Трынаццатыя лепшыя
Спецыяльнай прэміяй ФПБ у галіне літаратуры, мастацтва, журналістыкі і аматарскай творчасці ў гэтым годзе адзначаны дзесяць чалавек і музычны калектыў
Конкурс, закліканы ацаніць уклад творчых людзей у развіццё сацыяльнага партнёрства і ўвасабленне мастацкага вобраза чалавека працы, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі праводзіць раз у два гады, пачынаючы з 1989-га. Такім чынам, цяперашняя ўзнагарода, якая знайшла сваіх герояў, стала трынаццатай па ліку.
Мы ўжо паведамілі нашым чытачам, што аднымі з пераможцаў конкурсу сталі адразу тры журналісткі “Народнай газеты” — Людміла Канапелька, Людміла Мінкевіч і Ірына Дзяргач. Нашы дзяўчаты атрымалі прэмію за цыкл матэрыялаў пад рубрыкай “Герои нашего времени” (“Наши современники”). Ну а зараз прыйшоў час назваць астатніх фіналістаў.
У намінацыі “За творы прозы, паэзіі і драматургіі” перамог аўтар кнігі “Родник у лесных берез” Зіновій Прыгодзіч.
У намінацыі “За музычныя творы, канцэртна-вакальную дзейнасць”, за высокае выканальніцкае майстэрства і стварэнне альбома і канцэртнай праграмы “Жизнь — конфета!” прэмію атрымала артыст-вакаліст Маладзёжнага тэатра эстрады Вольга Плотнікава.
За стварэнне яркіх вобразаў у музычнай камедыі У. Гаджыбекава “Аршын мал алан” у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры (2010 год) у намінацыі “За работы ў галіне тэатральнага мастацтва і кінамастацтва” прэмія прысуджана дырыжору-пастаноўшчыку Марыне Траццяковай, артыстам-вакалістам Аляксандру Асіпцу і Яўгену Ермакову.
У намінацыі “За творы жывапісу, скульптуры, графікі і прыкладнога мастацтва” ўзнагароду прысудзілі мастаку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Аляксандру Зіменку.
Дырэктар філіяла “Лідскія электрычныя сеткі” Гродзенскага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства электраэнергетыкі “Гроднаэнерга” Пётр Лабан атрымаў прэмію ў намінаціі “За актыўную работу па развіцці народнага мастацтва і аматарскай творчасці працоўных”.
Прэмія “За выдатныя дасягненні аматарскіх калектываў мастацкай творчасці” дасталася заслужанаму аматарскаму калектыву Рэспублікі Беларусь — вакальна-інструментальнаму ансамблю “Шкляры” ААТ “Шклозавод “Нёман” (горад Бярозаўка).
“Пераможцамі гэтага конкурсу ў розныя гады станавіліся такія нашы знакамітыя землякі, як Міхаіл Пташук, Анатоль Ярмоленка, Міхаіл Фінберг, Уладзімір Гасцюхін, журналісты Міхаіл Шыманскі і Аляксандр Сімураў, — паведаміў “Народнай газеце” намеснік старшыні камісіі па прэміі ФПБ у галіне літаратуры, мастацтва, журналістыкі і аматарскай творчасці Анатоль Суша. — Усяго ж за перыяд з 1989-га па 2013-ы год было прысуджана 117 прэмій”.