Што такое пібімпап
Мастацтва кулінарыі як дыпламатыя
Прэм’еру новага арыгінальнага праекта рыхтуе тэлеканал «Беларусь 1». Нішто так не аб’ядноўвае людзей, як сумесная трапеза, упэўнены стваральнікі новага шоу і запрашаюць тэлегледачоў кожную нядзелю, пачынаючы з 24 сакавіка, у 11.25 разам з вядучым Максімам Таборавым здзейсніць займальнае кулінарнае падарожжа.
Як паведамляе прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі, новая праграма «Кулінарная дыпламатыя» ў адрозненне ад многіх так званых кулінарных шоу акцэнтуе ўвагу гледача не столькі на гатаванні канкрэтнай стравы, колькі на асобе запрошанага госця і асаблівасцях той краіны, якую ён прадстаўляе. Гэта абумоўлена статусам запрошаных гасцей, большасць з якіх з’яўляюцца членамі Мінскага міжнароднага жаночага клуба жонак паслоў, дыпламатаў і замежных прадстаўнікоў.
— Для мяне прыемнай нечаканасцю стала тое, што жонкі дыпламатаў любяць і ўмеюць гатаваць. Я быў упэўнены, што яны жывуць нейкім асаблівым прывілейным жыццём і гатуюць для іх у пасольствах спецыяльна навучаныя кухары. Але аказалася, што гэта звычайныя жанчыны, якія з задавальненнем займаюцца кулінарыяй, валодаюць рэцэптамі і сакрэтамі гатавання нацыянальных страў сваёй краіны, ведаюць прыхільнасці сваіх мужоў і спрабуюць ім у гэтым дагадзіць, — распавядае прадзюсар праграмы Сяргей Кацьер. — Больш за тое, рэцэпты нашых гераінь мяне ўразілі сваёй вытанчанасцю, незвычайнасцю, нацыянальным каларытам.
Першы выпуск праграмы «Кулінарная дыпламатыя» пазнаёміць тэлегледачоў з Краінай ранішняй свежасці, жыхароў якой параўноўваюць з белымі лебедзямі, а ежу лічаць адной з самых карысных у свеце, — Паўднёвай Карэяй. Гідам у гэтым вандраванні і гаспадыняй на кухні праграмы стане жонка Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Карэі. Яна навучыць тэлегледачоў гатаваць традыцыйную карэйскую страву пібімпап, якая не толькі адлюстроўвае карэйскі вобраз мыслення і культуру, але і з’яўляецца сімвалам гармоніі, непадзельнасці і адзінства гэтай краіны.
У бліжэйшых выпусках праграмы тэлегледачы даведаюцца аб тым, што падаюць да стала ў Іране — адной з самых старажытных дзяржаў на Зямлі, дзе антычнасць суседнічае з сучаснасцю, а таксама пазнаёмяцца з Арменіяй — краінай з багатай гісторыяй, чыя кухня з’яўляецца адной з найстарэйшых у Азіі і самай старажытнай у Закаўказзі.