Вечная праўда і сіла

Источник материала:  
30.03.2013 — Разное

Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Глыбокапаважаныя святары, браты і сёстры, людзі добрай волі!

«Хрыстос уваскрос!» – «Сапраўды ўваскрос!»

1. Гэтымі словамі велікоднага закліку вітаю і віншую ўсіх вас з радасным і збаўчым святам Уваскрасення Езуса Хрыста, святам, якое з'яўляецца падмуркам нашай веры, бо калі б Хрыстос не ўваскрос, то марным было б нашае прапаведаванне і марнай была б наша вера (пар. 1 Кар. 15, 14), як заўважае святы апостал Павел. Гэта азначае, што без Уваскрасення наша вера была б падобнай да пабудаванага на пяску дома, які разбурылі б дажджы і ветры (пар. Мц. 7, 24–27). У той жа час наша вера грунтуецца на Уваскрасенні Хрыста.

2. Пацвярджэннем Уваскрасення Езуса былі як пустая труна, да якой прыйшлі апосталы Пётр і Ян і жанчыны, што прынеслі алей, так і прысутнасць сярод апосталаў уваскрослага Хрыста. Яны сустрэлі Яго ў Вячэрніку і па шляху ў Эмаўс і таксама пазналі Яго падчас супольнага пасілку каля Галілейскага возера. Святы Тамаш дакрануўся да Яго ранаў. Хрыстос аб’явіўся больш чым пяцістам людзям.

Гэта былі рэальныя сустрэчы, якія адбыліся ў рэальны час і ў рэальных месцах. Яны апісаны сведкамі, многія з якіх пацвердзілі іх праўдзівасць мучаніцкай смерцю.

3. Падзея, якая адбылася дваццаць стагоддзяў таму, працягваецца і дакранаецца да кожнага з нас у сакраменце хросту, у якім мы паміраем для граху і ўваскрасаем да жыцця ў Божай ласцы. У ім мы акунаемся ва Уваскрасенне Хрыста, які адкрывае нам доступ да новага жыцця (пар. Рым. 6. 3—4. 11—14). Без гэтага ўваходжання ў таямніцу цярпенняў, смерці і Уваскрасення Езуса мы б глядзелі на таямніцу Вялікадня, як турыст глядзіць на горад праз акно аўтобуса. Гэтым самым не дазволілі б велікоднай падзеі ахапіць усе вымярэнні нашага жыцця і ўвайсці ў яго. У той жа час дзякуючы велікоднай таямніцы мы становімся дзецьмі Божымі, і апошняе слова адносна нашага лёсу належыць не смерці, але жыццю. Уваскрасенне Хрыста змяніла прыроду чалавека і свету, у якім прысутнічае Збаўца. Мы можам Яму давяраць і ў Ім мець надзею, бо Ён не належыць да мінулага, але ёсць сучаснасцю і вядзе ў будучыню. Прыгожа аб гэтым нагадвае Святы Айцец Бенедыкт XVI, які заклікае да жыцця надзеяй, у якой мы збаўлены (пар. SS 1).

Уваскрасенне Хрыста ёсць пераход да жыцця ў новым вечным вымярэнні. У гэтым крыецца перамога Вялікадня як наша збаўленне! Таму разам са святым Аўгустынам можам казаць, што Уваскрасенне Хрыста ёсць наша надзея, бо ўводзіць нас у новую будучыню.

Такім чынам, праўда аб Уваскрасенні Хрыста адкрывае перад чалавекам новую перспектыву яго жыцця, у якое ўваходзіць подых вечнасці. Таму апошнім вымярэннем жыцця чалавека з’яўляецца не тленнасць, але вечнасць. Святы апостал Павел кажа: “Калі ж вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога” (Кал. 3, 1). Як вучні Хрыста мы павінны быць сведкамі гэтага закліку з мэтай паказваць значэнне Уваскрасення Хрыста ўсім людзям, каб свет паверыў.

4. Для гэтага святло Уваскрасення найперш павінна змяняць нас, каб мы маглі быць яго сведкамі. Наша краіна патрабуе гэтага ажыўляючага святла Езуса Хрыста, які з’яўляецца знакам нашай гісторыі і яе моцай. Наш народ заўсёды чэрпаў сілы з велікоднай праўды і да яе павінен цяпер прыбягаць, найперш у справе свайго маральнага аднаўлення.

Да свабоды веравызнання наш народ ішоў шляхамі цярпенняў і малітвы. Сёння пакрысе забываем пра тыя цяжкія часы. Але ці заўсёды будуем мы ў той жа час наша жыццё з Богам?

На самай справе ў сучасным свеце ўсё больш і больш праяўляецца практычны матэрыялізм і папулярызуецца стыль жыцця без Бога. Нярэдка чалавек становіцца як быццам прадметам, так што яго вартасць часта вымяраецца рахункам у банку, неўтаймаванай пагоняй за багаццем, здольнасцю арганізаваць бізнес, здароўем ці спраўнасцю дастаўляць прыемнасці і г. д. Да гэтага далучаецца прапаганда лібералізму, усёдазволенасці, сексу па-за шлюбам, парнаграфіі, гвалту, неабмежаванага спажывецтва і шопінгу. З вялікай хуткасцю распаўсюджваюцца алкагалізм, наркаманія і чума нашага часу — СНІД. Сям’я як галоўная клетка грамадства перажывае нябачны дагэтуль крызіс да такой ступені, што прапагандуюцца аднаполыя шлюбы з правам усынаўлення дзяцей. Самы вялікі і бясцэнны Божы дар, якім ёсць жыццё, абясцэньваецца, ім маніпулююць. Свет падзелены. Чалавек усё часцей становіцца на шлях эгаізму, усё больш клапоціцца пра сябе самога і забываецца аб любові да блізкіх.

Словам, секулярызм, што пануе ў сучасным свеце, заключаецца ў паступовым пазбаўленні спадчыны чалавека як Божага твору. Ён пазбаўляецца Бога, сям’і, сужэнства, дзяцей, свайго мінулага, адпушчэння грахоў, веры ў Божую міласэрнасць і г. д.

Сучасная культура вельмі часта падобная да культуры падлеткаў. Важна, каб толькі штосьці круцілася, гудзела, шумела і блішчэла. Чалавек, асабліва малады, імкнецца адрознівацца ад іншых і быць арыгінальным сваімі далёка не заўсёды маральнымі паводзінамі, адзеннем, прычоскай, татуіроўкай і г. д. Сучаснымі тэхналогіямі людзі стараюцца змяніць сваё цела. Яны змяняюць дыеты, асяроддзе, памяшканне і г. д. Некаторыя нават становяцца транссексуаламі. Такім чынам, сучасны свет усё больш становіцца падобным да велізарнага гіпермаркета, які запоўнены разнастайнымі касцюмамі. Перад ім натоўп людзей, якія ў іх шукаюць сваё ўласнае “я”. У гэтым пошуку, які адбываецца без стасункаў з Богам, яны бясконца пераапранаюцца ў новае адзенне, што, аднак, не дапамагае ім да канца зразумець саміх сябе. Такім чынам, пошук магчымасці стаць іншым у наш час з’яўляецца знакам адыходу ад Бога, нашага Творцы і Збаўцы, у выніку чаго чалавецтва акунаецца ў духоўную цемру, не адрозніваючы дабро ад зла.

Духоўным анамаліям сучаснасці неабходна супрацьпаставіць праўду аб годнасці і святасці чалавека як створанага паводле вобразу і па  падабенству Божаму (пар. Быц. 1, 26) і адкупленага цярпеннямі і Уваскрасеннем Хрыста (пар. 1 Пётр. 1, 19).

5. Каб гэта ўчыніць, трэба мець моцную і непахісную веру, якая выплывае з праўды Уваскрасення. Менавіта яна мае фундаментальнае значэнне ў хрысціянстве і з’яўляецца ключом да разумення хрысціянскага бачання свету. Хрысціянства — гэта не толькі і не столькі філасофская сістэма, этыка, культура ці збор маральных норм, але і сустрэча з уваскрослым Хрыстом, які з’яўляецца яго крыніцай. Уваскрасенне Хрыста — гэта праўда, у якую верым, і адначасова галоўная прычына, для якой верым (пар. http://www.vatican.va/holy_father/ benedict_xvi/audiences/2010/documents/hf_ben-xvi_aud_20100407_it.html).

У падзеі Уваскрасення знаходзіць сваё тлумачэнне драма крыжовай смерці Хрыста. Сам крыж не мог бы абгрунтаваць хрысціянскую веру. Больш за тое, ён назаўсёды застаўся б трагедыяй. Сутнасцю велікоднай таямніцы ёсць тое, што ўкрыжаваны Езус уваскрос на трэці дзень (пар. 1 Кар. 15, 4).

Вера ва Уваскрасенне Хрыста з’яўляецца сутнаснай справай нашага рэлігійнага жыцця, бо яна надае яму канчатковы кірунак. Без яе мы сталі б падобнымі да капітана карабля, які ведае, як ім кіраваць на моры, але не ведае, куды плысці. Што з таго, што карабель яму паслухмяны і ён ведае, як сябе паводзіць падчас шторму, калі не можа даплысці да порту прызначэння?

На працягу ўсёй сваёй гісторыі чалавецтва шукала эліксір вечнасці, лекі ад смерці. Але гэтыя лекі існуюць ад велікоднага паранку. Яны змяняюць нашае жыццё знутры і твораць у нас новае, якое заслугоўвае вечнасці. Яны змяняюць нас так, што смерць ужо больш не з’яўляецца канцом, але пачаткам жыцця ва ўсёй паўнаце. Навіна хрысціянства ў тым, што яно дае лекі неўміручасці. Мы іх атрымліваем у сакраменце хросту, які распачынае ў нас новае жыццё, што даспявае ў веры і не будзе знішчана смерцю (пар. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/homilies/2010/documents/hf_ben-xvi_hom_20100403_veglia-pasquale_it.html).

6. Калі жанчыны, якія неслі алей, прыйшлі да грабніцы Езуса і ўбачылі яе пустой, то з вуснаў анёла пачулі, што Хрыстос уваскрос (пар. Мц. 28, 5). Такім чынам, анёл стаў для іх першым вестуном Уваскрасення. Жанчыны, распавядаючы аб гэтым апосталам, у сваю чаргу сталі для іх вестунамі гэтай рэвалюцыйнай і неспатыканай весткі, што памерлы Хрыстос паўстаў з труны. Далей апосталы атрымалі ад Езуса наказ ісці і абвяшчаць Евангелле па ўсім свеце (пар. Мц. 28, 19). Хрыстос ім выразна сказаў: “Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас” (Ян. 20, 21). Гэта азначае, што як Езус быў вестуном любові нябеснага Айца, таксама і мы павінны быць вестунамі любові Сына. Хаця мы і застаёмся далей людзьмі, аднак праз хрост і канфірмацыю нам была даручана місія быць вестунамі ўваскрослага Хрыста (пар. http://www.vatican.va/holy _father/benedict_xvi/angelus/2010/documents/hf_ben-xvi_reg_20100405_easter-monday_it.html).

Абвяшчэнне ўваскрослага Езуса — прынцыповая справа нашай веры, якая перажывае крызіс і агонь якой неабходна распаліць нанова. Гэта галоўнае заданне Касцёла на сучасным этапе яго развіцця. Наша вера грунтуецца на пастаянным і верным абвяшчэнні Добрай Навіны. А гэта патрабуе новага місійнага запалу і поўных энтузіязму адважных сведкаў Евангелля.

Звестка аб новым жыцці ва ўваскрослым Хрысце найперш мусіць знайсці месца ў нашым асабістым жыцці. Яна павінна перамяніць нашы сэрцы і ўсё наша жыццё. Уваскрасенне мае нешта агульнае з адмаўленнем ад граху. З псіхалагічнага пункту гледжання многія лічаць за лепшае заставацца ў грабніцы сваіх грахоў, боязі і адрачэння, расчараванняў і ранаў. Яны выбіраюць грахоўную труну, бо баяцца духоўнага жыцця.

Таму сёння мы, слабыя і грэшныя людзі, звяртаемся да Цябе, уваскрослы Езус, словамі малітвы блаславёнага Яна Паўла II (17 красавіка 1999 г.):

Ойча, адчыні нашы грабніцы!
Бо без Уваскрасення будучыня
 няпэўная,
Без Уваскрасення вера
пазбаўлена падмуркаў,
Без Уваскрасення перамагло б зло,
Без Уваскрасення
толькі сучаснасць ёсць усім,
Без Уваскрасення цемра
застаецца без світанку,
Без Уваскрасення чалавецтва
не мае альтэрнатывы,
Без Уваскрасення смерць
 перамагае,
Без Уваскрасення гарызонт
 застаецца абмежаваны,
Без Уваскрасення сэнс жыцця
застаецца таямніцай
(http://duchowy.pl/2011/04/22/wielka-sobota-wielka-podziemna-rzeka/).

Таму пасланне Вялікадня заўсёды застаецца жывым і актуальным. Яно дае нам новую надзею як у зямным жыцці, так і ў вечнасці; заклікае нас яго абвяшчаць і быць яго сведкамі, а таксама ўмацоўвае нашу веру.

7. Сёлетні Вялікдзень вельмі знакавы. Гэта першы Вялікдзень, які мы святкуем з новым папам Францішкам. Менавіта яму Бог даручыў заданне кіравання Паўсюдным Касцёлам у наш поўны розных выклікаў час. Працягваючы справу блаславёнага Яна Паўла II і Бенедыкта XVI, ён пакліканы весці нас да духоўнага абуджэння і ўмацавання веры. У гаміліі падчас святой Імшы, якую новы біскуп Рыма цэлебраваў 14 сакавіка ў Сікстынскай капэле разам з Калегіяй кардыналаў у інтэнцыі Касцёла, ён падкрэсліў неабходнасць разам з Хрыстом крочыць наперад, будаваць Касцёл і вызнаваць веру. Але дзеянне без Хрыста не вядзе да добрых мэтаў. Будаванне без Хрыста нагадвае пясочныя замкі, якія рассыпаюцца, а вызнаванне чагосьці іншага, апроч Хрыста, становіцца
служэннем сатане (пар. http://be.radiovaticana.va/Articolo.asp? c=673500).

Усім вядома, што дзеянне з’яўляецца прыкметай жыцця. Таму гэтая заўвага Папы надзвычай важна. У гаміліі падчас святой Імшы інаўгурацыі Пантыфікату 19 сакавіка Папа Францішак падкрэсліў, што Хрыстос з’яўляецца цэнтрам хрысціянскага паклікання, і заклікаў не баяцца ўражлівасці на праблемы сучаснага свету з мэтай не дапусціць, каб знакі знішчэння і смерці яму спадарожнічалі (пар. http://www.vatican.va/holy_father/francesco/homilies /2013/documents/papa-francesco_20130319_omelia-inizio-pontificato_it.html).

Сёлетні Вялікдзень адзначаецца падчас Года веры, і таму мы павінны нанова адкрываць значэнне велікоднай праўды і ёю ўмацоўваць нашу веру.

У гэты год таксама адзначаецца 1700-годдзе славутага Міланскага эдыкту, які прызнаў роўныя правы хрысціянства з іншымі рэлігіямі і гэтым самым даў пачатак яго буйному развіццю, што мела сваю крыніцу ў таямніцы Уваскрасення Хрыста.

У гэтым годзе мы таксама адзначаем 1150-годдзе ўвядзення славянскага пісьменства святымі Мяфодзіем і Кірылам. Гэтая сапраўды рэвалюцыйная падзея дала магчымасць славянскім народам мець Божае слова на славянскай мове.

Сёлета мы святкуем 400-годдзе прыбыцця цудоўнага абраза Божай Маці ў Будслаў. На працягу чатырох стагоддзяў Марыя была з намі, падтрымлівала нас і вяла да свайго Сына Езуса Хрыста. Яна стаяла з намі пад крыжам ганенняў на Касцёл, каб прывесці да радасці яго Уваскрасення. Сёння, у час свабоды веравызнання і адначасова крызісу веры, мы звяртаемся да цябе, Маці Божая Будслаўская: абарані нас ад зла секулярызму і выпрасі ў свайго Сына ласку вернасці нашаму хрысціянскаму пакліканню і жыццю праўдай Яго Уваскрасення.

Мы верым, што Ён выслухае твае просьбы і ўчыніць нас удзельнікамі сваёй велікоднай перамогі, адродзіць да новага жыцця ў духу і праўдзе, умацуе веру, дасць новую надзею і ажывіць любоў!

8. Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

Яшчэ раз ад шчырага сэрца віншую вас са святам Вялікадня. Віншую сваіх адзінаверцаў і тых хрысціянаў, якія сёння адзначаюць гэтае збаўчае свята. Віншую праваслаўных. Сёлета розніца календароў вельмі вялікая (Вялікдзень у праваслаўных 5 мая), але вера ва Уваскрасенне Хрыста застаецца адной, і адказнасць за яе — супольнай. Віншую людзей добрай волі. Хрыстос збавіў усіх, і ўсе пакліканы прымаць удзел у Яго перамозе.

Ад пустой грабніцы Збаўцы з надзеяй і адвагай разам з новым Пантыфікам Францішкам пойдзем сведчыць праўду Уваскрасення, пойдзем у будучыню — нашу асабістую і нашай краіны, верачы, што яна будзе шчаслівай, бо ўваскрослы Езус з намі. А калі Бог з намі, то хто супраць нас? (пар. Рым. 8, 31).

Поўных Божай ласкі, духоўнай радасці і супакою святаў Вялікадня Хрыстовага ўсім вам!

Няхай велікодны заклік “Хрыстос уваскрос! — Сапраўды ўваскрос!” гучыць на нашай зямлі і будзіць людзей да новага жыцця ва ўваскрослым Езусе.

Давяраючы ўсіх вас апецы Божай Маці, гэтыя пажаданні ўмацоўваю бласлаўленнем у імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч,
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 19 сакавіка 2013 г.
Урачыстасць святога Юзафа
Уступленне на пасаду Папы Францішка

←5 цитат уходящей недели

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика