Наноў народжаны
Карэспандэнты “НГ” прапануюць чытачам прагуляцца па адноўленым Купалаўскім тэатры
Ужо мінуў тыдзень, як адчыніўся пасля двухгадовай рэканструкцыі і пачаў прымаць першых гледачоў Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Білеты ў тэатр разыходзяцца як гарачыя піражкі. Нездарма яшчэ падчас рэканструкцыі будынка мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Пінігін жартаваў у інтэрв'ю “Народнай газеце”: па першым часе людзі будуць прыходзіць паглядзець не столькі спектаклі, колькі на новы тэатр. Трапіць у адноўлены храм Мельпамены, якому вярнулі гістарычнае аблічча канца ХІХ стагоддзя, жадаюць сапраўды многія. Але, вядома, зрабіць гэта ўсе адначасова не змогуць. “Народная газета” прапануе цікаўным і нецярплівым “прайсціся” калідорамі і зазірнуць у грымёркі адноўленага тэатра, не чакаючы, пакуль у касах з'явіцца лішні білецік.
Першае, што бачыць глядач, заходзячы ў тэатр, — з густам дэкараванае фае з новымі каванымі лесвіцамі, шыкоўнымі жырандолямі, “патаўсцелымі” калонамі і мэбляй, ад якой, здаецца, вее даўніной. Злева і справа ад галоўнага ўваходу — калідорчыкі і білетныя касы. Раней тут размяшчаўся гардэроб. Але цяпер гледачы распранаюцца ўнізе. На цокальным паверсе размясціліся і прыбіральні. Дарэчы, у іх ледзь не экскурсіі можна праводзіць — мала дзе ўбачыш настолькі цікавыя стылізаваныя краны ды масіўныя рамы люстэрак.
Невялікае падарожжа па лесвіцы, калідоры з “замкавымі” люстэркамі — і аматар тэатральнага мастацтва трапляе ў глядзельную залу ў новым блакітна-белым афармленні. У зале стала менш месцаў — згодна з нормамі пажарнай бяспекі прыйшлося скараціць колькасць крэслаў з пяцісот пяцідзесяці да трохсот шасцідзесяці, аднак з’явіліся дататковая прастора, камернасць і ўтульнасць. Асабліва камфортна, відаць, адчуваюць сябе тыя, хто набывае квіток у ложу. Кожная з ложаў разлічана на чатыры асобы і мае асобны ўваход.
З залы глядач трапляе ў арт-фае, дзе раней праходзілі рэпетыцыі. Зараз гэта ці не самая прыгожая частка тэатра: аўтэнтычныя арка, каміны з люстэркамі беласнежнага колеру, мяккая тэатральная мэбля, грандыёзныя жырандолі, італьянскія шпалеры з тканіны з дробнымі жывапіснымі дэталямі. Не менш цікава аформлены і буфет — яшчэ адно ўпадабанае месца гледачоў.
Утульна ў новым тэатры стала і артыстам: і падчас працы (у артыстаў з’явіліся аж тры рэпетыцыйныя залы), і падчас адпачынку. Калі раней існавала адна душавая на ўсіх артыстаў, то цяпер яна ёсць у кожнай грымёрцы. З’явіліся аж пяць ліфтаў, раней іх не было зусім. Асобны знаходзіцца звонку тэатра і разлічаны на людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Падарункам для артыстаў і гледачоў стала летняя кавярня пад навесам, якая з’явілася насупраць фантана Аляксандраўскага сквера.
Тэатр пахарашэў, памаладзеў, пабагацеў сучаснымі тэхналогіямі, якія дазваляюць артыстам ледзь не лятаць над сцэнай. Можна лічыць, што 29 сакавіка адбылося другое нараджэнне Купалаўскага. Імяніннік, дарэчы, працягвае атрымліваць віншаванні і падарункі. Да прыкладу, днямі тэатру быў перададзены партрэт знакамітай беларускай актрысы Стэфаніі Станюты, напісаны пецярбургскім мастаком Сяргеем Ткачэнкам амаль дваццаць гадоў таму ў асабістай грымёрцы актрысы. Партрэт Станюты выстаўляўся ў Маскве, Гданьску, Варшаве, Жэневе і цяпер вярнуўся на радзіму вядомай артысткі.