Новыя назвы маладзечанскім вуліцам дадуць самі гараджане
Шыльды на некаторых маладзечанскіх дамах чакае чарговае абнаўленне.
Маладзечанскі райвыканкам звярнуўся да жыхароў горада з прапановай даць імёны вуліцам, завулкам і праездам горада, якія пакуль не маюць назвы.Без назвы пакуль застаюцца вуліцы, што злучаюць Вялікі Гасцінец і Лібава-Роменскую вуліцу, а таксама Міру і Хмяльніцкага. Дзесяць новых імёнаў чакаюць вуліцы і завулкі раёна індывідуальнай забудовы Фестывальны, і сем – у паўднёвай частцы горада.
Пасля таго, як да Маладзечна далучылі некалькі вуліц вёскі Рагазы, узнікла патрэба замяніць тыя назвы, якія ў горадзе ўжо ёсць. Таму Маладзечанская і Усходняя вуліцы Рагазаў таксама атрымаюць новыя назвы. Пяць вуліц і два праезды былой вёскі назваў пакуль не маюць.
– Са сваімі прапановамі могуць звяртацца не толькі прадпрыемствы і арганізацыі, але і асобныя грамадзяне, – гаворыць начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Святлана Хрусталёва. – Прапанаваную назву трэба абавязкова абгрунтаваць. Аформіць яе можна ў адвольнай форме, а пасля накіраваць у райвыканкам па пошце, факсе ці даслаць на электронны адрас.
Канчатковае рашэнне будзе прымаць камісія па перайменаванні вуліц, пасля яго зацвердзіць Маладзечанскі раённы Савет дэпутатаў.
Свае прапановы з абгрунтаваннямі накіроўвайце на адрас: Маладзечна, вул. Прытыцкага 3-а, з пазнакай “Вывучэнне думкі грамадзян”.
Альбо на электронны адрас: mol-ideologia@mail.ru ці прысылайце па факсе: 8 (0176) 77-03-41.
Краязнаўца раіць надаць вуліцам мясцовы каларыт
Мы папрасілі дапамагчы ацаніць, чые імёны варта ўшанаваць у назвах вуліц, краязнаўцу Міхася Казлоўскага.
На яго думку, варта улічваць, наколькі постаць асобы, у гонар якой называюць вуліцу, застаецца важнай пасля смерці.
Сярод названых людзей – толькі тыя, хто звязаны з Маладзечаншчынай.
Спадар Міхась прапанаваў прозвішчы наступных асоб:
Мікалая Ермаловіча, гісторыка,
Юрыя Герасіменку-Жызнеўскага, мастака,
Ядвігу Раздзялоўскую, мастачку,
Зміцера Крачкоўскага, мастака,
Пятра Бітэля, паэта,
Яўгена Вярбіцкага, біяхіміка (нарадзіўся ў мястэчку Краснае).
Вячаслава Селяха-Качанскага, опернага спевака,
Івана Насовіча, мовазнаўцы, этнографа,
Канстанціна Вераніцына, паэта, меркаванага аўтара паэмы “Тарас на Парнасе”,
Апанаса Ярушэвіча, апошняга дырэктара Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі,
Рыгора Семашкевіча, пісьменніка, літаратуразнаўцы.
Дарэчы будзе ў Маладзечне і вуліца Барыса Кіта, аднак варта ўлічваць, што вядомаму навукоўцу цяпер 103 гады, ён жыве ў Германіі.
Аляксандра ПАРАХНЯ, Зоя ХРУЦКАЯ.
Фота Ігара МАРОЗА.