«Тэлевяршыню» пакарыў «Лёс гігантаў»
Цыкл дакументальных фільмаў «Лёс гігантаў» вытворчасці Белтэлерадыёкампаніі атрымаў Гран-пры IX Нацыянальнага конкурсу «Тэлевяршыня». Нагадаем, гэты арыгінальны праект расказвае пра лёсы буйнейшых прадпрыемстваў часоў СССР. У першым сезоне тэлегледачы ўбачылі дзесяць фільмаў, галоўнымі «героямі» якіх сталі такія вядомыя брэнды, як, напрыклад, «БелАЗ», «Беларуськалій», «Масквіч», «Ікарус», «РАФ». Экспертамі ў праекце выступалі вядучыя гісторыкі, эканамісты і палітолагі Беларусі, Расіі і Украіны, а таксама супрацоўнікі і кіраўнікі прамысловых экс-гігантаў СССР. Для аднаўлення асобных гістарычных падзей была выкарыстана 3D-графіка. Дарэчы, стваральнікі цыкла мяркуюць працяг праекта і абяцаюць гледачам «Беларусь 1» не менш цікавыя новыя сюжэты.
Урачыстая цырымонія ўзнагароджвання лаўрэатаў «Тэлевяршыні» адбылася ў Палацы Рэспублікі. У ходзе яе былі названы пераможцы ў 24 конкурсных намінацыях, якіх журы вызначыла з 72 прэтэндэнтаў на пачэсныя адзнакі (усяго на сёлетні конкурс было пададзена звыш 200 заявак).
Сярод уладальнікаў «Тэлевяршыні» лепшымі штодзённымі інфармацыйнымі праграмамі прызнаны «Нашы навіны» (ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал») і «24 гадзіны» (ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне»).
Лепшай інфармацыйна-аналітычнай перадачай названа «Сфера інтарэсаў» (Белтэлерадыёкампанія). Па рашэнні журы лепшай публіцыстычнай праграмай стала «Гонар нацыі» (ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал»). «Спяваючыя гарады» (ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне») — лепшая забаўляльная перадача.
Ганаровыя статуэткі атрымалі таксама лепшыя тэлевядучыя, рэпарцёры, рэжысёры, аператары, сцэнарысты, прадюсары, стваральнікі сацыяльнай рэкламы, тэледызайну.
Нацыянальны тэлевізійны конкурс «Тэлевяршыня» заснаваны Міністэрствам інфармацыі, Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй, ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» і ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне».
----------------------------------------
З першых вуснаў
Нацыянальны конкурс «Тэлевяршыня» стаў знакавай падзеяй у культурным жыцці Беларусі. Пра гэта заявіў міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі ў размове з журналістамі перад цырымоніяй ўзнагароджвання лаўрэатаў, паведамляе БЕЛТА. Паводле слоў міністра, калі задумваўся конкурс, ніхто і не падазраваў яго будучую папулярнасць. Сёння ж спаборніцтва прафесійнага майстэрства можна смела назваць летапісам беларускіх тэлевізійных перамог. «Менавіта на гэтым конкурсе былі ўпершыню заўважаны і ацэнены шматлікія праграмы і іх аўтары», — дадаў Алег Праляскоўскі.
Міністр адзначыў развіццё рэгіянальнага тэлебачання. Але самай галоўнай перамогай, паводле яго слоў, з’яўляецца тое, што беларускія гледачы аддаюць перавагу айчыннаму тэлебачанню.