Жаночае шчасце Алены Субат: у яе з мужам нарадзіліся дзве двойні
Сям’я Субатаў: тата Павел трымае дачку Сафію і сына Захара, а маці Алена – Марыю і Іллю.
Павел і Алена Субаты чакалі першае дзіця сем гадоў. Потым у іх нарадзілася двойня. А праз год – яшчэ адна.Цяпер маладыя бацькі гадуюць чацвярых дзетак – двух хлопчыкаў і дзвюх дзяўчынак.
Старэйшых завуць Захар і Сафія. Ім год і сем месяцаў. А малодшых – Ілля і Марыя. Ім па шэсць месяцаў.
Першая двойня з’явілася, калі Алене было 30 гадоў. Цяпер ёй 32 гады, а Паўлу – 31.
Раней Алена працавала бухгалтарам у будаўнічай фірме. Павел жа – энергадыспетчар на чыгунцы. Яго працоўны графік дазваляе праводзіць час з сям’ёй і дзецьмі ды дапамагаць жонцы.
Дзеці Паўла і Алены Субатаў (злева направа): Ілля, Захар, Сафія і Марыя.
– Першая двойня была вельмі чаканай, – дзеліцца маладая маці. – Пра трэцяе дзіця таксама думалі, але другая двойня была для нас нечаканасцю.
– Ці марылі вы калі-небудзь пра двайнят?
– Некалі ў маладосці марыла, – прыгадвае Алена. – Хацелася, каб двайняты былі разнаполыя, але не думала, што так і здарыцца. У сваякоў двайнят не было.
– Чаму гэта? – здзіўляецца Павел. – У маіх сваякоў былі двайняты.
– Як сябры і блізкія аднесліся да навіны аб нараджэнні двойні?
– Усе вельмі радаваліся, што нарадзіліся менавіта хлопчык і дзяўчынка. Адзінае, за што перажывалі, каб былі здаровенькія, бо нарадзіліся на месяц раней вызначанага тэрміну. Ды і наогул казалі, што дваіх складана вынасіць.
– А вы як лічыце, складана?
– Я не ведаю, з чым параўноўваць. Аднаго і не насіла.
“Глядзіце, якую прыгажосць вязуць!”
Сям’я Субатаў жыве ў мікрараёне Усходні ў новым доме. Кватэру пачыналі будаваць яшчэ да нараджэння першай двойні. Недахоп тут адзіны – пакуль каля дома дзецям няма дзе пагуляць.
– З дзіцячай пляцоўкай увогуле складанае пытанне, – кажа Павел. – Як снег растае, дык ні прайсці, ні з каляскай праехаць. І яшчэ невядома, калі яна з’явіцца. Праўда, мы ходзім у суседні двор, дзе шмат дзяцей. А як пацяплее – паедзем у парк. Там цяпер і прыгожа, і дзецям ёсць дзе пагуляць.
– Як людзі на вуліцы рэагуюць, калі бачаць вас усіх разам?
– Па-мойму, усе ў захапленні. Зімой мы неяк на санках каталіся і пачулі: “Глядзіце, якую прыгажосць вязуць!”
Няню дабіваліся два месяцы
З няняй Галінай.
– Ці з’яўляліся ў вас фінансавыя складанасці?
– Дзяржава дапамагае, – кажа маладая маці. – Харчаванне для дзяцей бясплатнае, далі льготны крэдыт на кватэру на 40 гадоў.
– Няню нам далі, – дадае Павел. – Але дабіваліся гэтага два месяцы. Мясцовыя ўлады па законе не маглі даць, бо яе даюць тады, калі нараджаюцца трайняты. Але ў нас крыху незвычайная сітуацыя. Дык мы напісалі ліст у адміністрацыю Прэзідэнта. І ўжо тады нам далі няню Галіну.
– Чым яна дапамагае?
– Нам наогул з Галінай пашанцавала, – дзеліцца Алена. – У яе ў самой трое дзетак, і таксама ёсць двойня. Таму яна мае і досвед працы з дзецьмі, і ўяўленне, што такое двайняты. Дапамагае ўсім: і пераапрануць дзяцей, і памыць, і накарміць, і пагуляць.
– Ці складана цяпер спраўляцца з чацвярымі дзецьмі?
– Галоўнае – не ленавацца. Можна ўсё паспець. Цяпер увесь дзень аддаю дзецям. Муж дапамагае: і прыгатаваць можа, і прыбраць, калі трэба, і з дзецьмі пагуляць.
– Ці рашыцеся вы нарадзіць яшчэ адно дзіця?
– Складанае пытанне. Не ведаю, ужо ўзрост не зусім малады. Няхай дзеці падрастуць.
Дактары падтрымлівалі
У радзільні Алене пашанцавала:
– Атрымалася так, што платная палата была вольная два разы, таму я адчувала сябе камфортна. Першыя двайняты нарадзіліся крыху раней за патрэбны тэрмін, на 36-м тыдні. Толькі пачынаўся дзевяты месяц. Таму, калі зацяжарала ў другі раз, хвалявалася, каб усё прайшло добра. Вось тады дактары падтрымлівалі, казалі: “Не хвалюйцеся, вынасім!” Так і атрымалася.
– Ці шмат у вас было бяссонных начэй?
– Спачатку чатыры гадзіны сну было максімумам. Бо і карміць трэба ж было праз кожныя тры, тры з паловай гадзіны. Але мы імкнуліся прывучаць ноччу спаць. Цяпер ужо няма такіх праблем. Вечарам пакармілі, і яны спяць усю ноч да сямі раніцы.
Дзяцей цікавіць электроніка
У цэнтры дзядуля дзяцей – Іван.
– Як вы развіваеце дзяцей?
– Старэйшых дзяцей два разы на тыдзень водзім у садок, – распавядае Павел. – Там з імі выхавальнікі адну гадзіну, з 12.00 да 13.00, займаюцца і песнямі, і танцамі, і маляваннем, і лепкай.
– Ці даводзіцца ўсё з палічак хаваць, каб дзеці нікуды не ўлезлі?
– Яшчэ як! – усміхаецца Алена. – Захар цяпер наогул пачаў дацягвацца да паліц з відэльцамі і лыжкамі. Да электронікі вельмі цягнуцца. Ноўтбук ставім як мага вышэй. Тэлефон таксама цікавіць. Ціскаюць усе кнопкі і кажуць: “Ало, ало!”
– За цацкі не б’юцца?
– Б’юцца, – кажа Павел. – Калі Захару нешта трэба, ён забярэ і ўсё тут. Сафія ў нас саступае, дзяўчынка.
– Што вы лічыце галоўным у выхаванні дзяцей?
– Галоўнае, каб яны раслі ў любові, клопаце і дабрыні, – упэўненыя маладыя бацькі.
– Што б вы пажадалі жанчынам на 8 Сакавіка?
– Шчасця, здароўя, дабрабыту і сямейнага цяпла. Ну і, канешне, каб дзеці радавалі!
Настасся РОЎДА.
Фота Настассі РОЎДЫ.