Сярэднявечча ў жывых вобразах
У якім абутку хадзілі па віцебскіх вуліцах амаль 400 гадоў таму і якім відэльцам карысталіся за сярэднявечным сталом?
Атрымаць адказы на гэтыя пытанні можна, наведаўшы выставу “Віцебская харугва”, якую прадставіў у музеі “Духаўскі круглік” народны клуб гістарычнай рэканструкцыі “Варгенторн”.
Так, прыўкрасная Грызельда Сапега, жонка дзяржаўнага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага Яна Станіслава Сапегі фарсіла ў шыкоўным строі з аксаміту, дапоўненым каралямі з натуральнага жэмчугу. А яе сучасніца, віцебская мяшчанка, насіла дыхтоўныя скураныя чаравічкі на невысокім і зручным абцасе. Мужчыны, нават ваяры, аказваецца, таксама сачылі за модай. Напрыклад, панцырны шляхціц, які некалі праліваў кроў за віцебскі замак, зверху кальчугі насіў скуру ўпаляванага ім жа ваўка. А сярэднявечны відэлец меў усяго два зубцы, але ж на іх можна было ўчапіць цэлую качку...
Гэтыя і іншыя ўнікальныя экспанаты рэканструктары з віцебскага клуба “Варгенторн” аднаўлялі літаральна па “гістарычных” драбніцах, якія захаваліся ў розных кнігах, архіўных дакументах, музейных рарытэтах або адлюстраваныя ў прадметах мастацтва. Так, касцюм Грызельды Сапегі зроблены па яе партрэце, які напісаў з прыгажуні невядомы мастак у XVII стагоддзі.
Але галоўнай каштоўнасцю экспазіцыі кіраўнік клуба “Варгенторн” Сяргей Бабенка называе рэканструкцыю вялікай харугвы аднаго з віцебскіх палкоў апалчэння, які абараняў горад падчас руска-польскай вайны 1654 года. Яна ўяўляла сабой прамавугольнае палотнішча памерам 2 х 2,5 метра з шасцю палосамі бірузовага і жоўтага колераў, якія чаргуюцца. Сцяг не захаваўся — падчас захопу віцебскага замка стаў трафеем маскоўскага войска. Рэканструявалі харугву паводле “Отписка витебского воеводы В. П. Шереметьева, с приложением росписи знамен, взятых им в Витебске. 1654”.
|
Акрамя таго віцяблянам дапамагалі супрацоўнікі шведскіх музеяў і ўкраінскія рэканструктары. “У выніку атрымалася да-кладная копія харугвы, аналагаў ёй у Беларусі няма, — кажа Сяргей Бабенка. — Над шаўковай тканінай па тэхналогіі XVII ста-годдзя працавалі ўзбекскія ткачы. Фарбавалі мы яе ўжо сама-стойна: як гэта рабіць, прачыталі ў спецыяльнай літаратуры. Фарбавальнікі ў сярэднявеччы былі натуральнымі. Напрыклад, для жоўтага колеру мы выкарыстоўвалі гранат. На рэканструкцыю харугвы спатрэбілася больш за год. Але праца яшчэ не скончылася: зараз трэба даведацца, які малюнак быў на сцягу. Верагодна, што герб Віцебска, які быў яму падораны разам з магдэбургскім правам”.
Гэта ўжо трэцяя выстава, якую праводзіць клуб “Варгенторн” у родным горадзе. На яе адкрыцці не было вольнага месца: людзі стаялі на некалькіх паверхах лесвіцы музея “Духаўскі круглік” і чакалі сваёй чаргі, каб падысці да экспанатаў. Праекты клуба заўсёды прыцягваюць вялікую колькасць наведвальнікаў і выклікаюць у іх непадробную цікавасць.
Народнаму клубу гістарычнай рэканструкцыі “Варгенторн” ужо амаль дзесяць гадоў. Яго члены займаюцца аднаўленнем матэрыяльнай культуры насельніцтва Днепра-Дзвінскага рэгіёна ў перыяд Сярэднявечча, а таксама эксперыментальнай археалогіяй і старажытнымі рамёствамі. Пры клубе дзейнічае адзіная ў Віцебску афіцыйная школа ірландскага танца. Узрост членаў клуба — ад 17 да 40 гадоў. Гэта людзі розных прафесій, з рознай адукацыяй, але ўсіх іх аб’ядноўвае любоў да гісторыі роднага краю. Усе прадметы побыту, адзенне, абутак, зброю, даспехі яны вырабляюць уручную, без прымянення сучасных тэхналогій. Затым “ажыўшае Сярэднявечча” становіцца рэкві-зітам на паказальных выступленнях, рыцарскіх турнірах, фестывалях у Беларусі, Расіі, Украіне, Латвіі, Польшчы, Германіі, у якіх віцебскія рэканструктары пастаянна ўдзельнічаюць і адкуль заўсёды прывозяць узнагароды.
Фота аўтара