У рытме вальса
Музычныя інструменты з Украіны, Латвіі, Літвы, Польшчы і Беларусі гучалі ў выхадныя ў гарадах Міншчыны
У дні, калі паркі і скверы набываюць ласкавую зеляніну, а птушкі заліваюцца вясновай трэллю, на Міншчыне традыцыйна праводзіцца фестываль духавой музыкі “Майскі вальс”. Пляцоўкамі для музычнага спаборніцтва ўжо станавіліся Вілейка, Маладзечна, Заслаўе, іншыя гарады Мінскай вобласці. Сёлета шанец натхніцца гукамі флейтаў, тубаў, барабанаў і іншых музычных інструментаў атрымалі жыхары і госці Клецка, Стоўбцаў і Нясвіжа.
У юбілейным XXV фестывалі духавой музыкі “Майскі вальс” прынялі ўдзел 33 духавыя аркестры — калектывы з Мінскай вобласці, аркестры з суседняй Гродзенскай вобласці, Расіі, Украіны, Польшчы, Латвіі і Літвы, а таксама харэаграфічныя і харавыя калектывы, ансамблі мажарэтак, вакальныя ансамблі і асобныя салісты. Усяго больш за тысячу музыкантаў! Толькі ўявіце сабе, якое свята падарылі яны гасцям фестывалю.
Гісторыя фестывалю пачынаецца яшчэ ў далёкім 1981 годзе, калі марш-парад духавых аркестраў з Мінскай вобласці, тады ўсяго з чатырох калектываў, упершыню прайшоў у Вілейцы. З гадамі незвычайны праект, накіраваны на патрыятычнае выхаванне моладзі, развіццё і папулярызацыю дзейнасці духавых аркестраў, ператварыўся ў паўнавартасны фестываль, набыў міжнародныя маштабы. У апошнія гады актыўны ўдзел у фестывалі прымаюць духавыя аркестры з краін СНД і Еўропы. Сёлета, да прыкладу, сваёй творчасцю беларусаў уразілі духавыя аркестры Крэмянчугскага педагагічнага вучылішча (Украіна), Латвійскага ўніверсітэта горада Рыгі (Латвія), Лбезскага Дома культуры (Польшча) і Істрынскага Дома культуры імя Алексюка Маскоўскай вобласці (Расія).
Вядома ж, не пакінулі абыякавым слухача і беларускія калектывы. Чаго толькі варты ансамбль мажарэтак Стаўбцоўскага раённага цэнтра культуры! Выступленне дзяўчат, якія маршыруюць у такт з музыкай і сінхронна рухаюць сцяжкамі, палачкамі і пампонамі, сапраўды прымушае ахнуць ад захаплення. Дарэчы, яны сталі ўладальнікамі дыплома лаўрэата I ступені сёлетняга фестывалю. Узнагароды такога ж рангу атрымалі ўзорныя духавыя аркестры Валожынскай дзіцячай музычнай школы, жодзінскай дзяржаўнай агульнаадукацыйнай школы № 5, Салігорскай дзіцячай музычнай школы, Клецкай дзіцячай школы мастацтваў, а таксама народны духавы аркестр Краснаслабадскога гарадскога Дома культуры Салігорскага раёна. Гран-пры фестывалю атрымаў народны духавы аркестр “Віціны” Стаўбцоўскага раённага цэнтра культуры — неаднаразовы пераможца рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў.