Скрапбукінг або аўтарская рэч сваімі рукамі
Зроблены сваімі рукамі падарунак – лепшы спосаб выказаць сваю пяшчоту, шчырасць і любоў да блізкага чалавека.
Надыходзяць святы, і кожны з нас жадае як мага лепш павіншаваць сваіх родных і блізкіх з дапамогай прыемных падарункаў і цёплых слоў. Не абыходзіцца і без паштовак.Шмат хто купляе іх у краме, але куды больш прыемна атрымаць паштоўку, а яшчэ лепш рамку з фотаздымкам блізкага чалавека ці альбом, зробленыя сваімі рукамі.
Гэты напрамак творчасці атрымаў назву “скрапбукінг” і прыйшоў да нас з Заходняй Еўропы пасля таго, як там з’явіліся шматлікія штодзённікі і запісныя кніжкі, якія людзі маглі афармляць на свой густ.
У 18 стагоддзі ў Расіі пачалі з’яўляцца рукапісныя альбомы, якія жанчыны з вялікім захапленнем упрыгожвалі ўсім, што было пад рукой. Сёння існуюць нават курсы, на якіх усіх ахвотных вучаць гэтаму віду творчасці.
Мне давялося пагутарыць з Кацярынай Гнілазуб з Маладзечна. Кацярына вучыцца на дызайнера адзення і як творчы чалавек мае шмат захапленняў. Сярод іх – скрапбукінг, якім яна займаецца ўжо два гады.
– Кацярына, чаму вы пачалі займацца скрапбукінгам?
– Мяне заўсёды цікавілі аўтарскія рэчы, зробленыя сваімі рукамі. Чамусьці больш за ўсё мяне цягнула да работы з паперай.
Яшчэ ў школе я пачала сама рабіць паштоўкі. Зразумела, я была дылетантам, і мне вельмі хацелася больш падрабязна паглыбіцца ў гэты від творчасці.
Прайшло не менш за тры гады, як я даведалася пра курсы скрапбукінга. І цэлы год спасцігала майстэрства вырабу і афармлення фотаальбомаў, паштовак, запрашальнікаў, рамак для фота, розных арт-аб’ектаў.
– А дзе вы бераце матэрыялы? Ці шмат яны каштуюць?
– Некаторыя мы можам знайсці і ў сябе дома – гэта гузікі, тканіна, стужкі, пацеркі, пэндзлік, фарбы…
Але ўсё ж галоўны матэрыял – гэта папера. Існуе бясконцае мноства дызайнаў адмысловай каляровай і ўзорнай паперы. Адмысловая яна таму, што з цягам часу не пастарэе, не пажаўцее, не страціць свой колер.
Такім чынам, фотаальбом можа радаваць не адно пакаленне. Матэрыялы пераважна набываем праз інтэрнэт з іншых краін. Так нашмат танней і больш разнастайныя. Але ўвогуле гэта нятаннае захапленне.
– Вы робіце гэта для сябе ці на продаж?
– Я раблю паштоўку ці нешта іншае тады, калі мне гэтага хочацца. А пры шчаслівым супадзенні магу выраб прадаць. Бываюць і заказы. Часта мае сябры і родныя атрымліваюць невялікія сюрпрызы.
– Як вы лічыце, ці можна скрапбукінгам зарабіць на жыццё?
– Многія з маіх знаёмых майстроў займаюцца гэтым больш на продаж, чым для сябе, але ўсё адно скрапбукінг не можа быць сродкам асноўнага даходу.
– Хто вашы кліенты?
– Пераважна мае знаёмыя і сябры. Так, напрыклад, я зрабіла сваёй сяброўцы ў падарунак фотаальбом на вяселле, а потым яна папрасіла зрабіць альбом і яе сяброўцы.
– У чым вы бачыце перавагу самаробных паштовак перад пакупнымі?
– Такая паштоўка напоўніцу дапаможа вам перадаць свае пачуцці адрасату. І ўвогуле, гэта вельмі прыгожа.
Калі ж браць фотаальбом, то тут гаворка ідзе аб перадачы пачуццяў, эмоцый, якія выклікае канкрэтны фотаздымак. Ён дапаможа вам зберагчы атмасферу фота на доўгія гады.
Таццяна УЛАДЫКА, школа маладога журналіста.
Фота Таццяны УЛАДЫКІ.