“Я магу ганарыцца Беларуссю”. Апошняе інтэрв'ю Рамана Вайніцкага
Гэта люстэрка вісела ў адным з класаў. На перамене дзеці разбілі шкло, а каб гэтага не заўважылі, заляпілі яго размаляванымі далонькамі. Трэшчыну ўсё ж заўважалі, і Раман Вайніцкі забраў яго ў свой кабінет.
У сераду, 6 сакавіка, у Вільні жорстка забілі прэзідэнта беларускіх суполак у Літве Рамана Вайніцкага. Ён нарадзіўся ў мястэчку Вішнева Валожынскага раёна.Сваё апошняе інтэрв’ю Раман Вайніцкі даў “Рэгіянальнай газеце” ў кастрычніку 2012 года. Мы падрыхтавалі неапублікаваныя вытрымкі з размовы.
Вайніцкі быў адным з ініцыятараў і арганізатараў стварэння ў Вільні беларускамоўнай навучальнай ўстановы – гімназіі імя Францішка Скарыны. Працаваў у ёй намеснікам дырэктара. Прадстаўляў беларусаў, якія жывуць у Літве, у Сойме.
Яго забілі ў падвале ўласнага дома. Рукі былі звязаныя, а рот залеплены. Паводле папярэдніх дадзеных, на целе заўважылі сляды катаванняў. Цела знайшла жонка.
Чаму знікае беларускае
– Бывае, глядзіш заяву на паступленне. У дакументах бацькоў нацыянальнасць – беларус і беларуска, а ў дзіцяці ўжо стаіць, што яго бацькі палякі. Пытаюся, чаму так? Адказвае, ну, разумееце, палякі нас фінансуюць, даюць грошы. Людзі прадаюцца.
Чаму выступае супраць эканамічных санкцый
– На сустрэчы ў Вільні з камісарам арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе аб праблемах нацыянальных меншасцяў, што жывуць у Літве, я сказаў, што мы бачым крыўду ад Еўропы. “Зубры” беларускай апазіцыі прапаноўваюць жорсткія санкцыі супраць беларускіх мерапрыемстваў. На іх працуюць і літоўцы, і палякі, і іншыя. Калі вы створыце праблемы “Беларуськалію”, то горш зробіце найперш нам. Нельга, каб былі эканамічныя санкцыі да Беларусі. 80% клайпедскага порта працуе на перагрузку беларускай прамысловасці.
У кабінеце Рамана Вайніцкага.
Пра двудушную беларускасць
– Як можна ставіцца да людзей, якія выступаюць на трыбуне па-беларуску, а на перакуры між сабой гавораць па-руску?
Пра размову з прэзідэнтам Літвы
– На сустрэчы з прэзідэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайтэ ад імя беларускага народа я падзякаваў ёй за падтрымку: мы зразумелі, што беларусаў яна паважае. На што яна адказала: “Вы адзіны, хто аддзячыў за маю дзейнасць. Мая праца найперш накіраваная на падтрымку беларусаў, што жывуць у Літве”.
Ці даўно быў у Вішневе
– Калі не стала маёй маці, то не стаў ездзіць. А раней ездзіў ледзь не кожныя выхадныя.
Пра Беларусь
– Я магу ганарыцца Беларуссю. Мы ў гімназіі кажам: вось выйдзем на пенсію – і паедзем у Беларусь.
Мая радзіма Беларусь, а радзіма маіх дзяцей – Літва.
Жонка кажа: паехалі ў Беларусь. Але я вельмі не хачу, каб гэтая школа загінула. Не бывае людзей незамяняльных, але ад кожнага залежыць вельмі шмат.
Пра мяжу
– Такой мяжы між Беларуссю і Літвой не павінна быць. Машыны стаяць шмат гадзін. Вялікія чэргі з-за кепскай працы беларускіх мытнікаў на мяжы.
Чаго жадае дасягнуць у Літве
– Больш дасягнутага не бывае.
Уражанні ад размовы з Раманам Вайніцкім
Падчас размовы спадар Раман Вайніцкі імкнуўся патлумачыць тое, што магло быць незразумелым. Пытаўся, ці ёсць дзе спыніцца, чым можа дапамагчы.
Артыкул быў пра школу, якая якраз атрымала статус гімназіі. Ён паказаў кожны кабінет. У кабінеце Вайніцкага стаялі каробкі з камянямі. Ён вазіў іх праз мяжу, сабраўшы каля памятных мясцін – царквы Еўфрасінні Полацкай, Сафійскага сабора.
Паказвае камяні з Беларусі, размясціў іх у сваім кабінеце.
У школе спадар Раман стварыў музей. Там размясціў беларускія кнігі і прадметы сялянскага побыту. Ручнікі, прасы, гаршкі прывёз пераважна з Вішнева.
У школьным музеі.
Паказвае, як выкарыстоўвалі бёрду (прыстасаванне для ткацтва).
Даведка “РГ”. Раман Вайніцкі – прэзідэнт згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацый у Літве з 2009 года. Дарадчык прэм’ер-міністра Літвы па нацыянальных пытаннях. Нарадзіўся ў мястэчку Вішнева Валожынскага раёна 17 жніўня 1960 года. Загінуў 6 сакавіка 2013 года.
Зоя ХРУЦКАЯ.Фота аўтара.