Масква, Кіеў і Беласток – па тры дзівосы з кожнага горада (+што выгадна купляць)

Источник материала:  
07.01.2013 — Разное

У маскоўскіх заторах можна прастаяць некалькі гадзін.

Трое карэспандэнтак “РГ” адначасова былі ў трох гарадах суседніх з намі краін. Кожная расказала пра тры рэчы, якія найбольш здзівілі.

Кіеў


Двайныя пакецікі для каштанаў

Галоўная васьміпалосная вуліца горада Хрышчацік на выхадныя становіцца пешаходнай.

На тратуары размяшчаюцца гандляры, якія прапануюць бліны, сувеніры і нават смажаныя каштаны. Каштаны прадаюць ў двайных пакеціках – з адной паловы дастаеш каштан, а шалупінне абіраеш і кідаеш у другую. Не тое каб каштаны былі вельмі смачнай ежай. А вось ідэя з двайнымі пакецікамі была б вельмі дарэчы вытворцам сланечнікавых семачак.

Адзін паравозік на восем палос руху

Адзіны транспарт, які на выхадных працуе на Хрышчаціку, гэта “правозік”, яго возіць трактар.  Тут і з першым снегам не перастаюць працаваць атракцыёны.

Прычым яны не проста стаяць, а ўвесь час ездзяць, нават калі няма пасажыраў. Тады дзеці абавязкова захочуць пракаціцца!

Атракцыён у метро

Кіеўскае метро абавязкова здзівіць таго, хто ўпершыню наведаў горад. Калі спускаешся па эскалатары з вакзала ці з Хрышчаціка, то не бачыш канца – настолькі ён вялікі, што здаецца своеасаблівым атракцыёнам.

Да таго ж цягнікі пакатаюць не толькі пад зямлёй, але і пакажуць краявіды старажытнага горада.

У саміх вагонах метро заўсёды нешта прадаюць і спяваюць песні, як у нашых электрычках.

Беласток


Вар’ят у тэатры

Спектакль, на які я патрапіла, – дыпломная праца студэнткі тэатральнай акадэміі. І хоць пастаўлены ён па ўрыўку польскага класічнага твора “Кордыян”, выкананы ў сучаснай інтэрпрэтацыі.

Мяне ўразіла, што некалькі акцёраў ігралі то карлікаў, то звычайных людзей. Выглядала гэта вельмі эфектна. Асабліва, калі трэба было выклікаць непрыязнае адчуванне.

Апошні акорд спектакля пакарыў мяне канчаткова. Галоўны герой па сцэнарыю вар’яцее. Ён спаўзае са сцэны і пачынае пералазіць праз крэслы ўсёй залы, на якіх сядзяць ашаломленыя гледачы. Паверце, эмоцыі незабыўныя.

“Кохана моя”

Я заблудзіла ў начным Беластоку і таму прыйшлося прасіць дапамогі ва ўсіх, каго я сустракала.

Можа, мне проста пашчасціла, але ўсе, да каго я звярталася, дапамагалі мне, як сваёй сяброўцы ці дачцэ. І самае дзіўнае, што яны, калі тлумачылі мне, як куды дабрацца, ледзь не ў адзін голас з усмешкай паўтаралі: “О, кохана моя…”.

Значыць гэта тое самае, што і ў нас. Але ж незнаёмыя людзі да мяне так яшчэ ніколі не звярталіся.

Хадзячая рэклама

Крамаў у Польшчы больш, таму і рэклама пасур’ёзней.

Калі я шпацыравала па цэнтральнай вуліцы Беластока, мне было вельмі цікава назіраць за групай Дзядоў Марозаў. Яны ішлі насустрач разам з плакатамі і лістоўкамі.

У аднаго з іх нават быў мікрафон, у які Дзед Мароз гучна распісваў усе перавагі нейкай крамы.

Масква


Нацыянальная разнастайнасць

Падлічыць колькасць нацыянальнасцяў, прадстаўнікі якіх сустракаюцца на вуліцах Масквы, – задача невырашальная. Прычым падзел нацыянальнасцяў па сацыяльным статусе відавочны. У кавярнях афіцыянтамі будуць людзі са славянскай знешнасцю, а прыбіральшчыкамі – з азіяцкай.

Падчас затораў на шырокіх маскоўскіх вуліцах да кіроўцаў падыходзяць людзі азіяцкай знешнасці і прапануюць набыць мабільныя тэлефоны ці “незамярзайку”.

А на слупах можна пабачыць аб’явы кшталту: “Шукаем афіцыянта. Патрабаванні – грамадзянін Расіі або Беларусі”.

Савецкая архітэктура

Масква ўражвае будынкамі на цэнтральных вуліцах. Масіўныя фасады, тоўстыя сцены і абавязковыя калоны – усё гэта нагадвае пра савецкае мінулае горада.

Будынак знакамітага МХАТа (Маскоўскі мастацкі акадэмічны тэатр) уражвае сваёй змрочнасцю і агрэсіўнасцю. Чорны колер, грувасткі дах і вузкія вокны-шчылінкі.

Чамусьці падалося, што будынак лепш бы падышоў для крэматорыя, чым для тэатра.

Тое, што горад быў заснаваны ў 17 стагоддзі, добра відаць у архітэктуры. Напрыклад, пабачыць гатычны стыль у архітэктуры Масквы немагчыма.

Стаўленне да бяспекі

Кожны ўваход кожнага маскоўскага вакзала сустракае металашукальнікамі і нарадамі паліцыі. Масква не раз станавілася цэнтрам тэрарыстычных выбухаў, таму бяспека выходзіць на першы план.

Праверка дакументаў  на вуліцы – таксама звыклая справа. Дасведчаныя знаёмыя параілі не выкідаць білет да Масквы, а зваротны насіць з сабой. Пры праверцы дакументаў гэта дапаможа даказаць, што ты не з’яўляешся нелегальным мігрантам без рэгістрацыі.

За чым можна прыехаць у Маскву, Кіеў і Беласток:

– У Маскве кошты на прадукты паўсядзённага ўжытку прыкладна такія, як у Беларусі. Напрыклад, кубачак кавы ў звычайнай кавярні абыдзецца ў 80 расійскіх рублёў (каля 20 тысяч беларускіх), талерка супу – каля 70 расійскіх.

Тэхніка каштуе танней: за мабільны тэлефон у Маскве можна аддаць у два-тры разы менш, чым за адпаведны тэлефон у Беларусі. Наадварот дзейнічае гэтая схема ў дачыненні да беларускіх вырабаў: за знакамітую “Мілавіцу” масквічы выкладваюць у 2-3 разы больш грошай, чым беларусы.

– Кіеўскія цэны ненашмат адрозніваюцца ад беларускіх. Да таго ж вельмі зручна лічыць – па цяперашнім курсе грыўня прыкладна роўная тысячы рублёў. Для гасцінцаў часцей набываюць спіртное, алей, цукеркі і, вядома ж, знакаміты кіеўскі торт.

– Беласток ідэальна падыходзіць для таго, каб прыехаць ды змяніць гардэроб. Польскія скідкі часам проста ўражваюць. Добрыя рэчы ў два ці тры разы танней – цалкам нармальна. Напрыклад, на дэмісезоннае футра, якое я цяпер купіла, была скідка 350 тысяч рублёў (больш, чым палова). Тое самае і з абуткам. Яшчэ тут можна выгадна набыць добрай кавы ці гарбаты.

Зоя ХРУЦКАЯ,
Настасся РОЎДА,
Аляксандра ПАРАХНЯ.

Фота ЗоіХРУЦКАЙ, photodm.ru, travel.by.

←Медицине и туризму в Беларуси тяжело быть вместе

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика