Ці можна стаць спараўдным ёгам у Маладзечне?
Заняткі ёгай накіраваныя на пазбаўленне ад хвароб цела і душы і выпрацоўку ўмення глядзець па-новаму на жыццё. Займацца можна самастойна, але лепш пад кіраўніцтвам дасведчанага інструктара.
Правільныя заняткі ёгай палепшаць і фізічнае, і духоўнае самаадчуванне. У гэтым ўпэўненая інструктар аднаго з фітнэс-клубаў Ала Корбут.
Сапраўднай ёгі ў нас няма
– У фітнэс-клубах не займаюцца сапраўднай ёгай, – кажа спадарыня Ала Корбут. – Можа, ёсць такія інструктары і школы ёгі, але я вучу людзей займацца фітнэс-ёгай.
У нас яна больш даступная для людзей, якія прыходзяць да мяне займацца. Справа ў тым, што не кожны можа пагадзіцца з некаторымі метадамі ёгі, тым больш некаторым яна наогул не трэба. Я маю на ўвазе медытацыю – тып практыкаванняў па трэніроўцы канцэнтрацыі ўвагі, які выкарыстоўваецца для выпрацоўкі кантролю над ходам сваіх думак і эмоцый, бо не кожны чалавек гатовы ёй займацца. І ўвогуле, ёга – гэта цэлая філасофія, лад жыцця чалавека.
Навошта чалавеку ёга
– Чалавек, які займаецца ёгай, жыве ў межах асобных правілаў. Гэта строгае харчаванне, догляд за сабой, пэўныя гадзіны для заняткаў.
А сапраўдная медытацыя – гэта сыход у сябе, сыход ад усяго. Да мяне больш прыходзяць людзі, якія хочуць атрымаць фізічныя нагрузкі, каб яны былі карыснымі, – распавядае інструктар Ала.
Што такое фітнэс-ёга
Як распавяла нам інструктар па фітнэс-ёзе, гэта ўзаемадзеянне двух напрамкаў, або сінтэз фітнэсу і ёгі. Фітнэс – агульная фізічная падрыхтоўка арганізма чалавека. Ёга – яднанне цела, розуму і душы. У кожных з гэтых напрамкаў прыбралі недахопы, каб яна была больш даступная для людзей любога ўзросту і ўзроўню падрыхтоўкі.
Ёга падыходзіць для тых людзей, якія прывыклі да больш спакойнага і размеранага ладу жыцця. Для тых, хто не любіць інтэнсіўных нагрузак.
– Я ўжо казала, што мала хто ў нашы дні схільны да медытацыі, да выканання складаных асан (поз), – кажа Ала Корбут. – Для простага чалавека гэта можа і незразумела. Такія зносіны не ўсіх прыцягваюць. Накірунак фітнэс-ёгі ўлічвае ўсе гэтыя моманты.
Чым карысная ёга
У ёгі няма вялікіх сілавых нагрузак. Інструктар імкнецца максімальна расслабіць чалавека ў той ці іншай асане. Выкананне практыкаванняў ёгі суправаджаецца канцэнтрацыяй на дыхальным рытме, правільнасці выканання асан і ўсведамленнем дзеяння кожнага практыкавання на тую ці іншую групу мышцаў.
Ёга ўмацоўвае мышцы прэса, паляпшае баланс, гнуткасць цела, паляпшае каардынацыю і зніжае стрэс.
Кожная праблемная зона цела прапрацоўваецца асобна. Гэта значыць, што калі чалавек выходзіць у “позу сабакі”, ён расслабляе спіну і расцягвае ногі.
– Пасля заняткаў у чалавека паляпшаецца настрой і павялічваецца самаацэнка, – кажа Ала Корбут.
Як праходзяць заняткі
Заняткі пачынаюцца з самых простых поз, а потым у працэсе чалавек рыхтуецца да больш складаных.
Кожная поза мае сваю назву. Напрыклад, позы дрэва, кошкі, змяі.
Вялікае значэнне надаецца тэхніцы дыхання. На занятках ёгай вучаць пастаянна і спакойна дыхаць.
Адзінае, што ўлічваецца, – гэта фізіялогія дыхання. Напрыклад, пры скручванні корпуса цела і напругі мышцаў ідзе выдых, а ўдых – пры расслабленні мышцаў. Гэта галоўнае правіла.
Вядома, з першых заняткаў гэтаму складана навучыцца, але паступова людзі вучацца спакойна дыхаць і расслабляцца.
Займацца ёгай могуць нават людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі
Заняткі ёгай бяспечныя і падыходзяць для шырокай узроставай катэгорыі.
Але перад тым, як пачаць займацца, неабходна пракансультавацца з доктарам, тым больш калі ёсць праблемы з сэрцам. Калі не моцныя нагрузкі, то можна і людзям з міжпазваночнай грыжай.
Ёгай можна займацца і дома
Займацца ёгай можна як у фітнэс-клубе, так і самастойна, дома. Напрыклад, сваім вучням Ала раіць падчас прыгатавання ежы рабіць тыя практыкаванні, якія яны прайшлі на занятках.
Ёга праходзіць пад добрую музыку
Музыка станоўча ўздзейнічае на эмоцыі чалавека. Ёга ж не патрабуе выканання асан пад музыку, але яна добра ўздзейнічае на настрой. Як кажа інструктар, яна раней аддавала вялікія грошы за дыскі.
Але музыку можна падабраць і самому. Яна павінна быць спакойная, меладычная, манатонная, як і самі заняткі ёгі.
Заняткі праходзяць на дыванках
У фітнэс-клубе ёсць дыванкі, на якіх займаюцца ёгай. А некаторыя, у мэтах гігіены, прыносяць з сабой ручнічкі. А ўвогуле для ёгі існуе шмат рознага абсталявання: і мячыкі, і дыванкі.
Апранацца на заняткі лепш у трыкатажныя касцюмы, якія цягнуцца. У іх будзе займацца нашмат зручней.
Ад ёгі мышцы не нарошчваюцца
Напрыклад, калі ў сілавых занятках мышцы нарошчваюцца, то ў ёзе нарошчванне мышачнай масы не адбываецца.
Адбываецца толькі ўмацаванне і расцяжэнне мышцаў. Фарміруецца вельмі прыгожая і моцная мышца.
А што для жанчыны галоўнае – прыгожыя і расцянутыя мышцы, а не нарошчаная мышачная маса.
Вольга ЮРКЕВІЧ.
Фота union-touristic.ru.