Узноўленае мінулае

Источник материала:  
01.06.2013 — Разное

Восенню 1935 года Янка Купала ў складзе дэлегацыі савецкіх пісьменнікаў і журналістаў наведаў Славакію. Пра гэты гістарычны візіт, як яго тады называлі, мы амаль не ведалі

Кніга ад пасла

Нам вельмі дорага і значна ўсё, што датычыць Янкі Купалы. Кожная падзея, нават кожны эпізод з яго жыцця паўней і прывабней раскрывае вобраз славутага беларускага песняра. Тое, пра што хачу распавесці, таксама надзвычай цікава, канешне, яшчэ і таму, што амаль невядома шырокай грамадскасці нашай краіны.

Нядаўна мяне запрасілі ў славацкую амбасаду ў Мінску. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Славацкай Рэспублікі ў Беларусі Марыян Сэрватка зацікавіўся лёсам свайго суайчынніка Юліуса Багумела, пра якога я расказаў. У час вайны Юліус перайшоў да беларускіх партызан, каб разам змагацца з гітлераўцамі. Ён загінуў у баі на тэрыторыі Любанскага раёна, тут і пахаваны. Зараз на знакамітым востраве Зыслаў велічны мемарыял, на пліце выбіта і прозвішча мужнага славацкага патрыёта Юліуса Багумела.

Пасол Марыян Сэрватка пры нашай сустрэчы ўручыў мне кнігу і ўзрушана сказаў:

— Пра Янку Купалу. Аказваецца, у 1935 годзе ён падарожнічаў па Славакіі, але ж цяпер пра тое чамусьці забыліся. Тут усё напісана падрабязна і вельмі цікава.

Кніга так і называецца: «Янка Купала ў Славакіі». Я перачытаў яе некалькі разоў, бо і для мяне гэтая падзея з біяграфіі нашага народнага паэта стала нечаканым і хвалюючым адкрыццём. Скажам адразу шчырае дзякуй аўтару Міколу Трусу, загадчыку кафедры беларускай філалогіі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, дацэнту, за няпростыя росшукі і глыбокае даследаванне гэтай важнай для нас тэмы. У кнізе раскрываюцца невядомыя старонкі жыцця Янкі Купалы — некалькі дзён падарожжа па Славакіі ў кастрычніку 1935 года.

Беспрэцэдэнтная падзея

Вельмі пранікнёнае ўступнае слова да кнігі пасла Марыяна Сэрваткі. Ён называе той візіт гістарычным. Нягледзячы на тое, піша высокі дыпламат, што ў сучаснасці вельмі цяжка прапанаваць штосьці новае з біяграфіі літаратурных класікаў, кніга «Янка Купала ў Славакіі» можа даць новыя кірункі ў даследаванні творчасці беларускага волата. Размова ідзе пра новыя факты культурнага супрацоўніцтва, якія пацверджаны дакументальнымі матэрыяламі. Таму выданне з’яўляецца беспрэцэдэнтнай падзеяй у гісторыі беларускай літаратурнай навукі. Пасол падкрэслівае, што сёння, у XXI стагоддзі, у час, калі свет паменшыўся, калі ўсё блізка, а ў нас ёсць шмат інфармацыі, узнікае новы парадокс: мы мала ведаем адзін пра аднаго. У большасці пра малыя народы, малыя славянскія народы, якія ўнеслі вялікі ўклад у еўрапейскую і сусветную культуру.

Ну што ж, тут Марыян Сэрватка выступае не толькі як дыпламат, але і як добры знаўца літаратуры. Бо ён філолаг па адукацыі, доктар філасофіі, кандыдат навук.

Мікола Трус слушна заўважае, што ў мацерыковым абсягу тэм і праблем замежныя паездкі песняра займаюць асобае месца. Яны не заўсёды фіксуюцца ў творчасці, але гэта цікавы і недастаткова даследаваны пласт нашай дыпламатыі. Такія візіты прэзентавалі маладую Беларусь, яны замацаваны поціскамі рук класіка беларускай літаратуры і вядучых мастакоў слова іншанацыянальных літаратур. За апошнія гады падобныя тэмы, думаецца, сталі надзвычай актуальнымі для нашай незалежнай краіны.

Аўтару кнігі адкрыўся цэлы масіў новай інфармацыі ў час адной навуковай камандзіроўкі ў Браціславу, якая стала зыходным пунктам скрупулёзнай працы з фондамі бібліятэк і архіваў.

Невялічкі дзённік жыцця песняра

Янка Купала выступіў адным з ініцыятараў стварэння ў 1926 годзе таварыства культурных сувязей савецкай Беларусі з заграніцай. Таму і заканамерна, што ён быў у складзе той самай дэлегацыі, якая выязджала ў Чэхаславакію. У яе ўваходзілі асобы, якія вызначалі аблічча рускай, украінскай, беларускай літаратуры, напрыклад, Аляксей Талстой, Аляксандр Фадзееў, Ганна Караваева і іншыя.

Праграма візіту была вельмі насычанай. Акрамя Браціславы дэлегацыя наведала Святы Юр, Модру, Пешцяны, населеныя пункты ў Высокіх Татрах. Пералік знаёмых Янкі Купалы пры гэтым можа быць прадстаўлены шэрагам імёнаў адметных славацкіх пісьменнікаў таго часу: Ганы Грэгаравай, Элы Шандара, Янкі Алексы, Гейзы Вамаша і іншых.

Як жа прымала Славакія знакамітых гасцей? Дзе быў, што бачыў, з кім сустракаўся і меў гутарку наш паэт? Што пісалі пра яго мясцовыя газеты? Спынімся толькі на самым адметным.

Кожная сустрэча, імпрэза падрабязна апісвалася ў перыядычных выданнях. Славацкія журналісты, надаючы вялікае значэнне візіту, па сутнасці, склалі падрабязны дзённік жыцця беларускага песняра ў Славакіі на працягу двух тыдняў.

Урачыстая сустрэча вечарам 15 кастрычніка на вакзале ў Браціславе. «Будзьце ў нас, у Славакіі, дарагімі гасцямі», — віталі дэлегацыю гаспадары.

Ганна Караваева адзначала, што ў час гэтай паездкі Янка Купала быў вельмі засмучаны, выглядаў надта засяроджана. Такі стан паэта яна тлумачыла трывогай перад фашысцкай пагрозай, той атмасферай напружанасці і чакання, якой тады поўнілася грамадства ўсіх еўрапейскіх краін.

Што ж засмучала тады чуйную душу паэта? Сёння можна толькі здагадвацца. Ці хваляваў яго неспакой за мір? Ці вярэдзіла рана 1930 года, калі пасля допытаў паэт зрабіў спробу самагубства? Відаць, нямала было ў яго сумных высноў, калі бачыў еўрапейскае замежжа і параўноўваў з тым, што было тады на радзіме. Пэўна, што і на падушках шыкоўных гатэляў паэту сніліся «сны аб Беларусі».

Славацкія газеты, прадстаўляючы Янку Купалу як аднаго з членаў дэлегацыі, часам называлі яго ў духу славацкай гістарычнай традыцыі — беларускі будзіцель. Што ж, ёсць тут пэўны сімвал. Пагасцяваўшы ў Святым Юры і Модры, савецкія журналісты і пісьменнікі прыбылі ў Пешцяны. Мясцовая газета пісала з такой нагоды: «Дзе толькі маглі гасцей заўважыць, радасна іх віталі... Аб 11-й гадзіне ночы моладзь разбягалася па горадзе, каб сабраць для гасцей некалькі памятак ад пешцянскага пралетарыяту».

Славакі надавалі візіту дэлегацыі савецкіх пісьменнікаў і журналістаў вельмі важнае, сапраўды гістарычнае значэнне, з поўнай падставай сцвярджае аўтар.

Вельмі цікавыя згадкі

Трэба сказаць, што знаёмствы Янкі Купалы і іншых прадстаўнікоў дэлегацыі з творчай інтэлігенцыяй Славакіі пакінулі розныя сляды. Відавочны дзяржаўны характар візіту. Ды і вядомая сціпласць і некаторая замкнёнасць характару самога Я. Купалы, думаецца, адыгралі не апошнюю ролю.

Цікавым выключэннем на агульным фоне з’яўляюцца стасункі беларускага песняра з сям’ёй Шандараў: пісьменнікам Элам Шандарам, яго жонкай Вольгай і дачкой, таксама Вольгай. Гэтае знаёмства, дакладней яго рэтраспектыўнае асвятленне самімі ўдзельнікамі тых падзей, мела працяг у 1945 годзе на старонках часопіса «Браціслава — Масква», які рэдагаваў Э. Шандар. Знакава ўжо тое, падкрэслівае Мікола Трус, што менавіта ў № 1 гэтага выдання змешчаны артыкул пра Янку Купалу.

Вольга Кухтава (Шандарава-малодшая) данесла да нас цікавыя згадкі пра падзеі кастрычніка 1935 года.

Толькі некалькі ўзгаданых В. Кухтавай эпізодаў таго мінулага. Трапна яна малюе партрэт нашага песняра: «Гэта быў мужчына знешне элегантны і ў манерах з відавочнай інтэлі-гентнасцю, далікатнасцю... Выгляд у яго спакойны, але нейкі сумны. Пры сустрэчы, размове паводзіў сябе асцярожна...»

Добра запомніліся ёй абставіны знаёмства з песняром у Браціславе 15 кастрычніка 1935 г. Э. Шандар і Я. Купала абмяркоўвалі жыццё «тут і там». Вялі працяглую і зацікаўленую размову, а потым пайшлі прагуляцца. «Увесь гэты час я стаяла перад тэатрам, на плошчы Гнездаслава, чакала бацьку. І ён падышоў да мяне разам з Янкам Купалам. Тады бацька нас і пазнаёміў. Паколькі Купала быў першым беларусам, якога я ўбачыла, у мяне вырвалася фраза: «Я думала, што ўсе беларусы белавалосыя». І ў Купалы, і ў бацькі гэта выклікала смех».

У 1963 годзе В. Шандарава даслала ў музей Янкі Купалы свае ўспаміны. Вось надзвычай важны для нас урывак з іх: «Янка Купала ў час свайго знаходжання ў Браціславе праяўляў вялікі інтарэс да ўсяго навокал, цікавіўся нашым старадаўнім горадам, яго культурай і славутасцямі, але найбольш яго цікавілі людзі, іх жыццё. Дзякуючы таму, што славацкая мова даволі блізкая, ён лёгка паразумеўся з нашымі людзьмі». І радкі, прасякнутыя смуткам: «Нас вельмі засмуціла вестка пра смерць народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Так і не давялося ў жыцці больш сустрэцца з цудоўным чалавекам, сябрам нашай краіны, але спраўдзілася наша агульная мара пра вечную дружбу нашых народаў у барацьбе за мір... Гонар працы народнага паэта Янкі Купалы, дарагая мне памяць пра яго».

Пытаюся ў Міколы Труса, што ён адчуваў, калі даследаваў тыя невядомыя абставіны з жыцця Янкі Купалы.

— Улучанасць у літаратурны працэс, — адказвае. — Бо адна справа, калі ты чытач. І зусім іншая, калі трымаеш надзвычай каштоўныя дакументы ў руках і разумееш, што ўпершыню адкрываеш нешта вельмі цікавае і важнае і далей нясеш людзям. Такія моманты — самыя шчаслівыя ў жыцці даследчыка. Бо цяпер знайсці нешта новае з жыцця Янкі Купалы і Якуба Коласа вельмі складана. І чым больш аддаляюцца ў часе ад нас нашы славутыя песняры, тым больш важкія такія творчыя знаходкі.

На здымку: на набярэжнай Дуная.

←Что нужно знать, собираясь в отпуск

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика