Лебедзі над Баркалабавам

Источник материала:  
02.04.2013 — Разное

Да Дня беларускага пісьменства манастыр, дзе ствараўся вядомы сярэдневяковы летапіс, перажывае другое нараджэнне

...Гучаць царкоўныя званы, вернікі пад гукі царкоўных спеваў з харугвамі абыходзяць сцены храма ў імя Іаана Прадцечы, якія асвячае епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім. А па небе нізка над купаламі ляціць пара лебедзяў. Зіхацяць пад сонцам іх беласнежныя крылы, пры ўзмахах ва ўнісон званам ствараючы нібы металічныя гукі. І шэсце міжволі паварочвае галовы на гэтую новую мелодыю, а потым абмяркоўвае, што добры гэта знак — у час такой урачыстасці палёт чыстых і гордых птушак, нібы анёлаў.

Блаславёнае месца

Больш дасведчаныя ў гісторыі нагадваюць са шматвяковай даўніны выпадак, калі рускія ратнікі князя Дзмітрыя Пажарскага вярталіся з вызваленчага паходу з Масквы, дзе атрымалі перамогу над войскамі Ілжэдзмітрыя. Менавіта тут, ля тагачаснага манастыра, спыніліся коні абозу, у якім знаходзілася ікона Божай Маці. І ніякія панукванні не маглі прымусіць іх рушыць далей. І тады князь звярнуўся да ігуменні са словамі: “Вазьміце ікону Прасвятой Багародзіцы, бо Маці Божая хоча тут быць”. Так святы абраз застаўся ў тутэйшым манастыры. А як ікону ўнеслі ў храм, коні пайшлі.

Дарэчы, абраз быў старадаўняга пісьма, жывапісу “строгага і высокага”. Акрамя таго, яго абрамляла пазалочаная рыза, якая аздаблялася каштоўнымі камянямі і жэмчугам, а ў адной са зробленых на рызе зорак знаходзіліся часцінкі мошчаў прападобнай Еўфрасінні Полацкай і Лонгіна Пячэрскага.

Той-сёй гэты выпадак аднясе да легендаў ды паданняў. Але людзі, якія пабывалі тут у нашы часы, ніколі не стануць аспрэчваць той факт, што месца ў Баркалабаве — намоленае, блаславёнае. І не толькі гістарычнай спадчынай. Падчас чарнобыльскай бяды радыяцыйныя аблокі не абмінулі і тутэйшае ўзбярэжжа Дняпра, на якім стаяў манастыр. Але калі ўзнікла думка адрадзіць яго, то на былой тэрыторыі паміж сівым Славуцічам і яго невялічкім прытокам — маленькай рачулкай радыяцыйныя дазіметры не паказалі нават малой дозы забруджвання. Можна гэткія абставіны палічыць выпадковым супадзеннем. Можна думаць і інакш. Хто ведае...

А цудадзейную ікону манашкі манастыра захавалі, нягледзячы на ўсе нягоды: пажары, войны і стыхіі. У сярэдзіне ХХ стагоддзя яна была перанесена ў Быхаўскую Свята-Траецкую царкву. А два з паловай гады таму заняла сваё гістарычнае месца ў адноўленым Свята-Вазнясенскім жаночым манастыры, гісторыя якога таксама цесна звязана з азначаным летапісам.

Храм і крэпасць

У 1564 годзе беларускі шляхціц ротмістр Баркулаб Корсак заклаў у гэтых мясцінах свой замак і Свята-Духаў храм, паблізу якіх утварылася і вёсачка, якая атрымала назву па імені ўладальніка замка. А ў кіламетры ад сяла, — у хуткім часе Баркалабава разраслося і стала ледзь не культурным цэнтрам наваколля, — з першай чвэрці XVII стагоддзя існаваў Вазнясенскі жаночы манастыр як моцны абарончы бастыён.

Гістарычныя ж старонкі Баркалабаўскай хронікі паведамляюць, што ў другой палове XVI стагоддзя тут кіпела рэлігійнае і свецкае жыццё. Летапіс падрабязна распавядаў аб тагачасных падзеях, жыццёвым укладзе вакольных жыхароў, прыродных з’явах і катаклізмах. Але каштоўнасць гэтых сведчанняў не толькі ў апісанні падзей. Сярод іншых гістарычных дакументаў падобнага кшталту Баркалабаўскі летапіс адрозніваецца стылем і мовай. Яна больш свецкая, чым царкоўная, а таму даходлівая і чытаецца лёгка. Аўтар ці аўтары галоўную ўвагу звяртаюць не на даты і ўчынкі феадалаў, — дарэчы, тут часта можна сутыкнуцца з блытанінай і недакладнасцю, — а на побыт сялян, іх становішча, эканамічны стан жыцця. Пры азнаямленні складваецца ўражанне, што летапісец вельмі падрабязна ведае сялянскую працу і побыт, земляробскую справу. Аб гэтым сведчыць, скажам, такі ўрывак. Характарызуючы 1594 год, аўтар хронікі піша, што ён “велми был молчалив, бурлив, студен; на збожье мерный”. У той час як 1602 год “был грозный, а остаток плачливый; что было огородных речей — капуста, ботвинье, цибуля, маки, горохи, ячмень, ярица, — то все мороз побил, чого з великим плачем были видети тых людей голодных, которые толко огороды были засеяли, а жыта не починали”.

Кожнаму часу — свой летапіс

Новыя часы нясуць і новыя павевы. Але як бы ні наступала навіна, людзей вабіць да сябе даўніна. Вось і манастыр, які зараз адбудоўваюць, наведваюць не толькі вернікі. Сюды прыязджае шмат простых людзей, каб даведацца аб мінуўшчыне, акунуцца ў атмасферу спакою. Пачуць расповеды пра жыццё-быццё продкаў, азнаёміцца з радкамі хронікі, змест якой тут добра ведаюць.

А на манастырскім двары з кожным годам узнікаюць новыя пабудовы. І царкоўнага, і бытавога прызначэння. Бытавы корпус, дзе будуць жыць манахіні, трапезная, капліца... Сродкі выдаткоўвае епархія. Аднак і працоўныя калектывы раёна не стаяць убаку, дапамагаюць будаўнікамі-спецыялістамі, проста працоўнымі рукамі. Кожнаму часу патрэбен свой летапіс. Хто ведае, магчыма, праз стагоддзі нашы нашчадкі таксама будуць чытаць Баркалабаўскую хроніку нашых часоў. Жыццё працягваецца.

Быхаўскі раён

←Что дает интеграция Беларуси и России для развития наших стран и лично для вас?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика