У Маладзечанскім раёне крадзяжоў тэарэтычна стала на трэць менш
Калі летась за апошнія два месяцы адбыўся 161 крадзеж, то сёлета за першыя два месяцы – усяго 107.
Крадзяжоў стала менш з-за таго, што павялічылася базавая велічыня, і не ва ўсіх выпадках узбуджаецца крымінальная справа.
Пераважная большасць з іх адбылася ў Маладзечне і Радашкавічах (амаль 2/3 ад усіх выпадкаў).
Крадзяжоў у буйным альбо асабліва буйным памеры сёлета ўвогуле не было. Хаця летась за два месяцы адбыліся адразу тры такія крадзяжы.
Партрэт злодзея
Калі прааналізаваць тых, каго сёлета судзілі за крадзеж, то гэта ў большасці мужчыны. Жанчын – чвэрць.
Амаль усе зладзеі беспрацоўныя. Палова кралі нецвярозымі і былі раней асуджаныя.
Як мяркуе злодзей
Чалавек, які нешта крадзе, звычайна абдумвае два галоўныя крокі: як украсці і як потым збыць накрадзенае.
Менавіта з-за таго, што злодзей часта вельмі хутка прадае тое, што ўкраў, яго складана знайсці. А калі яго ўсё ж такі знаходзяць, яшчэ складаней вярнуць рэчы, якія зніклі ў гаспадара.
Калі ж і рэчы знаходзяць, то выгляд у іх часта ўжо нашмат горшы, чым быў да крадзяжу. І гаспадар застаецца незадаволеным, хоць і злодзей знойдзены, і рэчы вернутыя.
Таму лепш самому паклапаціцца пра свае рэчы, каб яны засталіся вашымі, а не злодзея. Мы раім ставіць кватэру на сігналізацыю.
Па-першае, у гэтым выпадку міліцыя прыедзе вельмі хутка, бо сігнал паступіць адразу пасля пранікнення. Па-другое, калі ў вас стаіць сігналізацыя, але міліцыя не змагла затрымаць злодзея і не вярнула скрадзеныя рэчы, то яна сама ўсё кампенсуе.
Таму ў любым выпадку вы нічога не страціце. А ў міліцыянераў тым часам з’яўляецца стымул працаваць як мага хутчэй.
Прычыны крадзяжоў
Большасць з іх адбываецца з-за бестурботнасці людзей. Яны думаюць: “Гэта можа адбыцца з кім заўгодна, толькі не са мной”. Але гэта памылковая думка.
Я не ведаю ніводнага чалавека, які б паставіў сігналізацыю і сказаў: “Дарма паставіў, бо ніхто ў мяне нічога не крадзе!”
Трэба памятаць, што ніхто не паклапоціцца пра вашу маёмасць, акрамя вас саміх.
Яўген БЕРКУТАЎ, начальнік штаба Маладзечанскага РАУС.
Калаж Настассі РОЎДЫ.