Што за знак меў памочнік Вілейскага старасты?

Нагрудны знак памочніка Вілейскага гарадскога старасты.
Гэтым матэрыялам пачынаем серыю “Найцікавейшыя экспанаты Вілейскага краязнаўчага музея”. Пра цікавосткі музея папрасілі расказаць старшага навуковага супрацоўніка Вольгу Коласаву:– На пачатак гэтага года ў нас знаходзілася 21 770 музейных прадметаў асноўнага фонду. Калі яны трапляюць у экспазіцыю, то становяцца экспанатамі – такіх у нас каля 400. Кожны экспанат мае назву, імя, гісторыю, легенду. Чым больш мы ведаем пра легенду гэтага прадмета – тым больш ён становіцца цікавым. Вядома, у экспазіцыю выбіраем самыя цікавыя прадметы і тыя, які адпавядаюць тэме калекцыі. Кожны экспанат, які знаходзіцца ў экспазіцыі нашага музея, можа многае расказаць пра гісторыю вілейскага краю.
Падчас правядзення экскурсій, стараешся звярнуць асаблівую ўвагу на тыя экспанаты, якія могуць выклікаць здзіўленне ці захапленне і якія маюць цікавую гісторыю. Вось адзін з такіх. Гэта нагрудны знак памочніка Вілейскага гарадскога старасты – гэта такі чалавек, якія адказваў за дарогі, парадак на тэрыторыі, крамы. На адваротным баку знака – надпіс “11 июня 1892 года”.
Экспанат з’явіўся ў музеі ў 1985 годзе. Тады ў Вілейку да дзядулі і бабулі на канікулы прыехаў вучань адной з мінскіх школ Уладзімір Галуноў. Дзеці гулялі, і ў кучы смецця Уладзімір знайшоў гэты прадмет. Ён сам прынёс знак у музей, які толькі што адчыніўся для наведнікаў.
Знак адметны шмат чым, а самае галоўнае – яго добрая захаванасць і тое, што тут прысутнічае герб нашага горада.
Алесь ВЫСОЦКІ.
Фота Алеся ВЫСОЦКАГА.