша – сцішылася даўно… Наш галоўны камандзір першым паў смерцю. Чыжык быў на іншым беразе ракі.

Дарма ўзводныя заклікалі адразу да парадку. Пасля першых неспадзяваных стрэлаў хаос пастаянна павялічваўся. Кожны, як на паляванні, дзейнічаў асобна і біў ворага, як мог і ўмеў, не думаючы цалкам аб паразе. Сын Стрыжыслава Радзевіча зваліўся паранены ў нагу. Трохі пасунуўшыся, стаў зараджаць зброю свайму бацьку, які, лежачы пры параненым, сек ворагаў доўгі час, пакуль яго з сынам не закалолі штыхамі.

Камандзір касінераў Здзіслаў Ратынскі кінуўся са сваімі на ворага як леў, сеючы часова знішчэнне ў непрыяцельскіх шэрагах. Але слабейшыя за кулі косы хутка пападалі. Здзіслава, які быў сярод забітых і параненых, атакавалі жаўнеры. Яго брат Альфрэд Ратынскі, які ляцеў на дапамогу, паў смяротна паранены куляй. Жаўнеры, падняўшы Здзіслава на штыхі, некалькі разоў падкінулі яго на вастрыях, здзекуючыся над няшчасным. Залітага крывёй і самлелага кінулі на полі як труп. Назаўтра, сярод палеглых, знайшлі яго яшчэ жывым. Абдзёрлі дагала. Акрамя агнястрэльных ран меў больш за дзесяць колатых. Узяты ў палон, нягледзячы на вялікую страту крыві, не памёр і здужаў перажыць цяжкае і доўгае выгнанне, пасля якога з падарваным здароўем вярнуўся ў краіну і асеў на Жмудзі, бо яму было забароненае жыццё ў роднай старонцы.

Параза

“Кастусь Каліноўскі”  Кастуся Харашэвіча, мастака з Маладзечна, 1996 год.


Пачатая ў неспрыяльных умовах бітва пад Уладыкамі, нягледзячы на гераізм і пакутніцтва людзей, закончылася страшнай для нас паразай.

Патрапіўшы неспадзявана пад абстрэл, наш атрад, які ўжо пасля першых стрэлаў страціў камандзіра, адразу захістаўся і разбегся ва ўсе бакі. Непрыяцель, якога прывялі з мястэчка Ільі мясцовыя сяляне адразу пасля нашага выхаду з лесу, разлічваў на большую сілу і адпор паўстанцаў, бо хаця напаў і акружыў нас знянацку, спачатку атакаваў асцярожна і, можна казаць, з пэўнай бояззю. Толькі пасля поўдня, калі нашы слабыя сілы былі раскрытыя, камандзір расійскага войска палкоўнік Гал ударыў на ўсю моц.

Раптоўная атака адкінула паўстанцаў да бурлівай рэчкі. З-за перавагі сілы вымуштраванага і дасканала ў параўнанні з намі ўзброенага войска далейшая бойка нашай раскіданай жменькі з паляўнічай зброяй ў руках была немагчымая. Яшчэ хвіліна супраціўлення, і ўвесь атрад палёг бы на полі бою.

Пад націскам апошняй атакі паўстанцы былі сапхнутыя ў раку, а за ёй глыбокая пушча працягнула да няшчасных свае цёмныя рукі.

Зашумела і зачырванела адразу вада. На полі бою засталіся толькі раненыя і забітыя.

Бегучы разам з іншымі да ракі, я ўбачыў, як Алойзы Віткоўскі, пераскокваючы плот, зачапіўся буркай. І ў той самы момант бліснула над ім вастрыё штыха, і рука нейкага кадэта замахнулася ў пагрозлівым удары.

– Дзень добры, пане Самовіч, крыкнуў весела Алойзы, адскокваючы ўбок з эластычнасцю ката, сустракаліся мы на балях у Мінску, прыгадваю. Цяпер, бачу, хочаш крывава аднавіць наша знаёмства. Ну, добра! Паразмаўляем.

І заканчваючы на бягу зараджаць дубальтоўку, павярнуўся раптам да юнкера, што ляцеў услед, і, кланяючыся з салоннай галантнасцю, крыкнуў:

– Ужо гатовы, пане кадэту!

Пакуль той намерваўся прашыць Віткоўскага штыхом, Алойзы загнаў увесь зарад у грудзі і пабег далей.

Назіраючы за гэтай сцэнай, я ўжо дабег да ракі, калі раптам апынуўся акружаным купай салдатні. Бліснулі ў вачах штыхі, накіраваныя ў мае грудзі. Здалося, што б’е апошняя мая гадзіна. Аднак, можа, дзякуючы небу мой рэвальвер не падвёў. Паклаўшы трупам вялізнага бандзюгу, адным махам пераскочыў плот і ўваліўся ў ваду.

Толькі тут з жалем заўважыў адсутнасць маёй любімай дубальтоўкі, якую згубіў у гэтай барацьбе з жаўнерамі. Хутка маю ўвагу прыцягнуў Леапольд Асвянцімскі, які рыкаў у вадзе як лось у некалькіх метрах перада мной, тым самым служачы за цэль для салдацкіх стрэлаў.

Я крыкнуў яму, каб прылёг. Вада тут была яшчэ не вельмі плыннай, таму мы маглі ляжаць пасярод рачнога трыснягу, пасоўваючыся наперад як шчупакі ў напрамку пушчы. Толькі яна магла нас уратаваць.

За намі, пастаўленая ў дзве шарэнгі, маскоўская пяхота прашыла бясконцым агнём нашых таварышаў, якія знаходзіліся пасярод ракі або плылі да супрацьлеглага берага. Нас відавочна лічылі страчанымі для іх, шкадуючы куль для тых, хто адплываў ад берага.

Пасоўваючыся да сярэдзіны ракі, заўважылі перад сабой семінарыста, які быў у нашым атрадзе. Ён плыў праз сілу, цягнучы за сабой параненага таварыша.

На нашых вачах куля дагнала апошняга. Толькі здрыгануўся і пайшоў на дно. Праз пару імгненняў зачырванела вада і вакол беднага семінарыста. Ён ускінуўся пару разоў уверх і знік у водных хвалях.

Мы ўрэшце апынуліся ў сферы абстрэлу. Град куль нас літаральна засыпаў, свішчучы ў паветры і ціўкаючы ў вадзе. Да гэтага мы перамяшчаліся па залітым вадой беразе ракі. Цяпер знаходзіліся на яе сярэдзіне.

Шырокая рака пад лёгкімі хвалямі, што блішчэлі пад сонцам, была пакрытая людскімі галовамі, пасярод якіх з’яўляліся чырвоныя плямы, муцячы серабрыстую чысціню вады. Час ад часу людская галава апускалася пад ваду і знікала ў яе глыбіні.

Тут і там узносіліся над паверхняй канвульсіўна дрыготкія рукі або выцягнутыя ў роспачы далоні, клічучы да ратунку... Свіст куль мяшаўся з людскімі стогнамі, з крыкамі болю і словамі малітвы. Бледныя вусны параненых або тых, хто тануў, клікалі на дапамогу Бога...

Хтосьці ля мяне голасна крычаў: “Пад Тваю абарону!” Мільганула чупрына і залітыя крывёй вочы, а з іншага боку раздаўся ціхі стогн і светлы юнацкі твар знік у вадзе, пакідаючы пасля сябе крывавую пляму.

Ужо каля берага заўважылі Любавіцкага, які слабеў. Скочылі мы да яго і праз пару імгненняў былі за шырокім кустом алешыны, яшчэ па калені ў вадзе, але ўжо за ракой, над якой непрыяцельскія кулі сеялі смерць сярод нашых таварышаў.

Узрушэнне было такім моцным, што ўсе пачуцці нібы скамянелі ў грудзях. Сёння, калі гэта пішу, праз 40 гадоў, від той ракі, у каторай выгінаўся кветкай наш павет, пранікае да глыбіні душы і схіляецца галава ў глыбокай смутнай задуменнасці...

За кустом маскоўскі агонь нас не дасягаў, але, каб апынуцца ў лесе, мы павінны былі перабегчы праз яго лінію. Адразу вырашылі чакаць тут ночы. Аднак страшэнны холад у прамоклым адзенні выштурхнуў нас з часовага прыстанішча. Кінуліся мы з іменем Божым да лесу і, прабіраючыся па размоклым лузе, падаючы і зрываючыся, цэлыя, не параненыя, дасягнулі нарэшце лясной гушчыні.

Пераклад з польскай – “РГ”.

Копію ўспамінаў, якія захоўваліся ў краязнаўцы з Вілейкі Яўгена ПЕТРЫКЕВІЧА, перадаў рэдакцыі старшыня Вілейскага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Дзяніс КАНЕЦКІ.

Фота globus.tut.by.

←Концерт в честь 110-летия со дня рождения Арама Хачатуряна

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика