Зніклыя скарбы напалеона. Таямніца возера вула (1812-2012)
Сучасны выгляд возера Вула.
Нягледзячы на два стагоддзі, што аддзяляюць нас ад падзей вайны 1812 года, па-ранейшаму шмат аматараў напалеонаўскай эпохі апантана працягваюць шукаць скарбы Напалеона і спрачацца пра магчымыя месцы іх знаходжання.Шляхі адступлення вялікага войска Напалеона добра вядомыя, што звужае раён пошуку. Увагу даследчыкаў у першую чаргу прыцягвалі шматлікія азёры, ставы, рэкі, дзе французы маглі хутка і надзейна прыхаваць свае скарбы ўвосені 1812 года. Аднак сур’ёзных вынікаў такія пошукі не прынеслі, і месца асноўнага скарбу Напалеона невядома і цяпер.
Возера Вула
Напалеон і асноўныя часці войска напрыканцы лістапада 1812 года праходзілі па Вілейскім павеце праз Стайкі, Ілью, Латыгаль і Селішча (у апошнім населеным пункце ў 2005 годзе было знойдзенае буйнейшае пахаванне французскіх жаўнераў, што стала яшчэ адным сведчаннем трагедыі французскай арміі на дарогах Вілейшчыны). А рэшткі войска праклалі шлях па поўначы Вілейшчыны ў бок Смаргоні праз Даўгінава і Ардзяю. Магчыма, з гэтымі менш прыкметнымі часцямі рухаліся і “скарбы Напалеона”.
Найбольш каштоўнымі матэрыяламі для пошуку магчымых месцаў скарбу з’яўляюцца сведчанні сучаснікаў і падрабязныя гістарычныя карты тых мясцовасцяў. За апошняе стагоддзе адбыліся моцныя змены ў ландшафце краю, некаторыя ранейшыя аб’екты зніклі з зямлі і, адпаведна, з карт і старонак даведнікаў. Такі лёс напаткаў некалі даволі вялікае возера Вула, якое знаходзілася каля вёскі Цынцавічы Вілейскага раёна. Пасля меліярацыйных работ канца 1950-х возера амаль знікла і ператварылася проста ў забалочаную мясцовасць, якая рэдка пазначаецца на сучасных геаграфічных картах. Але ў пачатку 19 стагоддзя возера мела значныя памеры (прыблізна 2 км на 0,5 км), і жыхары мясцовых вёсак актыўна выкарыстоўвалі яго для лоўлі рыбы.
Сховішча скарбу Напалеона
Па сведчаннях старажылаў, у 1812 годзе вялікі французскі атрад быў прыціснуты да берага возера Вула і быў вымушаны прыняць сур’ёзны бой. Каб вырвацца з магчымага акружэння, французы здолелі зрабіць з дрэў і хмызу за кароткі час грэблю па топкім беразе возера. Яны прарваліся ў накірунку Ардзяі і прадоўжылі адступленне па левым беразе ракі Вілля на Захад. Сёння гэта месца завецца наносы. Каб выратавацца ў такіх умовах, французам трэба было пазбавіцца ад асноўнай часткі абозу, амуніцыі, гармат. Мясцовыя жыхары, якія неўзабаве пасля бою прыйшлі да возера, пабачылі шмат кінутай зброі, вазоў, рэчаў, разнастайнага рыштунку, але найбольш іх уразіла палонка на лёдзе вялікіх памераў. Яна знаходзілася прыблізна ў дзесяці метрах ад берага і мела памеры чатыры на чатыры метры, да яе цягнуліся шматлікія адбіткі колаў вазоў, якія знікалі на яе краі.
Мясцовыя жыхары адразу зразумелі, што возера стала сховішчам каштоўнай часткі абозу французаў. Таму, калі наступіла лета, яны пачалі спрабаваць знайсці на дне возера тыя рэчы. Самыя рызыкоўныя дзецюкі спрабавалі нырнуць на дно возера, але з-за вельмі глеістага дна і мутнай вады нічога не было бачна, і прыходзілася арыентавацца навобмацак. Вынікі такіх пошукаў былі ўсё адно хвалюючыя: на дне з глею вытыркаліся абрысы вазоў, скрыняў, колаў і г.д.
Мясцовыя старажылы згадваюць, што вяскоўцы ў 1920-1930 гадах арандавалі возера і там лавілі рыбу на продаж. Чуткі пра скарб на яго дне падмацоўвалі рыбакі, да якіх у нерат траплялі старадаўнія, часам каштоўныя рэчы.
Маштабныя працы па ачыстцы возера
Дзіўную і незразумелую для большасці зацікаўленасць да былога возера Вула праявіў у 1970-я гады старшыня саўгаса “Любань”, Герой Сацыялістычнай Працы, дэпутат Вярхоўнага Савета СССР Яўген Мірановіч. Ён прыняў рашэнне пабудаваць дом адпачынку для перадавікоў гаспадаркі на топкіх берагах былога возера і для гэтага арганізаваў маштабныя працы, якія прадугледжвалі яго аднаўленне. З гэтай мэтай быў усталяваны адмысловы земснарад, які выбіраў сапрапель і тым самым асушаў вялізную плошчу, даючы ўрэшце магчымасць дабрацца да даўнейшага дна возера.
Назваць берагі колішняга возера Вула прыдатным месцам для рэкрыяцыйнай зоны не выпадала, але ён зацята працягваў працу, карыстаючыся сваім становішчам і аўтарытэтам. Можна ўявіць, што без сур’ёзных падстаў Яўген Мірановіч, які быў вядомы як вельмі добры кіраўнік і гаспадар, не стаў бы марнаваць вялікія сродкі і час на такую бесперспектыўную справу. Магчыма, ён меў нейкія пераканаўчыя доказы. На жаль, Яўген Мірановіч памёр у 1980 годзе, а яго справа не знайшла падтрымкі і працягу ў канцы савецкай эпохі. На гэтым месцы і сёння можна пабачыць следы дзейнасці руплівага старшыні саўгаса (засталіся бетонныя палі, дамба, вузкакалейная чыгунка, па якой рухаліся ваганеткі).
Бетонная пляцоўка для тэхнікі.
Артэфакты вайны 1812 года
Мясцовыя краязнаўцы дагэтуль рэгулярна знаходзяць артэфакты вайны 1812 года ў наваколлі возера Вула (запалы ад гармат, ядры, рэшткі стрэльбаў, амуніцыю, музычныя інструменты, спражкі, элементы конскай збруі, колы ад карэт, шматлікія гузікі). Знаходкі гузікаў для нас маюць асаблівае значэнне, бо дазваляюць даведацца пра нумары палкоў, якія праходзілі і адступалі праз гэту мясцовасць (1, 2, 3, 8-га егерскіх палкоў, 2, 3, 12, 14, 46, 84, 95, 106-га пяхотных лінейных палкоў, 1-га сапёрнага палка, гвардыі, артылерыі і г.д.). Натуральна, што па адзінкавых знаходках нельга рабіць трывалыя высновы, тым больш, што стан вялікага войска ў той момант характарызаваўся суцэльнай перамяшанасцю часцей. Яшчэ адным цікавым сведчаннем таго часу сталі гісторыі навакольных вёсак, якія ў 1812 годзе былі спаленыя і аднавіліся ўжо на новых месцах. Гэта пацвярджаюць знаходкі манет, якія датуюцца часам да вайны 1812 года і ваенным годам, папялішчы, бітая цэгла. У любым выпадку, французскае войска пакінула там шэраг сведчанняў свайго адступлення. Мясцовы краязнавец Валянцін Ількевіч, які, дарэчы, з задавальненнем падзяліўся інфармацыяй пра археалагічныя знаходкі, упэўнены, што менавіта тут схаваны славуты скарб Напалеона.
Адметна, што Вула вартая ўвагі не толькі ў сувязі з падзеямі вайны 1812 года. На берагах возера з часоў першабытнага грамадства жылі людзі, якія пакінулі пасля сябе шэраг цікавых слядоў. Ужо некалькі пакаленняў беларускіх археолагаў вывучаюць гэты помнік.
Для археолагаў возера Вула вядома як месца старажытнай стаянкі людзей, якія там заснавалі паселішча на палях. Да гэтага часу высокі бераг вадаёма, дзе яно некалі знаходзілася, завецца княжава. Яшчэ ў першае дзесяцігоддзе пасля Вялікай Айчыннай вайны былі знойдзеныя сляды палевых пабудоў, якія даследаваў М.І. Аляксюк. Ён нават даставіў частку завостранай палі ў сектар археалогіі АН БССР. Пазней К.М. Палікарповіч прадоўжыў даследаванне возера Вула, спрэс зацягнутага багнай. Ён апісаў доўгі пясчаны мыс шырынёй у 30 крокаў на паўночным захадзе ад вадаёма, які злучаў возера з ускрайкам палетка. Пры яго вывучэнні К.М. Палікарповіч знайшоў апрацаваныя крамянёвыя прылады працы і фрагменты керамікі, што сведчыць пра слушнасць звестак пра палевае паселішча.
Летам 2010–2011 гадоў вывучэнне помніка было прадоўжана археалагічнай экспедыцыяй на чале з Міхасём і Максімам Чарняўскімі. Так, у 2010 годзе пры дапамозе групы літоўскіх археолагаў была праведзеная падводная выведка, якая з-за вялікай забалочанасці была фактычна безвыніковай. Паверхневая выведка ў 2011 годзе яшчэ раз пацвердзіла існаванне на возеры Вула паселішча чалавека часоў неаліту. Але ніякіх артэфактаў, паводле сведчанняў Максіма Чарняўскага, звязаных з 1812 годам, не было знойдзена.
Адзначым, што такое дзіўнае суседства і наслаенне спадчыны дзвюх эпох прыводзіць да пэўнай блытаніты і скептычнага стаўленя часткі грамадскасці да перспектыў пошуку напалеонаўскіх скарбаў на возеры Вула. Але якраз такое спалучэнне робіць гэта месца адным з вельмі прыцягальных куткоў Вілейшчыны ў краязнаўчым і гісторыка-культурным кантэкстах.
Валянцін ІЛЬКЕВІЧ, Анатоль СЦЕБУРАКА,
кандыдат гістарычных навук.
Фота забяспечана Анатолям СЦЕБУРАКАМ.