Агульны кнігазбор
Музей гісторыі Магілёва шукае грошы на фрагмент Бібліі Скарыны.
Гэта аркуш з Кнігі Царстваў, які ўяўляе сабой біфоліум — чатыры старонкі Бібліі. Хучэй за ўсё, яны надрукаваны ў Празе ў 1518 годзе.
— Зараз у краіне ёсць толькі адзін экзэмпляр Бібліі Скарыны — канвалют з дзесяці кніжак, — расказвае Аляксей Бацюкоў, дырэктар Музея гісторыі Магілёва. — Аркуш, які мы збіраемся набыць, знаходзіцца ў асабістай калекцыі ў Еўропе і каштуе 9 тысяч долараў. Уладальнік фрагмента гатовы чакаць да красавіка—мая, пакуль мы збяром грошы.
Акрамя аркуша Бібліі Музей гісторыі Магілёва збіраецца набыць і «Апостала» Спірыдона Собаля. Кніга надрукавана ў Куцейне ў 1632 годзе. Уладальнік ацаніў яе ў 10 тысяч долараў.
— Грошы немалыя, — працягвае Аляксей Бацюкоў, — але Собаль — магіляўчанін, таму яго працы для нас, як гараджан, асабліва каштоўныя. Неяк мы ўжо хацелі купіць яго кнігу, але не атрымалася. Паспрабуем яшчэ раз.
«Апостал», як і фрагмент Бібліі, знаходзіцца ў асабістай калекцыі ў Еўропе, яго ўладальнік не абмяжоўвае магіляўчан у тэрміне збору сродкаў.
Тыя, хто хоча дапамагчы Музею гісторыі Магілёва папоўніць калекцыю гэтымі двума выданнямі, могуць пералічыць грошы на рахунак музея: № 3642014673147, г. Магілёў, вуліца Першамайская, 71, філіял 700 МАУ ААТ «АСБ Беларусбанк», МФО 153801536.
Мэта плацяжу — на развіццё музейнай справы і ахову гісторыка-культурнай спадчыны (для куплі кнігі Скарыны ці для куплі кнігі Спірыдона Собаля).