У ЗАГСе цяпер можна і разводзіцца

Источник материала:  
15.01.2013 — Разное

Цяпер у ЗАГСах можна не толькі браць шлюб, але і разводзіцца. Ужо тры пары падалі заявы на развод у аддзел ЗАГС Маладзечанскага райвыканкама.

Па стане на сераду, 9 студзеня, у аддзел ЗАГС Мядзельскага райвыканкама пададзеная адна заява аб скасаванні шлюбу, яшчэ два чалавекі бралі кансультацыі па гэтым пытанні. У Вілейскім ЗАГСе таксама пададзеная адна заява. І зноў жа людзі тэлефануюць, распытваюць пра магчымасць скасаваць шлюб у ЗАГСе.

Прычыну можна не тлумачыць

Адпаведныя змяненні ў Кодэксе аб шлюбе і сям’і ўступілі ў законную сілу ад першага студзеня. Цяпер менавіта ў ЗАГСах можна скасоўваць шлюбы па ўзаемнай згодзе мужа і жонкі, калі яны не маюць непаўнагадовых дзяцей і маёмасных прэтэнзій адно да аднаго.

Каб развесціся, муж і жонка павінны прыйсці ўдваіх і падаць заяву. Праз месяц мусяць зноў жа разам прыйсці на саму працэдуру скасоўвання шлюбу. Аплаціць падатак памерам чатыры базавыя велічыні (цяпер гэта 400 тысяч рублёў). Пасля гэтага складаецца акт грамадзянскага стану. Выпісваецца пасведчанне аб скасаванні шлюбу і ставіцца адпаведны штамп у пашпарт.

Калі муж ці жонка не могуць прысутнічаць на падачы заявы аб скасаванні шлюбу, то яны павінны перадаць натарыяльна завераную сваю заяву.

Заявы падаюць па месцы прапіскі мужа ці жонкі.

– Мы не павінны высвятляць прычыну, з-за якой муж і жонка хочуць разысціся, – распавяла Ніна Бажко. – Адпаведнага пункта няма і ў заяве на скасаванне шлюбу. Бывае, што падчас размовы з намі прычына высвятляецца. Звычайна разводзіцца прыходзяць, калі муж і жонка ў спрэчцы. На падачу заявы павінны прыходзіць разам, але было такое, што чалавек прыйшоў адзін і сказаў, што наогул не хоча бачыць сваю жонку. Параілі яму натарыяльна заверыць заяву.

Замежныя грамадзяне таксама могуць скасоўваць шлюб у беларускіх ЗАГСах, калі маюць пасведчанне на права жыхарства. Калі адзін з іх грамадзянін Беларусі, а другі не мае пасведчання на права жыхарства, то могуць развесціся ў ЗАГСе.

А калі абодва не маюць пасведчання на права жыхарства, то разводзяцца ў сваіх дыпламатычных прадстаўніцтвах.

У ЗАГСе лепш, чым у судзе

Як адзначае загадчыца маладзечанскага аддзела ЗАГС Ніна Бажко, людзям прасцей прыйсці у ЗАГС, таму што суд некаторых пужае.

Па ацэнцы Ніны Бажко, каля 30% разводаў цяпер будуць праходзіць праз ЗАГС. Пры гэтым найчасцей разводзяцца маладыя пары, якія пражылі разам ад года да пяці. Здараліся нават выпадкі, калі збіраліся разводзіцца маладыя, якія ажаніліся тыдзень таму.

Узрост маладых набліжаецца да 30

Летась на Маладзечаншчыне скасавалі каля 500 шлюбаў, а зарэгістравалі каля 1200, разводы складаюць 42% ад колькасці шлюбаў.

Узрост маладых набліжаецца да еўрапейскай тэндэнцыі – каля 30% пар, якія ўпершыню бяруць шлюб, маюць 27-30 гадоў.

Аднак ёсць і зусім маладыя людзі, якія становяцца мужам і жонкай да 18 гадоў. Такіх шлюбаў летась было 13.

Самаму сталаму жаніху было 78 год, а нявесце – 75.

Некаторыя ўжо раней разведзеныя пары даюць адно аднаму шанец. Такіх пар, якія ажаніліся другі раз, – 21.

Наогул другі раз узялі шлюб каля 260 мужчын і 240 жанчын.

58 шлюбаў зарэгістравалі з замежнымі грамадзянамі, сярод якіх грамадзяне Лівана, Швейцарыі, Арабскіх Эміратаў.

Нараджальнасць дамінуе ўжо не толькі ў Чысці

Апошнія 10 год на Маладзечаншчыне нараджальнасць перавышала смяротнасць толькі ў Чысцінскім сельсавеце. А летась у Радашкавіцкім сельсавеце нарадзіліся на два чалавекі больш, чым памерлі, і ў Маладзечне – на 15. Чысць застаецца ў лідарах – нараджальнасць тут большая на 28 чалавек.

Летась зарэгістравана 1648 нараджэнняў і 1952 смерці. Як і звычайна, нарадзілася больш хлопчыкаў – 850, а дзяўчынак 790.

Самыя папулярныя імёны: Дар’я, Ксенія, Валерыя, Анастасія, Арцём, Мацвей, Аляксандр, Мікіта.

Самыя рэдкія: Кіра, Васіліса, Касандра, Асоль, Алмаза, Эміль-Тадэвуш, Елізар, Амадэй, Назар.

Зоя ХРУЦКАЯ,
Алесь ВЫСОЦКІ.

Фота polezniisait.ru

←Своевременный ответ

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика